Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарка, пікет, могілкі: Як адзначаюць Дзяды прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта Беларусі


Шэсьце ў Курапаты на Дзяды, архіўнае фота 2014 году
Шэсьце ў Курапаты на Дзяды, архіўнае фота 2014 году

У апошнія выходныя кастрычніка беларусы адзначаюць Дзяды — народны абрад памінаньня продкаў-нябожчыкаў. Пачынаючы з 30 кастрычніка 1988 году, Дзяды набылі грамадзкую значнасьць — штогод адбываецца шэсьце на Курапаты ў памяць пра ахвяраў камуністычнае ўлады.

У гэтым годзе яно пройдзе 1 лістапада. Арганізатарам акцыі выступае Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ.

На 29 кастрычніка каля будынкаў Камітэту дзяржбясьпекі і Міністэрства ўнутраных спраў у Менску заплянаваны пікет. Паводле арганізатара, былога палітычнага зьняволенага Міколы Статкевіча, сэнс яго ў тым, каб са сьвечкамі ў руках стварыць ланцуг памяці ахвяраў сталінізму і нагадаць нашчадкам іхніх катаў пра адказнасьць за тыя злачынствы.

Радыё Свабода пацікавілася ў кіраўнікоў палітычных сілаў і нядаўніх прэтэндэнтаў у прэзыдэнты, якім чынам яны адзначаюць Дзяды і як ставяцца да палітычных акцыяў, прымеркаваных да гэтай даты.

«Абавязкова чарку падыму»

Сяргей Гайдукевіч
Сяргей Гайдукевіч

Экс-кандыдат у прэзыдэнты, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч адзначае Дзяды з блізкімі людзьмі — наведвае могілкі і ўзгадвае продкаў за сьвяточным сталом:

«Для мяне гэта сьвята, як і для маіх сяброў. Адзначаем яго зь дзяцінства. Гэта беларускае сьвята. Напэўна, вельмі мала людзей, якія ня ведаюць і не адзначаюць яго. А як адзначаць? Узгадаем, што трэба ўзгадаць. Абавязкова чарку падымем. Наша партыя ў 2001–2002 гадах ладзіла акцыі ў Курапатах. Цяпер такога няма, але мы вельмі добра ставімся да Дзядоў. Гэта наша роднае. Нельга забываць гісторыю Беларусі — гэта здрада радзіме. Сувэрэнітэт нельга губляць, а гісторыя — гэта адна са складовых частак сувэрэнітэту. Той, хто ня любіць і не разумее беларускую гісторыю, ня можа казаць, што ён за сувэрэнітэт краіны. Ёсьць праблема, што дзейная ўлада не аддае дастаткова ўвагі Курапатам і некаторым гістарычным падзеям. Ці трэба на гэта неяк уплываць? Я лічу, што сілай гэта не памяняць. Проста трэба разумець, што большасьць беларусаў усё ведае і разумее».

«Далучуся да пікету каля КДБ, бо сам хадзіў па дворыках, дзе забівалі слынных беларусаў»

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька Дзяды адзначае традыцыйна для беларускага апазыцыянэра — удзельнічае ў жалобным шэсьці. Сёлета мае намер далучыцца да пікету каля будынку КДБ:

«Калі гаварыць пра канец кастрычніка, то сёлета самая прыярытэтная падзея для мяне — удзел у пікеце каля будынку КДБ 29 кастрычніка, там будзе праходзіць акцыя ў памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Лічу гэта важнай прэлюдыяй перад Дзядамі, бо я сам быў зьняволеным у „амэрыканцы“, хадзіў па тых дворыках, і ў мяне калі-нікалі ўзьнікалі думкі пра тое, што, можа, акурат на гэтым месцы і былі забітыя слынныя беларусы ў канцы 30-х гадоў. Што тычыцца Дзядоў, то калі я ў Менску, то далучаюся да традыцыйнага шэсьця ў Курапаты і лічу, што чым больш масавым яно будзе, тым лепш для ўсіх нас, тым гучней загучыць гэтая тэма. Альтэрнатывай можа быць паездка на малую радзіму і наведваньне магілаў маіх родных і блізкіх».

«Ня трэба мяшаць Дзяды з палітыкай»

Мікалай Улаховіч
Мікалай Улаховіч

Экс-кандыдат у прэзыдэнты, вярхоўны атаман Беларусі Мікалай Улаховіч лічыць, што Дзяды ня маюць нічога агульнага з палітыкай, таму асуджае тых, хто выкарыстоўвае гэтую беларускую традыцыю для распаўсюду палітычных лёзунгаў:

«Усе маюць продкаў, якія ўжо памерлі. Таму, вядома, пойдзем на могілкі, будзем прыбіраць там. Гэта ня сьвята, гэта дэманстрацыя павагі да продкаў і памяці пра іх. Я не лічу правільным тое, што некаторыя палітычныя сілы выкарыстоўваюць Дзяды для сваіх палітычных мэтаў. Вось Чарнобыльскі шлях — так, тут ёсьць палітыка. Тым больш што налета будзе 30 год з моманту катастрофы. Трэба рыхтаваць Чарнобыльскі шлях, зьмяняць яго фармат, далучаць дзяржаўных чыноўнікаў. А ў Дзядах я палітыкі ня бачу. Гэта рэлігійная падзея, навошта там палітыка?»

«Я б адкрыў усе архівы НКВД і КГБ»

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

Былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Цярэшчанка сказаў, што не адзначае Дзяды — у ягонай сям’і ўшанаваньне памерлых адбываецца вясной, на Радуніцу. Але палітык лічыць, што жалобныя шэсьці, якія ладзяць апазыцыянэры, вельмі дапамагаюць зьвярнуць увагу грамадзтва на схаваныя старонкі беларускай гісторыі:

«Мая сям’я ўшаноўвае памерлых на Радуніцу. Дзяды не адзначаем. Да шэсьця ў Курапаты, якое ладзяць палітыкі, я стаўлюся цалкам станоўча. Гэта ня лішняе. Але пра тое, што адбылося ў канцы 30-х гадоў, трэба казаць ня толькі на Радуніцу і Дзяды. Трэба пастаянна нагадваць пра тое, што ў нас хаваецца інфармацыя пра бязьвінна забітых сілавымі структурамі ў даваенны час і ў пасьляваенныя часы. Я б ужо даўно адкрыў гэтыя архівы, асабліва сталінскага часу, каб людзі ведалі гісторыю. Дзяды — гэта ўспаміны, гэта гісторыя, якую трэба ведаць, каб трагічныя моманты не паўтарыліся. Але сёньня краінай кіруюць людзі, якім не цікавая гісторыя Беларусі і нявыгадна, каб яе ведалі грамадзяне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG