Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магчымыя патрабаваньні, якія Захаду варта выставіць беларускай уладзе, сфармуляваныя лідэрам «Гавары праўду» Андрэем Дзьмітрыевым, выклікалі пярэчаньні і спрэчкі. Былы паплечнік Дзьмітрыева па кампаніі Аляксандар Фядута расцаніў гэтыя парады-пажаданьні як «кантрольны стрэл у галаву» беларускай апазыцыі.

Але абстрагуемся ад асобаў і рэпутацыяў паважаных палітыкаў і дзеячоў і паспрабуем удакладніць некаторыя рэчы і паняцьці. Абстрагуемся нават ад таго, што беларусы абмяркоўваюць, чаго замежнікам варта папрасіць-запатрабаваць у беларускага кіраўніка, на што замежнікі могуць адказаць зусім груба — а ці не пайшлі б вы, дарадцы, далёка, нам лепш відней, у нас, акрамя вас, шмат другіх праблемаў.

Дык вось, наконт рэчаў і паняцьцяў. Аляксандар Лукашэнка — дыктатар. Насуперак меркаваньню некаторых беларусаў ня самы жахлівы, ня самы небясьпечны, але дыктатар. Сярэдняй рукі такі. Якіх сьвет бачыў і яшчэ шмат убачыць, і якія кіруюць большай часткай зямной кулі. Ён сам гэта разумее і лічыць, што гэта мусяць разумець і яго замежныя партнэры. Ну з усходнімі праблемаў няма, яны ад Смаленску да Шанхая таксама не дэмакраты, мякка кажучы, але і з заходнімі па ідэі існуе прэзумцыя разуменьня, што яны маюць справу менавіта з дыктатарам.

Калі дыктатару, які сам сябе ўважае такім і лічыць, што яго ўважаюць такім партнэры, кажуць — станьце дэмакратам, ён небеспадстаўна мяркуе, што ці яго партнэры — ідыёты, ці яго чамусьці трымаюць за ідыёта.

Але калі дыктатару, які сам сябе ўважае такім і які лічыць, што яго ўважаюць такім партнэры, кажуць — станьце дэмакратам, ён небеспадстаўна мяркуе, што ці яго партнэры — ідыёты, ці што яго чамусьці трымаюць за ідыёта.

Нават пакінем за дужкамі назіраньне, што далёка ня ўсім дыктатарам сьвету выстаўляюць такое патрабаваньне, як умову рабочых зносінаў. Пакуты нобэлеўскага ляўрэата прэміі міру кітайца Лю Сяо Бо ці азэрбайджанскай праваабаронцы Лэйлы Юнус нічым ня меншыя чым пакуты... ах так, беларускіх палітвязьняў ужо ж вызвалілі. Ну ня меншыя, чым былі ў Міколы Статкевіча і Ігара Аліневіча. Але галоўнаму кітайскаму таварышу і азэрбайджанскаму дэспату ня кажуць — вызваліце Лю і Лэйлу, а тое... Ніякага «а тое» ім не прад’яўляюць, ветліва кажуць, што някепска было б вызваліць. А пра тое, каб у Кітаі ці Азэрбайджане прайшлі свабодныя (ці хаця б больш менш прыстойныя выбары) — такія патрабаваньні нікому і ў галаву не прыходзяць. Ну як можна — гэта ж нафта з Азэрбайджану, гэта ж гандаль з Кітаем, хіба можна гэта ставіць пад пагрозу?

Гаворыцца гэта не дзеля таго, каб выкрыць «двудушнасьць» Захаду, папракнуць яго падвойнымі стандартамі, маўляў, Аліеву ці Сі Цзінпіну даруюць, а з Лукашэнкі патрабуюць.

Палітыка Захаду адносна Беларусі — гэта менавіта палітыка, а не аўтаматычнае ўжываньне унівэрсальных маральных нормаў.

Адно дзеля канстатацыі, што палітыка Захаду адносна Беларусі — гэта менавіта палітыка, а не аўтаматычнае ўжываньне унівэрсальных маральных нормаў — «калі краіна Х парушае правы чалавека шляхам Y, да яе ўжываюцца санкцыі, забарона на ўезд для яе чыноўнікаў і г.д.». Дзе Х — як Беларусь, гэтак і Кітай і Азэрбайджан ( і палова астатняй зямной кулі), Y — ярмошынскія выбары ў Беларусі і дакладна такія ж ці нават горшыя выбары ізноў жа ў ладнай частцы краінаў сьвету.

Так, гэта не мараль у чыстым выглядзе, гэта палітыка — спроба зьмяніць да лепшага сытуацыю не ў любой краіне Х, а канкрэтна ў Беларусі, няшмат чым рызыкуючы.

Але калі ўсьвядоміць гэта, то аналіз трэба рабіць у правільных катэгорыях, ён не пра тое, што можна цярпець, а што не, а пра тое, што можна зьмяніць зьнешнім узьдзеяньнем, а што не.

Лукашэнка — дыктатар. Паўтару гэта другі раз, магу паўтарыць хоць трэці раз, хоць соты. Гэта ня толькі пэўныя дзеяньні, гэта і пэўная ідэалёгія, бачаньне сьвету. Для яго дэмакратыя — гэта не адзіна правільны, найлепшы спосаб кіраваньня, які ён парушае з прычыны кепскасьці натуры, гэта ў горшым выпадку падман народу, шлях да галечы і хаосу, а ў лепшым — парадак можа і някепскі для іншых народаў і цывілізацыяў, але згубны для кіраванага ім народу.

Крах аўтарытарнага рэжыму — гэта не свабодныя выбары, на якіх прыходзіць да ўлады апазыцыя дыктатару, гэта свабодныя выбары як такія.

І вось Захаду прапануюць сказаць яму: спадар Лукашэнка, застраліцеся, калі ласка, гэта ўмова для паляпшэньня нашых з вамі адносінаў. Ну як ён можа на гэта рэагаваць? Як некалі дакладна адзначыў беларускі палітоляг Аляксей Пікулік, крах аўтарытарнага рэжыму — гэта не свабодныя выбары, на якіх прыходзіць да ўлады апазыцыя дыктатару, гэта свабодныя выбары як такія. І гэта вельмі глыбокая рацыя. Ну прыйдзі на сёлетнія выбары 60% насельніцтва (а столькі б прыкладна і прыйшло, калі б не брутальны загон), атрымай Лукашэнка нейкія 53% супраць 25% за Караткевіч — дык гэта ж катастрофа, крах ідэалягічны.

Фальсыфікаваныя выбары — гэта ня нейкі дадатак да нечага ў аўтарытарнай сыстэме, гэта яе сутнасьць, стрыжань. Гэта яна саступіць толькі за 5 хвілінаў перад канцом. І калі Захад ці яго беларускія дарадцы раяць уключаць у сьпіс патрабаваньняў да беларускай дыктатуры свабодныя выбары, яны дэманструюць глыбокае неразуменьне прыроды аўтарытарызму. Агіднай, на погляд як Захаду і дарадцаў, гэтак і аўтара гэтых радкоў. Але яна такая. Гэта пазыцыя, якую аўтарытарная ўлада здасьць самай апошняй.

А момант, у якім цяпер знаходзіцца беларуская ўлада — даволі далёкі ад пяці хвілінаў да канца. Ну так, эканамічнае становішча няпростае, але яно зусім не катастрафічнае. Ну спад, ну беспрацоўе, ну шмат людзей са зла прагаласавала за Караткевіч і ўлада гэта ведае. Але спад — на адсоткі, а не на дзясяткі адсоткаў, але за Караткевіч — максымум 25% рэальна, а не 50% і ня 75%, але ёсьць Расея, Кітай, дзе можна, акрамя Захаду і МВФ, зрубіць бабкі і неяк перакантавацца. І зь якой радасьці падпісваць безагаворачную капітуляцыю ў выглядзе свабодных выбараў, з чаго быць у ролі Кейтэля узору 1945 году?

Бо для аўтарытарнай ўлады свабодныя выбары — гэта менавіта роля Кейтэля і менавіта красавіка-траўня 1945 году. Нават калі тыя свабодныя выбары яна выйграе.

Проста пакуль няма падставаў капітуляваць. Хаця б таму, што ёсьць Расея.

Проста пакуль няма падставаў капітуляваць. Хаця б таму, што ёсьць Расея. Можна ж завесьці ў Беларусь авіябазу, можна і не адну і ня толькі авія, можна зрабіць жэсты на адрас сэпаратыстаў у Данбасе, прызнаць Абхазію, падкінуць нешта ў Сірыю і атрымаць 2-3-5 мільярдаў даляраў, якія вырашаць усе праблемы на пару гадоў наперад. І безь ніякіх свабодных выбараў.

Ну так, гэтага рабіць ня хочацца. Але свабодных выбараў ня хочацца яшчэ больш.

І калі свабодныя выбары — абавязковая ўмова, то афіцыйны Менск проста зразумее, што заходні накірунак хоць у якім сэнсе — гэта выключаны, закрыты варыянт, што санкцыі — ў гістарычным сэнсе назаўсёды, што варыянты трэба шукаць у Расеі, Кітаі, Вэнэсуэле, у трасцы з халерай, але толькі не на Захадзе.

Аднак гэта ня значыць, што афіцыйны Менск ня можа саступіць наагул нічога. Дарэчы, магчыма, што ўсе гэтыя абмеркаваньні палітыкаў, аналітыкаў і паліттэхнолягаў — наагул пусты занятак, спроба адгадаць рашэньне задачы, якое напісанае ў канцы падручніка. Усе заўважылі надзвычайную дыпляматычную актыўнасьць ЭЗ на працягу апошняга году, міністар Макей сноўдаў па Эўропе, у Менск езьдзілі эўракамісары ЭЗ і міністры краінаў Зьвязу. Дык вось што яны абмяркоўвалі? Зразумела, што заходнія партнэры казалі — вы мусіце вызваліць палітвязьняў, вы мусіце... ну яшчэ нешта прапаноўвалі-патрабавалі безумоўна. А што ім на працягу месяцаў адказвалі беларускія дыпляматы і ўрадоўцы? У нас свая культура, свой шлях, палітвязьняў няма, выбары свабодныя, Ярмошына — маці Тэрэза? А думаю, што не. А думаю, што адказвалі — ок, мы сёе-тое можам зрабіць, пайсьці вам насустрач. Але пачым, за што, што ўзамен? І як вы мяркуеце, заходнія суразмоўцы на гэта адказвалі — не, мы нічога вам ня можам абяцаць, зрабіце тое, што трэба, станьце дэмакратыяй, а потым мы падумаем? А вось мне здаецца, што ня так адказвалі, што вялі гандаль.

А мысьляры, кшталту мяне ці шаноўных калегаў, гадаюць — а на што пойдзе Захад? Дык гэта ўжо вядома, напэўна. Толькі ня нам, на жаль.

І за год напэўна пра нешта дамовіліся. А мысьляры, кшталту мяне ці шаноўных калегаў, гадаюць — а на што пойдзе Захад? Дык гэта ўжо вядома, напэўна. Толькі ня нам, на жаль.

Але можна ўявіць сабе, што гэта можа быць. І хутчэй за ўсё гэта плюс мінус тыя рэчы, пра які напісаў Андрэй Дзьмітрыеў. Гэта крокі па лібэралізацыі, а не дэмакратызацыі існага ў Беларусі рэжыму, крокі сытуацыйныя, а не інстытуцыйныя.

Нельга, не перастаючы быць аўтарытарнай сыстэмай, выключыць зьяўленьне палітвязьняў наагул. Але можна ў пэўны момант вызваліць усіх існых палітвязьняў. Зроблена. Немагчыма, застаючыся аўтарытарнай сыстэмай, забясьпечыць свабоду асацыяцыяў. Але можна канкрэтна зарэгістраваць БХД і «Гавары праўду». Як у 2008 годзе зарэгістравалі «Рух за Свабоду» Мілінкевіча. У падобнай сытуацыі і па падобных матывах. Свабода слова? Не. Акрэдытацыя Белсату? Чаму не, магчыма. Так за так, tit for tat, як гавораць ангельцы. Нешта, што ня ёсьць замах на сутнасьць аўтарытарнага рэжыму, можна і саступіць.

Здолеюць беларусы самі па сабе дамагчыся гэтага — ані Брусэль, ані Вашынгтон на абарону беларускага дыктатара ня кінуцца. А калі не, то Захад будзе дамагацца ад яго таго, чаго ён можа дамагчыся.

А як жа свабодныя выбары? А гэта справа беларусаў. Калі ёсьць сіла, то можна што заўгодна запатрабаваць. Напрыклад, каб Лукашэнка цалаваў ногі Фядуту. Ці Статкевічу. Ці Караткевіч. Ці ўсім разам. Ці каму скажуць. Ці каб свабодныя выбары правёў. Ці каб наагул зьнік і не назаляў вочы прыстойным людзям. Падазраю, што Захад такую пэрспэктыву горача б вітаў. Але, як там кажуць, up to you — далей вашая справа. Здолеюць беларусы самі па сабе дамагчыся гэтага — ані Брусэль, ані Вашынгтон на абарону беларускага дыктатара ня кінуцца. А калі не, то Захад будзе дамагацца ад яго таго, чаго ён, Захад, можа дамагчыся. З улікам і сваіх інтарэсаў, і рызыкаў, і досьведу камунікацыі з дыктатарамі па ўсім сьвеце, які ў Захаду даволі вялікі.

Пэўная лібэралізацыя — гэта збольшага ўсё, чаго ў канкрэтных міжнародных і беларускіх умовах можа Захад дамагчыся ад беларускага дыктатара. Астатняе — справа саміх беларусаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG