Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку забароны палётаў паміж Расеяй і Ўкраінай кліентамі «Белавія» могуць стаць паўмільёна новых пасажыраў


Ад 25 кастрычніка набыла моц узаемная забарона на палёты расейскіх і ўкраінскіх авіякампаніяў у аэрапорты дзьвюх краінаў, і адразу ж свае транспартныя паслугі прапанавала кампанія «Белавія». У той жа дзень упершыню самалёт пад беларускім дзяржаўным сьцягам выканаў рэйс у Адэсу і будзе лятаць на гэтым маршруце штодня.

Паводле розных ацэнак, пасажырапаток авіятранспартам паміж Расеяй і Ўкраінай складаў блізу 1 мільёна пасажыраў штогод. З улікам Кіева і Адэсы беларускі перавозчык мяркуе перацягнуць на сябе больш за чвэрць пасажыраў, якія раней карысталіся наўпроставымі маршрутамі. Гэта значыць — ня меней за 250 тысяч чалавек. Калі ж падсумаваць перавозкі па маршрутах Масква — Менск і Менск — Кіеў, то кліентамі «Белавія» могуць стаць паўмільёна новых пасажыраў.

І гэта пры тым, што ў пэрспэктыўных плянах «Белавія» — зьвязаць Менск з Харкавам і Запарожжам, што яшчэ больш павялічыць долю пасажырапатоку з суседніх краінаў празь Беларусь.

Намесьнік генэральнага дырэктара беларускага авіяманапаліста Ігар Чаргінец не хавае задавальненьня ад новых гарызонтаў, якія адкрыліся перад дзяржаўным перавозчыкам:

Ігар Чаргінец

Ігар Чаргінец

«Вельмі добра, што мы гэтую справу пачалі. Не сумняюся, што асабліва летам беларусы адчуюць новыя выгоды, калі будуць прылятаць у Адэсу адпачываць. А цяпер асноўны пасажырапаток — гэта транзытныя пасажыры з Адэсы празь Менск у розныя пункты Расейскай Фэдэрацыі. Да таго ж кошты, якія мы прапанавалі, ня моцна адрозьніваюцца ад тых, якія мелі пасажыры да спыненьня палётаў паміж Украінай і Расеяй».

Цана квітка ў адзін бок за паўтарагадзінны пералёт — 97 эўра, у абодва канцы — 196 эўра. Першы тыдзень будуць дзейнічаць зьніжкі. Дагэтуль асноўнай альтэрнатывай даезду да Адэсы была чыгунка: суткі ў дарозе каштавалі 77 эўра ў купэ, то бок на 20 эўра таньней за самалёт.

Пасьля акупацыі Крыму «Белавія» спыніла палёты ў Сымфэропаль і Севастопаль і адмяніла рэйс у Адэсу — адзіны ва Ўкраіну з выхадам да мора. Тым ня меней нават у сэзон разьлічваць на загрузку борту выключна ахвотнымі адпачыць наўрад ці выпадае: адэскае ўзьбярэжжа Чорнага мора выбіраюць ня самыя заможныя беларусы, якія гатовыя плаціць ня болей за 40–50 эўра ў складзе зборных аўтобусных групаў. 200 эўра самалётам — прыемнасьць ня з танных, тым больш калі гаворка, прыкладам, пра сям’ю з чатырох чалавек.

Пры канцы верасьня ўлады Ўкраіны заявілі пра ўвядзеньне санкцыяў супраць расейскіх авіякампаніяў, якія ажыцьцяўлялі палёты ў Крым — насуперак патрабаваньням Кіева спыніць зносіны з анэксаванай тэрыторыяй. Гэтым перавозчыкам забаранілі палёты і ў іншыя ўкраінскія гарады. Аднаўленьне дзейнасьці абстаўлялася ўмовай адмовы ад палётаў у Крым і сплаты штрафу. Аднак расейскі бок адмовіўся ад такой прапановы і заявіў пра контразахады, закрыўшы неба для ўкраінскіх кампаніяў.

24 кастрычніка ў Брусэлі адбыліся перамовы паміж авіяцыйнымі ўладамі Расеі і Ўкраіны. Было спадзяваньне, што авіязносіны паміж дзьвюма краінамі захаваюцца. Аднак ніякага плёну перамовы ня мелі, і на наступны дзень усе рэйсы былі скасаваныя.

Аналітыкі лічаць, што двухбаковыя санкцыі прывядуць да неакрэсьленага ў часе паралічу авіяцыйных зносінаў, як ужо было паміж Расеяй і Грузіяй у 2008 годзе.

Аналітыкі лічаць, што двухбаковыя санкцыі прывядуць да неакрэсьленага ў часе паралічу авіяцыйных зносінаў, як ужо было паміж Расеяй і Грузіяй у 2008 годзе. Тады ролю ратавальніка таксама ўзяў на сябе Менск — самалёты ў Тбілісі і назад ляталі запоўненыя пад завязку. Мяркуючы па ўсім, гэтым разам сытуацыя паўторыцца: нягледзячы на магчымасьць падарожжа чыгункай (адрозна ад варыянту Грузіі), пералёт зь перасадкай у Нацыянальным аэрапорце «Менск» расейцам ды ўкраінцам на выхадзе абыдзецца не нашмат даражэй. Адзінае, што падоўжыцца на некалькі гадзінаў з-за вымушанай перасадкі.

Такім чынам, пад мараторый трапілі больш за сто авіярэйсаў, бо адзін толькі «Аэрофлот» штотыдзень лятаў 35 разоў з Масквы ў Кіеў, «Трансаэро» — 22, «Utair» і S7 — па 14. Гэта без уліку палётаў у Адэсу, Львоў, Харкаў, а таксама маршрутаў зь іншых гарадоў Расеі. «Міжнародныя авіялініі Ўкраіны» ляталі па 13 разоў на тыдзень з Кіева ў Маскву і Санкт-Пецярбург, тры разы ў Калінінград і пяць разоў з Адэсы ў Маскву.

Расейскія экспэрты ацэньваюць недаатрыманы гадавы прыбытак у «дзясяткі мільёнаў даляраў», украінскія апэруюць больш дакладнымі лічбамі — звыш 50 мільёнаў даляраў плюс прастой самалётаў. Відавочна, што значная доля тых мільёнаў цяпер можа асесьці ў беларускім бюджэце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG