Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я не зусім згаджуся, што кіраўнік дзяржавы не разумее сапраўднага значэньня Нобэлеўскай прэміі. Мне здаецца, тут справа хутчэй у міжвольнай рэўнасьці, чымсьці падсьвядомым.

Кожны, хто робіць нешта станоўчае, у душы можа разьлічваць на ўзнагароду, хаця б на адпаведную адзнаку, на публічны розгалас, прызнаньне. Гэта відавочна. Больш за тое: кожнаму знаёма.

Магло і з Лукашэнкам так здарыцца. Я маю на ўвазе спынены наступ расейскай збройнай групоўкі ў глыб украінскай тэрыторыі. Узгадайце як было: у Менску перамовы, а расейцы пруць наперад, усёй сваёй агнявой сілай, а Пуцін пад’юджвае Парашэнку. Пруць, каб украінскага галаву змусіць да непрымальных для Ўкраіны саступак. Але таксама факт ёсьць факт, што ў Менску было затарможанае пашырэньне абсягаў вайны.

Ясна, Беларусь не была бокам у перамовах. Але Лукашэнка прапанаваў, запрасіў, сустрэў, усё арганізаваў. Гэта неаспрэчна. Ну й мог чалавек разьлічваць, што міжнародная супольнасьць ацэніць высілкі адпаведна. Як ні круці, гібрыдны агонь у Данбасе распальваўся не на жарты, магло дайсьці да вялікай вайны паміж Украінай і расейскай арміяй як бакамі. (Пуцін з Шайгу працягвалі б трымацца сваёй бяскрыўднай легенды нават калі б палкі і брыгады вярталіся назад у трунах, што Расея як дзяржава ні пры чым).

Хто-хто, а Нобэлеўскі камітэт мог бы ацаніць, што ў Менску была спыненая буйнамаштабная вайна ў Эўропе. Не ацаніў. Канечне, перш нехта салідны павінен быў вылучыць Лукашэнку. Ня «Белая Русь», канечне. А, напрыклад, хтосьці з самой Украіны. Найлепш было б. Аднак для Ўкраіны спыненая вайна зусім не азначала закончаную. Колькі яшчэ было тэрарыстычнымі групоўкамі «ДНР» і «ЛНР» выпушчана па ўкраінскай зямлі ракет і снарадаў! Колькі яшчэ крыві пралілося!

Так што вылучаць на Нобэлеўскую прэмію ў такім разе трэба было камусьці іншаму, нэўтральнаму. Дапусьцім, у суседніх Польшчы або Літве. Але тут шанцы былі б нікчэмныя, трэба прызнаць. Тым больш, нібы справа была зробленая добрая, але зробленая не да канца. Вось каб Лукашэнка пераканаў Пуціна сапраўды вывесьці войскі з чужой тэрыторыі, вось тады посьпех быў бы сапраўдны. Тады Ўкраіна аднавіла б свой кантроль над мяжой з Расеяй, што запісана ў менскіх пагадненьнях, але запісана, на жаль, так, каб РФ не загадала «ЛНР» і «ДНР» гэта выканаць.

Пуцін яшчэ пастараўся змазаць значэньне менскіх пагадненьняў пераносам увагі міжнароднай супольнасьці са сваіх дзеяньняў ва Ўкраіне на расейскую вайсковую апэрацыю ў Сірыі. Так што шанец з вылучэньнем на прэмію ня быў выкарыстаны праз розныя прычыны, хаця ён, можна дапусьціць, існаваў.

Трэба разумець беларускую сытуацыю: у краіне ёсьць гаспадар, а калі вылучаюць на прэмію міру, то раптам або Бяляцкага, або Шушкевіча. Ён пасадзіў Бяляцкага, а яго зноў вылучаюць! Як жа так! Альбо ўзяць Шушкевіча. Антысаветчык Валэнса яго вылучае, а потым яшчэ розныя іншыя былыя прэзыдэнты падтрымалі. Ну, дзякаваць госпаду богу, не далі. А то несалідна было б.

І тут раптам, ня кіем дык палкаю, даюць Нобэлеўскую прэмію за кніжкі… Ну як тут не разгубіцца? Што ўрэшце важней, людзі: кніжка пра вайну, ці спыненая вайна?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG