Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Логвінаў» правядзе месяц польскай літаратуры. У праграме прэзэнтацыі, дыскусіі і выставы (+расклад)


У Менску пройдуць музычныя і тэатралізаваныя прэзэнтацыі, дыскусіі і выставы, прысьвечаныя сучаснай польскай літаратуры. Уваход вольны.

У кнігарні, бары і выставачнай залі «Галерэі Ў» (праспэкт Незалежнасьці, 37А) у кастрычніку-лістападзе пройдуць імпрэзы з удзелам паэтаў, музыкаў і актораў з Польшчы і Беларусі.

«Дзень усіх жывых». У чацьвер, 29 кастрычніка, будзе прадстаўленая кніга выбраных вершаў «Дзень усіх жывых» польскай паэткі Эвы Ліпскай у перакладзе беларускага паэта Андрэя Хадановіча. Імпрэза пройдзе пры ўдзеле аўтаркі з музычным аздабленьнем акардэаніста Анатоля Тарана. Пачатак а 19-й гадзіне.

«Пачытай мне комікс». У чацьвер, 5 лістапада, пройдзе прэзэнтацыя-дыскусія пра пераклад польскага коміксу «Бортнік Ігнат і скарб пушчы», прысьвечанага жыцьцю бортніка ў Белавескай пушчы пасьля падзелу Рэчы Паспалітай, з удзелам польскіх і беларускіх каміксаробаў і выдаўцоў: Томаша Самойліка і Адама Глобуса, а таксама Паўла Адамяка і Зьмітра Вішнёва. Пачатак а 19-й гадзіне.

«Забойства па-польску». У сераду, 18 лістапада, адбудзецца тэатралізаваная прэзэнтацыя раману вядомага польскага аўтара дэтэктываў Зыгмунта Мілашэўскага «Доля праўды». Раман адлюстроўвае дыялёг грамадзтва пра нацысцкую акупацыю, камуністычны рэжым і нацыяналістычную прапаганду. Удзел возьмуць акторы і перакладчыца Марына Казлоўская. Пачатак а 19-й гадзіне.

«Маладая польская ілюстрацыя». У чацьвер, 26 лістапада, у галерэі «Акадэмія» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (вул. Сурганава, 14) адкрыецца выстава ілюстрацыяў, кніжных праектаў і кніг, якія ўжо прадаюцца ў польскіх кнігарнях. Прадстаўлены працы трох маладых польскіх мастакоў: Агаты Дудэк, Монікі Хануляк і Малгажаты Новак. Імпрэза пачнецца а 17-й гадзіне. Выстава будзе доўжыцца да 13 сьнежня.

XS
SM
MD
LG