Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Лябедзьку — штраф памерам 50 базавых велічынь. АБНАЎЛЯЕЦЦА


Анатоль Лябедзька ў судзе. Менск, 28 кастрычніка 2015 году

Анатоль Лябедзька ў судзе. Менск, 28 кастрычніка 2015 году

У Цэнтральным судзе Менску пачаўся адміністрацыйны працэс над старшынём АГП Анатолем Лябедзькам, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным «Шэсьці нацыянальнага сьцяга», якое прайшло ў Менску 10 кастрычніка.

Анатоля Лябедзьку судзіць судзьдзя Вікторыя Шабуня, якая ўключаная ў сьпіс неўязных у Эўразьвяз. Анатоль Лябедзька пра гэта нагадаў і заявіў адвод Вікторыі Шабуні.

«Працэс яшчэ не пачаўся, а я для вас ужо вінаваты. І ня ў тым, што ўдзельнічаў ў шэсьці, а таму што маё прозьвішча Лябедзька і я — за зьмены гэтай сыстэмы, а не жадаю ў яе інтэргавацца», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Судзьдзя Вікторыя Шабуня адхіліла адвод Анатоля Лябедзькі і пачала працэс.

За працэсам назіраюць журналісты, праваабаронцы, актывісты АГП і прадстаўнікі амбасадаў Латвіі і Швэцыі.

Анатоль Лябедзька не прызнаў сябе вінаватым і спаслаўся на 35 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якога ён меў права ўдзельнічаць ў вулічным шэсьці і выказваць сваю пазыцыю адносна выбараў.

Лідэр АГП, аднак, прызнаў, што падчас шэсьця выкрыкваў лёзунг «Жыве Беларусь»:

«Прызнаю, разумею, што гэта вялікі грэх для дзейнай судовай сыстэмы, і гатовы несьці за гэта адказнасьць», — з усьмешкай заявіў суду Анатоль Лябедзька. Пры гэтым ён сказаў, што не агітаваў падчас шэсьця за байкот выбараў, хаця ягоная пазыцыя па гэтым пытаньні застаецца нязьменнай — ён лічыў і лічыць, што выбары былі фарсам і іх трэба было ігнараваць.

Суд выслухаў паказаньні сьведак-амапаўцаў Андрэя Суворава і Аляксандра Сакольчыка, якія засьведчылі, што Анатоль Лябедзька ўдзельнічаў 10 кастрычніка ў сходзе на плошчы Свабоды, выкрыкваў лёзунгі «Жыве Беларусь» і «Байкот выбараў». Сьведкі не змаглі патлумачыць, на падставе якога закону гэтае шэсьце яны лічаць незаконным. Супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Валянцін Грышкевіч паведаміў, што падчас збору людзей на плошчы Свабоды прагучаў заклік ісьці на плошчу Якуба Коласа, але ня змог удакладніць, хто менавіта да гэтага заклікаў. Таксама на хадайніцтва Анатоля Лябедзькі быў выкліканы ў суд для паказаньня маёр міліцыі Юры Шантар, які склаў пратакол на Анатоля Лябедзьку. Сьведка пацьвердзіў, што ён склаў пратакол празь 5 дзён пасьля падзеі. Юры Шантар сказаў, што ня ведае пра 45 артыкул Выбарчага кодэксу, паводле якога падчас выбарчай кампаніі можна праводзіць мерапрыемствы па агітацыі за ці супраць кандыдатаў на прэзыдэнта. Пры гэтым сьведка лічыць, што Анатоль Лябедзька 10 кастрычніка ўдзельнічаў у незаконным шэсьці.

«Нам з вамі цяжка размаўляць, бо вы ня ведаеце частку заканадаўства, якое рэгулюе парадак падчас выбарчага працэсу», — сказаў Анатоль Лябедзька сьведку. Юры Шантар паведаміў, што не падыходзіў падчас акцыі да Лябедзькі, не папярэджваў яго аб парушэньні. «А чаму ён на месцы ня склаў пратакол?» — запытаў Анатоль Лябедзька. «Бо тады ў мяне былі іншыя задачы», — сказаў сьведка. Сьведка настойвае, што Лябедзька парушаў закон аб масавых мерапрыемствах.

Анатоль Лябедзька ў апошнім слове зьвярнуў увагу суду на тое, што сьведкі не пацьвердзілі ягонага ўдзелу ў «Шэсьці нацыянальнага сьцягу», што пазначана ў пратаколе. Таксама Анатоль Лябедзька прапанаваў суду зрабіць на адрас міліцыянтаў вымову за тое, што яны ня ведаюць законаў, якія рэгулююць грамадзкі парадак на час выбарчай кампаніі.

Суд прызнаў Анатоля Лябедзьку вінаватым ў парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах і пастанавіў аштрафаваць палітыка на 50 базавых велічынь.

Сёньня ж судзьдзя Вікторыя Шабуня будзе судзіць актывіста Вячаслава Сіўчыка за акцыю 10 кастрычніка і літаратара Адама Глёбуса за ўдзел у акцыі 11 кастрычніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG