Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Публічны гей Польшчы: Робэрт Бедрань


Робэрт Бедрань

Робэрт Бедрань

Амаль год мэрам гораду Слупск у паўночнай Польшчы зьяўляецца Робэрт Бедрань, вядомы палітык і актывіст змаганьня за роўныя правы для асобаў зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй і транссэксуалаў.

Выбар Робэрта Бедраня мэрам гэтага 93-тысячнага гораду стаў немалой рэгіянальнай сэнсацыяй — гэта быў першы выпадак у гісторыі краіны, калі чалавек, які адкрыта прызнаваўся, што ён зьяўляецца геем, быў абраны кіраўніком гарадзкой мэрыі. Бедрань выйграў у Слупску ў другім туры мясцовых выбараў у лістападзе 2014, набраўшы 57% галасоў.

Яшчэ большай сэнсацыяй, у агульнацыянальным маштабе, быў ягоны выбар дэпутатам польскага парлямэнту ў 2011 годзе. Зноў жа, гэта быў першы выпадак, калі дэпутатам польскага Сэйму стаў чалавек, які не затойваў сваёй гомасэксуальнай арыентацыі.

Летась варшаўскі тыднёвік «Палітыка» — абапіраючыся на рэйтынгавае апытаньне сярод журналістаў, якія сочаць за падзеямі ў парлямэнце — назваў Робэрта Бедраня адным з 10 найлепшых польскіх дэпутатаў, падкрэсьліваючы ягоную працавітасьць, асабістую культуру і вялікі ўклад у працу сэймавай камісіі па справядлівасьці.

На сёньняшні дзень Робэрт Бедрань — вядучая постаць руху ЛГБТ у Польшчы, якая ў найбольшай ступені зьмяняе грамадзкае ўспрыманьне асобаў зь іншай сэксуальнай арыентацыяй у лепшы бок.

У Слупску за няпоўны год працы мэрам Бедрань жорстка абмежаваў выдаткі на гарадзкую адміністрацыю і правёў празрыстыя конкурсы на пасады адміністрацыйных кіраўнікоў. Пачаў таксама працу над доўгатэрміновай стратэгіяй разьвіцьця гораду. Усё гэта пакуль што моцна падабаецца жыхарам Слупска, хоць і ня ўсім.

Некаторыя прадстаўнікі права-кансэрватыўных партый і клерыкальных колаў кажуць, аднак, што Бедрань выкарыстоўвае сваю цяперашнюю пасаду выключна для аўтапіяру.

Як паведаміла польская прэса, у адным зь нядаўніх шэсьцяў вуліцамі Слупску самыя радыкальныя дзяячкі мясцовых рэлігійных колаў рассыпалі вакол ратушы «экзарцызмавую соль», гэткім сымбалічным чынам спрабуючы выпудзіць «д’ябла», які пасяліўся ў мэрыі.

Забаўна, але ў Робэрта Бедраня, паводле прэсавых паведамленьняў, склаліся добрыя адносіны зь мясцовым пробашчам. Перад першым турам выбараў у 2014 годзе гэты ксёндз асьцерагаў вернікаў, што Бедрань «нясе сьмерць», але пасьля выйгрышу Бедраня ў другім туры, паводле чутак, дабраславіў новага мэра.

Сур’ёзным выклікам для Робэрта Бедраня зьяўляецца агромністы доўг гарадзкой управы, які ён «атрымаў у спадчыну» ад папярэдняга гарадзкога кіраўніка — 20 мільёнаў злотых (5 мільёнаў даляраў). Непрыхільныя яму правыя і клерыкальна настроеныя мясцовыя дзеячы і палітыкі прарочаць, што Бедрань з-за гэтага адрачэцца ад сваёй пасады і зьедзе ў Варшаву. Сам ён заяўляе, што нікуды не выбіраецца са Слупску да канца свайго чатырохгадовага тэрміну мэра. А магчыма, дадае, што і застанецца на восем гадоў.

XS
SM
MD
LG