Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А ў Польшчы ўсё па-польску


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

У панядзелак увечары сяджу ў «Макдональдсе» ў Беластоку насупраць аўтавакзалу.

Яго гмах з двух бакоў займаюць велізарныя рэклямныя шчыты двух кандыдатаў у парлямэнт ад партыі «Закон і справядлівасьць» (PiS), якая толькі што перамагла на выбарах. На суседнім будынку такі ж аграмадны плякат самой партыі. Усе, хто апошні месяц мінаў гэтае жвавае месца, быў пад міжвольным візуальным уражаньнем ад гэтай выбарчай рэклямы. Што ж, у Падляскім ваяводзтве «PiS» набраў нават больш галасоў, чым у сярэднім па краіне. Не зважаючы, што ўрадавыя чыноўнікі на чале з самой Эвай Копач, прэм’ерам, якія прадстаўлялі кіроўную партыю «Грамадзянская плятформа» (PO), за апошні час ня раз наведаліся на Беласточчыну.

Страціў усякі сэнс недачытаны нумар асноўнага штотыднёвіка «Polityka», набыты мною ў суботу, напярэдадні галасаваньня тут жа, на вакзале ў Беластоку. Нумар выключна крытычны адносна «Закону і справядлівасьці»: на вокладцы павялічаны партрэт кіраўніка партыі Яраслава Качынскага. На чале чорныя літары: «Адзінае пытаньне гэтых выбараў», пад вачыма працяг — «Ці хочаш ты, каб Яраслаў Качынскі пераняў паўнату ўлады ў Польшчы?» Ніжэй на шчаках, чырвоным, два квадрацікі для птушачкі са словамі «так» або «не». Атрымалася, што выбаршчыкі сказалі «так». Хаця ўсё даволі адносна ў гэтым сьвеце. Калі «PiS» набраў амаль сорак адсоткаў галасоў, а на выбарчыя ўчасткі прыйшло крыху больш за палову выбаршчыкаў, гэта мае азначаць, што ў Польшчы за «Закон і справядлівасьць» толькі дваццаць адсоткаў. Альбо толькі кожны пяты выбаршчык. Але вынік такі, які ёсьць — аглушальная перамога. Паколькі мільёны на выбары не пайшлі зусім, а іншыя расклалі свае галасы паміж апанэнтамі «PiS».

У Беластоку ў суботу на стаянцы – пара легкавікоў з цяпер ужо непатрэбнымі выбарчымі прычэпамі. Падумалася: уявіць, што ў нас па горадзе разьяжджаюць машыны, у якіх ззаду вялікія плякаты, напрыклад, кандыдата ад БНФ — нерэальна. Адразу будуць спынены, затрыманы. Адразу пратаколы. Адразу суд.

У Варшаве ў суботу вялікі, пад вайсковы або паліцэйскі, джып у людным месцы — насупраць пальмы, пад помнікам дэ Голю. Па правым борце надпіс вялікімі літарамі «KUKIZ» — прозьвішча вядомага музыкі, які нечакана пайшоў у палітыку і дастаткова пасьпяхова ўдзельнічаў у выбарах. Ягоныя плякаты простыя: партрэт з немудрагелістым надпісам: «Polsko, potrafisz!» Карацей: Польшча, ты патрапіш. Што? Прагаласаваць за рух Паўла Кукіза, напэўна (набраў у выніку дзевяць адсоткаў!). Міжволі думаеш: гэта ўсё роўна, што, напрыклад, Лявон Вольскі стварыў бы выбарчы хаўрус на выбарах у палату. Нерэальна!

На прадмесьцях сталіцы з боку беластоцкай шашы мноства рэклямных шчытоў кандыдатаў ад «PiS» і ледзь не праз кожныя сто мэтраў партрэт прэм’ер-міністра Эвы Копач зь безэмацыйным надпісам: «Моцная эканоміка — высокія заробкі». Маўляў, словы павінны казаць самі за сябе. Сапраўды, кіроўнай «Грамадзянскай плятформе» ўдалося стварыць досыць стабільную сытуацыю ў гаспадарцы. Беспрацоўе даволі невялікае. Але праблемаў хапае, мала іх ніколі не бывае. Папярэдні прэм’ер Дональд Туск (паплечнік Копач па партыі) любіў паўтараць: людзі, сытуацыя ў Польшчы, узровень жыцьця, ніколі не былі такімі добрымі, як дагэтуль, ня трэба абвастраць!

