Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская авіябаза ў Беларусі: кліент пакуль не сасьпеў


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Мяркуючы па ўсім, галоўнае пытаньне парадку дня ў дачыненьнях Беларусі і Расеі — тэма расейскай вайсковай авіябазы на беларускай тэрыторыі.

На саміце СНД у Казахстане 16 кастрычніка адбылася кароткая сустрэча Лукашэнкі з Пуціным, на якой беларускі лідэр прапанаваў вызначыцца і канчаткова прыняць рашэньні па тых пытаньнях, па якіх яны насьпелі — або на пасяджэньні Вышэйшага дзяржсавету, або падчас ягонага візыту ў Маскву.

Ці то на той сочынскай сустрэчы не ўдалося дамовіцца, ці то за месяц у двухбаковых адносінах зьявіліся новыя праблемы.

Цікава, што 18 верасьня Лукашэнка і Пуцін сустракаліся ў Сочы. І вось высьвятляецца, што насьпела адразу некалькі пытаньняў, якія тэрмінова трэба вырашаць аж на пасяджэньні Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы. Ці то на той сочынскай сустрэчы не ўдалося дамовіцца, ці то за месяц у двухбаковых адносінах зьявіліся новыя праблемы.

Аднак замест візыту Лукашэнкі ў расейскай сталіцы адбыліся сумесныя калегіі міністэрстваў абароны і МЗС дзьвюх краін. Дарэчы, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі расейская «Независимая газета» паведамляла, што, паводле яе інфармацыі, на чарговай сумеснай калегіі абаронных ведамстваў дзьвюх краін будзе падпісана пагадненьне аб авіяцыйнай базе РФ у Беларусі.

Аднак па выніках візыту ў Маскву міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў 22 кастрычніка, што «разьмяшчаць на беларускай тэрыторыі расейскую авіябазу пакуль няма сэнсу». Ён практычна паўтарыў тыя тэзісы і аргумэнты, якія выказаў Лукашэнка на выбарчым участку 11 кастрычніка.

А Ўладзімер Макей пасьля сумеснай калегіі МЗС дзьвюх краін пайшоў далей. «Авіябаза выкліча раздражненьне на адрас Менску і Масквы», — заявіў ён у інтэрвію газэце «Коммерсант». Аргумэнт вельмі адметны. То бок міністар замежных спраў Беларусі кажа расейцам, што зьяўленьне тут авіябазы выкліча незадаволенасьць Захаду.

Тое, што для Расеі плюс, для Беларусі якраз мінус. Гэта значыць, саюзьнікі па-рознаму бачаць свае нацыянальныя інтарэсы ў рэгіёне.

Такі аргумэнт выкліча якраз раздражненьне Масквы. Бо, паводле замераў расейскага вайскова-палітычнага кіраўніцтва, авіябаза якраз і павінна стаць стрэмкай для НАТО, Захаду, Эўропы. То бок атрымоўваецца: тое, што для Расеі плюс, для Беларусі якраз мінус. Гэта значыць, саюзьнікі па-рознаму бачаць свае нацыянальныя інтарэсы ў рэгіёне.

Невыпадкова міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў па выніках сумеснай калегіі адзначыў на прэсавай канфэрэнцыі, што непаразуменьні ў двухбаковых адносінах «зьяўляюцца дзякуючы нашым „добразычліўцам“ звонку». То бок, у перакладзе з дыпляматычнай на звычайную мову, заходнія ворагі зьбілі з панталыку бліжэйшых саюзьнікаў.

Цікава яшчэ, што той жа Лаўроў заявіў: тэму разьмяшчэньня расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі на калегіі МЗС не абмяркоўвалі, гэта кампэтэнцыя міністэрстваў абароны. Амаль тое ж самае сказаў прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Пяскоў пасьля сустрэчы двух прэзыдэнтаў у Казахстане. Дык калі ж яна абмяркоўваецца? Такая настойлівая адмова ад абмеркаваньня гэтай галоўнай на сёньняшні дзень праблемы выклікае зьдзіўленьне. Можна меркаваць, што, хутчэй, усё якраз наадварот.

А ў астатнім — «всё хорошо, прекрасная маркиза». Макей запэўніў, што Беларусь усяляк падтрымлівае расейскую апэрацыю ў Сырыі. І ўвогуле падпісана праграма ўзгодненых замежнапалітычных дзеяньняў.

Можна меркаваць, што Масква цяпер падвесіць пытаньне і паспрабуе ўзяць саюзьніка на змор.

Што далей? Можна меркаваць, што Масква цяпер падвесіць пытаньне і паспрабуе ўзяць саюзьніка на змор. Лукашэнка ірвецца ў Маскву, хоча хутчэй правесьці пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы, бо разьлічвае атрымаць крэдыт ад Эўразійскага фонду стабільнасьці і разьвіцьця. А Крэмль будзе цягнуць час, чакаць, калі эканамічныя цяжкасьці прымусяць Менск ісьці на саступкі, калі кліент сасьпее. Так умацоўваецца славянскае братэрства.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG