Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якаўлеўскі: З новай польскай уладай абвострыцца няпростае ў Беларусі пытаньне пра „карту паляка“


Парлямэнцкія выбары ў суседняй для Беларусі Польшчы скончыліся пераканаўчай перамогай кансэрватыўнай партыі «Права і справядлівасьць» экс-прэм’ера Яраслава Качыньскага. Кіроўная дагэтуль лібэральная партыя «Грамадзянская плятформа» перадасьць уладу кансэрватарам. Як зьмена ўлады ў Польшчы можа адбіцца на беларуска-польскіх дачыненьнях?

Адно з адрозьненьняў «Права і справядлівасьці» ад «Грамадзянскай плятформы» — у тым, што партыя Качыньскага больш увагі аддае справам палякаў замежжа, адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

«Гэта тычыцца і Беларусі. А ўлічваючы тое, што дагэтуль, на мой погляд, у Беларусі ня вырашаныя праблемы з Саюзам палякаў, дык тут будзе пытаньне з-за таго, што праўладны саюз не прызнаецца Варшавай. І гэта будзе больш уплываць на дачыненьні Беларусі і Польшчы, чым было раней.

Другое важнае пытаньне, якое таксама дагэтуль ня вырашанае, — гэта прымежны рух. Прычым з польскага боку ўсе праблемы (тэхнічныя, юрыдычныя ды іншыя) ужо даўно вырашаныя. А беларускі бок зусім не сьпяшаецца, усё цягне і цягне.

І калі мы гаворым пра палякаў замежжа, то са зьменай улады ў Польшчы, я думаю, абвострыцца і без таго няпростае ў Беларусі пытаньне пра „карту паляка“. Магчыма, што беларускія ўлады ўвядуць яшчэ большыя абмежаваньні для тых сваіх грамадзян, якія ўжо маюць „карту паляка“.

І апошняе — шкада, што беларускі прэзыдэнт, калі быў на юбілейнай сэсіі ААН, не знайшоў часу асабіста пазнаёміцца са сваім польскім калегам. Дуда знайшоў магчымасьць сустрэцца там з дэлегацыяй Казахстану. А вось з суседняй Беларусьсю сустрэчы не было. Я думаю, не было таму, што не было адпаведнага імпульсу зь беларускага боку»

XS
SM
MD
LG