Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візавы рэжым з Ізраілем адменяць 27 лістапада


Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і міністар абсорбцыі Ізраіля Софа Ландвэр падпісваюць пагадненьне аб адмене візаў для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў. Менск, 19 верасьня 2014 году

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і міністар абсорбцыі Ізраіля Софа Ландвэр падпісваюць пагадненьне аб адмене візаў для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў. Менск, 19 верасьня 2014 году

З гэтага часу кожны беларус, які накіроўваецца ў Ізраіль, можа зэканоміць 23 даляры

Бязьвізавы рэжым паміж Беларусьсю і Ізраілем пачне дзейнічаць ад 27 лістапада 2015 году. Пра гэта сёньня паведаміў на паседжаньні сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізычнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы намесьнік міністра спорту і турызму Беларусі Міхаіл Партны:

«Ужо вызначана дата, калі запрацуе бязьвізавы рэжым для грамадзян Беларусі і Ізраіля, гэта 27 лістапада».

Намесьнік міністра заявіў, што бязьвізавы рэжым дазволіць павялічыць колькасьць турыстаў у абедзьве краіны.

Перамовы пра адмену візаў вяліся некалькі гадоў. Тады называліся розныя даты адмены візаў. Так, былы амбасадар Ізраіля ў Беларусі Ёзэф Шагал заяўляў, што беларусы змогуць бязь візаў наведаць Сьвятую зямлю, каб адзначыць Раство Хрыстова 2015 году. А Фаня Кіршэнбаўм — тагачасная намесьніца міністра ўнутраных спраў Ізраіля — наагул казала, што гэтае палажэньне можа запрацаваць яшчэ ў кастрычніку 2014 году.

Урэшце адпаведнае пагадненьне падпісалі ў Менску 19 верасьня 2014 году тагачасны міністар абсорбцыі Ізраіля Софа Ландвэр і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.

Працэдуры, неабходныя дзеля таго, каб яно запрацавала, Беларусь выканала цалкам 5 студзеня 2015 году. А вось ізраільскі бок зацягнуў рашэньне праблемы. Гэта было, па-першае, зьвязана з пазыцыяй Міністэрства ўнутраных спраў. Яно непакоілася, што адмена віз можа прывесьці да павелічэньня колькасьці нелегалаў, якія прыбываюць у якасьці турыстаў і застаюцца ў Ізраілі, каб зарабіць. А па-другое, увесну ў краіне праводзіліся датэрміновыя парлямэнцкія выбары. І толькі 16 жніўня новы ўрад прагаласаваў за бязьвізавы рэжым зь Беларусьсю.

У Ізраілі жыве шмат выхадцаў зь Беларусі. Пакуль што і яны, і іхнія сваякі, якія засталіся ў Беларусі, адчуваюць сябе ў дыскрымінаваным становішчы: бязь візаў адзін аднаго не адведаеш. А вось грамадзяне Расеі зь верасьня 2008 году, а затым і Ўкраіны — зь лютага 2011-га карыстаюцца бязьвізавым рэжымам. Сёньня ж беларус, каб наведаць Ізраіль, мусіць набыць візу, якая каштуе 23 даляры. Грамадзянін Ізраіля за беларускую візу мусіць заплаціць даражэй — 60 эўра.

За апошні час Беларусь перайшла на бязьвізавы рэжым з Эквадорам, Турэччынай, Манголіяй, Віетнамам, Інданэзіяй. Вядуцца перамовы яшчэ прыкладна з 15 краінамі сьвету. Сярод іх —Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Сынгапур, Катар, Аман, Лаос...

«На мой погляд, кіраўніцтву Беларусі трэба было б пераарыентавацца ў вызначэньні краін для бязьвізавага рэжыму зь „цікавых“ на карысныя», — кажа палітоляг Алесь Лагвінец:

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«Цікавымі краінамі могуць быць любыя краіны ў сьвеце. А наколькі яны могуць быць карысныя, гэта іншае пытаньне. І наколькі ўсталяваньне бязьвізавага рэжыму зь імі спросьціць жыцьцё беларусам і будзе мець эканамічны эфэкт.

І калі казаць пра зручнасьць і эканамічны эфэкт для беларусаў, то галоўнае для нас — гэта пабудова бязьвізавай прасторы з краінамі Эўрапейскага Зьвязу. На гэта рэжым Лукашэнкі сёньня ня пойдзе. Улады Беларусі хочуць атрымліваць толькі эканамічную выгаду і супрацоўнічаць толькі на сваіх умовах. А гэта ня ўмовы цывілізаваных адносінаў».

На афіцыйным сайце МЗС Беларусі ёсьць сьпіс краін, якія грамадзяне Беларусі цяпер могуць наведваць бязь візаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG