Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні 2 лістапада пачнуць судзіць за хабар былога кіраўніка канцэрну «Белегпрам»


Міхаіл Сучкоў

Міхаіл Сучкоў

2 лістапада Гарадзенскі абласны суд пачынае слуханьне гучнай карупцыйнай справы — былога старшыні канцэрну «Беллегпрам» Міхаіла Сучкова. Справа будзе разглядацца ў адкрытым судовым паседжаньні.

Пра гэта ў фэйсбуку паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага суду Юлія Ляскова.

Разам зь Міхаілам Сучковым абвінавачанымі праходзяць кіраўнік Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі і памочнік дырэктара кампаніі «Флексамір».

Паводле інфармацыі Вярхоўнага суду, былы кіраўнік «Беллегпраму» абвінавачваецца па шэрагу крымінальных артыкулаў — замах на злачынства, атрыманьне хабару, злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

24 лютага 2014 году супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі за хабар былі затрымалі, а затым узялі пад варту старшыню Беларускага дзяржаўнага канцэрну па вытворчасьці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасьці («Беллегпрам») і дырэктара ААТ «Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка». Паведамлялася, што старшыня канцэрну і дырэктар фабрыкі сыстэматычна атрымлівалі грашовыя ўзнагароджаньні ад прадстаўнікоў шэрагу суб’ектаў гаспадараньня за вырашэньне пытаньняў аб пастаўках абсталяваньня падчас мадэрнізацыі прадпрыемстваў «Беллегпраму».

26 сакавіка Сьледчы камітэт заявіў, што затрыманыя тры давальнікі хабару — кіраўнікі камэрцыйных структураў, якія ўдзельнічалі ў мадэрнізацыі прадпрыемстваў канцэрна. Усім фігурантам крымінальнай справы прад’явілі абвінавачваньні: службовым асобам — у атрыманьні хабару, прадстаўнікам суб’ектаў гаспадараньня — у даваньні хабару.

Прадстаўнікоў камэрцыйных структур узялі пад варту.

Паведамлялася, што падчас праведзеных сьледчых дзеяньняў канфіскаваныя грашовыя сродкі ў суме больш за 1 мільён даляраў, залатыя зьліткі, два аўтамабілі агульным коштам больш за 130 тысяч даляраў, тры кватэры ў Менску, мноства дарагой бытавой і аргтэхнікі.

Міхаіл Сучкоў быў прызначаны кіраўніком «Беллегпраму» ў сьнежні 2012 году.

XS
SM
MD
LG