Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы не дазволіў гаварыць і пісаць «па-свойму» ў паветах


Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда наклаў вета на абноўлены закон «Аб нацыянальных і этнічных меншасьцях і рэгіянальнай мове», які пашыраў магчымасьць выкарыстаньня моваў нацыянальных меншасьцяў на павятовыя органы дзяржаўнай адміністрацыі.

Як паведамляе афіцыйная старонка прэзыдэнцкай канцылярыі, вета прэзыдэнта было выкліканае ягоным сумневам адносна правільнасьці разьліку фінансавых наступстваў выкарыстаньня моваў нацыянальных меншасьцяў у органах дзяржаўнай адміністрацыі ў паветах і гмінах. У прыватнасьці, прэзыдэнт палічыў, што сума 10 тысяч злотых (3 тысячы даляраў) на год для адной павятовай або гміннай управы, якая згадвалася дэпутатамі падчас абмеркаваньня закону, замалая, каб прафінансаваць выдаткі, зьвязаныя зь цяперашнімі зьменамі ў законе аб нацыянальных меншасьцях.

Закон «Аб нацыянальных і этнічных меншасьцях і рэгіянальнай мове» быў упершыню прыняты польскім парлямэнтам 6 студзеня 2005 году. Ён дазваляе нацыянальным і этнічным меншасьцям у Польшчы ў тых гмінах (базавых адзінках тэрытарыяльнага падзелу), дзе меншасьці складаюць ня менш за 20 адсоткаў насельніцтва, карыстацца сваёй мовай як «дапаможнай» у кантактах з гміннай адміністрацыяй (вусна і пісьмова) Такія гміны спачатку павінны быць унесеныя ў адмысловы дзяржаўны рэгістар. Закон таксама дазваляе ў такіх гмінах усталёўваць дзьвюхмоўныя дарожныя табліцы і паказальнікі.

Цяперашнія зьмены да закону аб нацменшасьцях пашырылі магчымасьць выкарыстаньня моваў нацменшасьцяў на павятовыя органы адміністрацыі. (У Польшчы тры ўзроўні адміністрацыйнага падзелу: гміна — павет — ваяводзтва).

У выпадку беларускай нацыянальнай меншасьці на Падляшшы «мову беларускай нацыянальнай меншасьці» як дапаможную ўвялі гмінныя органы самакіраваньня ў Орлі, Чыжах і Гайнаўцы (як вясковая, так і гарадзкая гмінныя ўправы). У гэтых гмінах беларусы карыстаюцца на штодзень падляскімі гаворкамі (бязь дзеканьня, цеканьня і аканьня/яканьня), якія выразна адрозьніваюцца ад гаворак беларускай літаратурнай мовы, а таму ў фармальных пастановах знайшлася абачлівая фармулёўка «мова беларускай нацыянальнай меншасьці», а не «беларуская мова». Беларуская мова як дапаможная была ўведзеная ў гміне Нараўка, дзе людзі карыстаюцца беларускімі гаворкамі зь дзеканьнем і цеканьнем. Дзьвюхмоўныя дарожныя знакі былі ўсталяваныя толькі ў гміне Орля.

Закон аб нацменшасьцях зь цяперашнімі зьменамі, на якія наклаў вэта Анджэй Дуда, у выпадку беларусаў мог бы даваць права на карыстаньне мовай нацменшасьці ў адміністрацыі Гайнаўскага павету і, магчыма, Бельскага. Трэба аднак выразна сказаць, што была б гэта ўсяго сымбалічная магчымасьць, бо ў Гайнаўскім і Бельскім паветах, дзе пражывае асноўная маса беларусаў у Польшчы, людзі на штодзень карыстаюцца падляскімі гаворкамі, а не гаворкамі беларускай літаратурнай мовы. Паколькі падляскія гаворкі ня маюць прызнанай (у тым ліку і дзяржавай) пісьмовай формы, яны ня могуць быць выкарыстаныя ў якасьці дапаможнай мовы ў адміністрацыі. А як паказала некалькігадовая практыка ў гмінах Орля, Чыжы і Гайнаўка — беларуская літаратурная мова там у адміністрацыі не ўжываецца, нягледзячы на фармальныя пастановы.

Прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў у Польшчы ўспрынялі вета прэзыдэнта Анджэя Дуды як прадвесьце новага, менш прыхільнага стаўленьня дзяржавы да іх. Яны зьвяртаюць увагу, што Анджэй Дуда быў прэзыдэнцкім кандыдатам Права і справядлівасьці — партыі, якая пасьля выбараў 25 кастрычніка будзе самастойна кіраваць краінай — а дэпутаты гэтай партыі галасавалі супраць зьменаў у законе аб нацыянальных меншасьцяў, якія пашыралі права нацменшасьцяў на карыстаньне сваёй мовай у Польшчы.

Рышард Гальля, новаабраны дэпутат ад нямецкай меншасьці ў Польшчы, сказаў, што магчымасьць выкарыстаньня дапаможнай мовы датычыць насамрэч чатырох паветаў у краіне: двух з кашубскай этнічнай меншасьцю, аднаго зь беларускай нацыянальнай меншасьцю і аднаго зь літоўскай.

«Прытым, калі б мы сёньня спыталі ў гмінах, якія ўваходзяць у рэгістар гмінаў з выкарыстаньнем мовы меншасьці ў якасьці дапаможнай мовы, мы даведаліся б, што на гэта выдаткоўваюцца сапраўды сымбалічныя сумы, калі яны наогул выдаткоўваюцца» — дадаў Гальля.

«Здарылася дрэнная рэч» — так прэзыдэнцкае вета пракамэнтаваў адзін зь лідэраў літоўскай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы Альгірдас Вайцякаўскас.

«Гэта даволі дрэнны пасыл для нацыянальных меншасьцяў, якія баяцца, што ім будзе цяжэй функцыянаваць у новай палітычнай рэчаіснасьці» — заявіў Мірон Сыч, адзін зь лідэраў украінскай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы, які быў старшынёй камісіі па нацыянальных меншасьцях у папярэднім скліканьні Сэйму.

Каб пераадолець прэзыдэнцкае вета ў Сэйме, патрэбная большасьць 3/5 галасоў. Паколькі ў новаабраным Сэйме большасьць мае партыя Права і справядлівасьць (235 мандатаў), якая выступала супраць абноўленага закону аб нацыянальных меншасьцях, адмяніць гэтае вета — нерэальна.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG