Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месяц польскай літаратуры ў Менску. Дырэктара Інстытуту кнігі не ўпусьцілі ў Беларусь


Гжэгаж Гаўдэн

Гжэгаж Гаўдэн

Насуперак ранейшым абяцаньням, дырэктар польскага Інстытуту кнігі Гжэгаж Гаўдэн не атрымаў беларускай візы. Ён ня зможа прысутнічаць на адкрыцьці Месяца польскай літаратуры, заплянаваным на 29 кастрычніка, паведамляе «Газэта Выборча».

— Гэта выразны сыгнал з боку ўладаў Беларусі: Польшча занадта шмат падтрымлівае незалежных беларускіх пісьменьнікаў, — кажа Гаўдэн.

У праграме Месяца польскай літаратуры ў Менску — сустрэчы, прысьвечаныя Віславе Шымборскай, Чэславу Мілашу, а таксама польскаму коміксу. У плянах таксама канцэрт Андрэя Хадановіча ў памяць Яцка Качмарскага.

— Я меўся ляцець у Менск у сераду, — распавядае Гжэгаж Гаўдэн. — Наш Інстытут кнігі фінансуе, сярод іншага, пераклады польскіх кніг на беларускую мову, запрашае апазыцыйных пісьменьнікаў і выдаўцоў у Польшчу. Месяц польскай літаратуры павінен быў стаць нагодай для спатканьня зь незалежнымі беларускімі выдаўцамі і пісьменьнікамі. На мінулым тыдні я здаў у беларускае пасольства ў Варшаве запрашэньне ад Польскага інстытуту ў Менску і ад тамтэйшага польскага пасольства.

Дырэктар Інстытуту кнігі шмат разоў бываў ва Ўкраіне і Літве, Беларусь ён зьбіраўся наведаць упершыню. У аўторак спадар Гаўдэн меўся атрымаць пашпарт зь беларускай візай — у гэтым яго яшчэ тыдзень таму запэўнілі чыноўнікі. Аднак замест візы яму паставілі пячатку «Адмоўлена». Чаму?

— Гаворка не пра мяне як прыватную асобу, а пра ўрадавую ўстанову, якую я прадстаўляю, — кажа Гаўдэн. — Інстытут кнігі падтрымлівае беларускіх апазыцыйных пісьменьнікаў стыпэндыямі ў Польшчы. У нас добрыя кантакты зь незалежнымі выдаўцамі ў Беларусі. Я расцэньваю гэтую адмову як сыгнал ад уладаў Беларусі: Інстытут кнігі не павінен падтрымліваць беларускіх апазыцыйных пісьменьнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG