Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогеры знайшлі пацьверджаньне гібелі расейскага салдата-кантрактніка ў Сырыі


Валянтэры расейскай досьледнай групы Conflict Intelligence Team (CIT) сьцьвярджаюць, што ім атрымалася пацьвердзіць паводле адкрытых крыніцаў у інтэрнэце гібель як мінімум аднаго расейскага вайскоўца ў Сырыі.

Гэта 19-гадовы Вадзім Кастэнка, жыхар хутара Грачаная Балька Краснадарскага краю. Сяброўка загінулага пацьвердзіла ў перапісцы актывістам CIT гэтую інфармацыю, паведаміўшы, што яго цела прывезлі з Сырыі ў цынкавай труне, а камандаваньне вайсковай часткі паведаміла жыхарам пасёлка яшчэ аб дзевяці загінулых расейцах. Тым ня менш, аўтары расьсьледаваньня ня ўпэўненыя, што Кастэнка загінуў менавіта ў выніку баявых дзеяньняў або нападу — паводле іх, гаворка можа ісьці аб няшчасным выпадку.

Паведамленьні аб гібелі расейскіх кадравых вайскоўцаў у Сырыі зьяўляліся і раней, аднак ні адно зь іх не было пацверджана на 100%.

20 кастрычніка агенцтва Reuters паведаміла са спасылкай на неназваную высокапастаўленую крыніцу сярод сырыйскіх вайскоўцаў у Дамаску аб гібелі як мінімум трох расейцаў, якія ваявалі на баку ўрадавых войскаў Башара Асада.

У Міністэрстве абароны РФ гэта назвалі «інфармацыйным ўкідам». Праз суткі карэспандэнт тэлеканалу Russia Today Дэніэл Бушэл ў эфіры «Эхо Москвы» распавёў пра тое, як ня змог паляцець з сырыйскай Латакіі з-за таго, што самалёт, на які ён павінен быў трапіць, «павёз нейкіх параненых у Маскву». Бушэл дадаў, што гаворка ідзе пра небаявыя раненьні. Аб 10 загінулых расейскіх салдатах, целы якіх былі дастаўленыя ў Сэвастопаль, казаў яшчэ ў канцы верасьня былы кіраўнік Меджлісу крымска-татарскага народу Мустафа Джамілеў.

25 кастрычніка сябры групы CIT знайшлі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» паведамленьне (захаваная копія), у якім гаварылася пра нейкага «Вадзіка», які «загінуў пры выкананьні вайсковых абавязкаў у Сырыі».

Неўзабаве атрымалася высьветліць, што гаворка ідзе пра вайскоўца вайсковай часткі 20926 (834-ты вучэбны цэнтар ВПС, горад Зернаград, Растоўская вобласьць) Вадзіма Аляксандровіча Кастэнку. У профілі Кастэнкі, яго сяброў і сваякоў, валянтэры CIT знайшлі мноства пацьверджаньняў таго, што ён быў дзейным вайскоўцам. Загінулы скончыў тэрміновую ў чэрвені 2015 і адразу падпісаў кантракт. У профілях яго сяброў ўдалося знайсьці і іншыя пацьверджаньні гібелі Вадзіма Кастэнкі. Зь іх вынікала, што Кастэнка быў забіты ў суботу, 24 кастрычніка — менавіта ў гэты дзень, паводле сьведчаньняў відавочцаў, прадстаўнікі сырыйскай апазыцыі паспрабавалі атакаваць расейскую базу Хмэймім у Сырыі.

Але, як распавёў у інтэрвію Радыё Свабода адзін з удзельнікаў дасьледчай групы Conflict Intelligence Team Кірыл Міхайлаў, поўнай упэўненасьці ў тым, што Вадзім Кастэнка быў забіты, а не загінуў у выніку няшчаснага выпадку, у аўтараў расьсьледаваньня пакуль няма.

XS
SM
MD
LG