Аднак палітычная сытуацыя ў дэмакратычным грамадзтве ня можа быць застыглай, апазыцыйны «PiS» вылучае прывабныя эканамічныя лёзунгі, прыцягвае сымпатыі. У нядзелю адразу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў рэпартаж «Пра пераможцаў і пераможаных» са штабоў на Radio Zet, зроблены супольна з рэпарцёрамі тэлеканалу Polsat. У штабе «Закону і справядлівасьці» пануе эўфарыя, выступ Яраслава Качынскага перарываюць воплескамі, віншавальнымі выгукамі. Мне міжволі было зайздросна. Усё ж мы жывем у Эўропе, жывем у ХХІ стагодзьдзі, але палітычна адарваныя ад яе, Эўропы, і свайго часу. Нічога падобнага ў нас быць ня можа, жывога палітычнага жыцьця. Ня важна, на баку якой партыі твае сымпатыі.

У панядзелак слухаю экспэртаў у студыі Tok-FM, створанай «Gazeta Wyborcza». Знаёмыя прозьвішчы — сэнатар Марэк Бароўскі ды іншыя, пазьней будзе Яцэк Жакоўскі з журналісцкага цэху, якога некалі я любіў слухаць у тэлеперадачах польскай «Культуры». Яны падсумоўваюць: лягер праціўнікаў «PiS», калі скласьці, атрымаў разам галасоў таксама ледзь ня столькі ж. «PO» — каля дваццаці трох адсоткаў, выбарчы камітэт Рышарда Петру, яшчэ больш праэўрапейскі, сем, ды іншыя. Прапановы, абяцаньні «PiS» нельга проста называць папулісцкімі, яны сацыяльна прывабныя. Іншая рэч, што прагнозы трымаюцца на выніках, дасягнутых у эканоміцы на сёньняшні дзень, на разьліку атрымаць яшчэ большыя грошы на сацыяльныя мэты. Аднак ніхто ня можа гарантаваць, што рост у эканоміцы захаваецца на тым жа ўзроўні.

Яшчэ ўрок жывога палітычнага жыцьця ў краіне. Кіроўнай партыі вельмі нашкодзілі скандалы, зьвязаныя зь яе значнымі прадстаўнікамі. Гэта праўда. Праўда таксама, што (калі глядзець збоку) іх вельмі разьдзімалі, невымерна ўзьнімаючы іх значэньне. Праўда таксама, што гучныя скандалы таксама здарыліся адначасова і ў «Законе і справядлівасьці». Але ўрок у тым, што кіроўнай партыі, чальцы якой займаюць ключавыя пазыцыі ва ўрадзе, скандалы шкодзяць, а партыі апазыцыйнай, хутчэй, наадварот.

І яшчэ ўрок: калі «Закон і справядлівасьць» сапраўды здолее (хоць часткова) выканаць свае перадвыбарчыя абяцаньні і палякі адчуюць паляпшэньне свайго ўзроўню жыцьця — значыць усё ў парадку, яны зрабілі правільны выбар. Калі не атрымаецца дасягнуць лепшых вынікаў у гаспадарцы, чым былі пры «Грамадзянскай плятформе», — таксама нічога страшнага ня здарыцца, проста наступныя выбары выйграе нехта іншы. Самае асноўнае: на сёньняшні дзень у Польшчы па-сутнасьці палітычная сытуацыя, якая існуе ў іншых краінах Эўропы, напрыклад, у Вялікабрытаніі. За сымпатыі выбаршчыкаў змагаюцца дзьве асноўныя партыі, якія па чарзе ствараюць урад і спрабуюць ажыцьцявіць сваю эканамічную праграму. Няма жалезабэтоннай сытуацыі, як у Беларусі, дзе ўсё вырашае адзін чалавек.

І апошняе: Польшча заўсёды застанецца Польшчай, у чым яе моц. Беларусь побач хісткая, бо не эўрапейская, не беларуская (як Польшча польская), таму сёньня можа быць, а заўтра — не. Вось табе й самы галоўны ўрок польскіх выбараў для нас, беларусаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG