Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартовыя клюбы Беларусі зноў ацэняць на беларускамоўнасьць: мае стаць лепей?


Беларускі клюб амэрыканскага футболу «Літвіны» — часьцей англамоўны, чым беларускамоўны

Беларускі клюб амэрыканскага футболу «Літвіны» — часьцей англамоўны, чым беларускамоўны

З 20 выпадкова абраных клюбаў толькі 5 атрымалі больш за нуль балаў. Лідэры рэйтынгу мінулага году кажуць, што выкарыстоўваць беларускую мову ня так і цяжка.

Ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак пачаў складаць рэйтынг «Самы беларускамоўны спартовы клюб Беларусі». У канчатковы рэйтынг, які Случак абяцае выдаць да Калядаў, увойдзе 100 спартовых (футбольных, баскетбольных, хакейных...) клюбаў. Пакуль ён апублікаваў вынікі пятай часткі працы — ацэнку 20 клюбаў.

Толькі пяць з 20 камандаў гэтай часткі рэйтынгу атрымалі больш за нуль балаў, сярод іх лідэр — футбольны клюб «Нёман», у яго 20 балаў з 60-ці (летась клюб меў 5 балаў з 50-ці). Балы ён атрымаў за беларускамоўныя Youtube-канал, Facebook, Instagram і Twitter, беларускамоўнага дыктара частцы гульняў, беларускамоўнае табло, за частковую беларускамоўнасьць прэс-канфэрэнцыяў (таблічкі з імёнамі прадстаўнікоў клюбу) і за іншае выкарыстаньне беларускай мовы (візуальнае суправаджэньне гульняў на стадыёне — склады камандаў, імёны гульцоў і г.д.).

Хоць першыя вынікі цяжка назваць пазытыўнымі, сёлета адчуваецца пэўная тэндэнцыя да беларусізацыі спартовых клюбаў — асабліва футбольных, сьцьвярджае ў камэнтары Свабодзе Ігар Случак:

Ігар Случак

Ігар Случак

«Ідэя была — маральна падтрымаць клюбы, якія выкарыстоўваюць беларускую мову, і заахвоціць іншыя, у тым ліку „антыбеларускія“, хоць яны і знаходзяцца ў беларускім чэмпіянаце. Я шмат часу займаюся беларусізацыяй спорту і лічу, што спорт — гэта від дзейнасьці, які шмат у каго перад вачыма. Калі чалавек прыходзіць на стадыён і чуе беларускую мову, ён сам можа, мне падаецца, пераходзіць на беларускую мову. Для клюбаў ганарова быць вышэй у такім рэйтынгу. Я бачу, што мова запатрабаваная, і больш яе выкарыстоўваюць нават не адміністрацыі клюбаў, а фанаты. Я б сказаў, што ідэю беларусізацыі клюбаў я падхапіў ад фанатаў, пабачыўшы, як яны выкарыстоўваюць мову.

У гэтым годзе, параіўшыся з заўзятарамі і фанатамі, я крыху пашырыў рэйтынг. Стала не 50 балаў, а 60, але прынцып налічэньня балаў застаўся той самы. Усяго пунктаў дзесяць, па кожным пункце можна атрымаць ад 4 да 10 балаў. Можна казаць, што той ці іншы клюб не выкарыстоўвае беларускую мову — у мінулым годзе такіх было 76 са 100, — а нейкі часткова выкарыстоўвае. Калі параўноўваць зь мінулымі гадамі, я бачу, што больш клюбаў зьвяртаюцца да беларускай мовы, асабліва ў футболе.

У фэдэрацыі футболу дазволена пісаць прозьвішчы гульцоў і па-расейску, і па-беларуску. І калі ў мінулым сэзоне ніводны клюб не пісаў іх па-беларуску, сёлета па-беларуску іх пішуць ужо чатыры. У футболе не такі вялікі прагрэс ідзе, як хацелася б, але ў іншых відах спорту — амаль зусім не ідзе. У хакеі зусім дрэнная сытуацыя, нават беларуская фэдэрацыя хакею напісала, што прозьвішчы гульцоў мусяць пісацца толькі па-расейску. Можна хіба вылучыць менскае „Дынама“, у якіх нават гімн напісаны „Крамай“ па-беларуску, а „Верым-можам-пераможам“ — амаль афіцыйны брэнд».

Летась лідэрамі ў рэйтынгу Случака былі менскія футбольны клюб «Тарпэда» (38 балаў з 50) і баскетбольны клюб «Цмокі» (32 балы), а таксама бабруйскі ФК «Белшына» (29 балаў). Гэтыя клюбы яшчэ не атрымалі адзнак у сёлетнім рэйтынгу.

«Цмокі» ў гульні, архіўнае фота

«Цмокі» ў гульні, архіўнае фота

Для «Цмокаў», чэмпіёнаў Беларусі па баскетболе з 2009 па 2015 год уключна, беларуская мова — нармальная будзённая справа, а не піяр-ход, кажа Свабодзе прэс-аташэ клюбу Дзьмітры Герчыкаў:

«Не магу сказаць, як мова адбіваецца на дзейнасьці клюбу, але, здаецца, фанатам падабаецца. Для нас мова — гэта пытаньне не палітычнае, не сацыяльнае. Мы першапачаткова з павагай ставіліся да беларускай мовы і культуры, а пасьля рэбрэндынгу (у 2012 годзе БК „Менск-2006“ быў ператвораны ў „Цмокі-Менск“. — РС) бачылі гэта проста як натуральны шлях разьвіцьця. Для нас гэта ня нейкая спроба вылучыцца, гэта проста нармальная штодзённая праца, ніякай звышувагі гэтаму не надаём — для нас гэта натуральна. Мы лічым, што гэта проста павінна быць у грамадзтве. Спадзяюся, і ў гэтым годзе будзем пераможцамі ў рэйтынгу.

Але кожны ідзе сваім шляхам. Мо іншыя клюбы перасьледуюць іншыя мэты, мо разьлічваюць на іншую аўдыторыю, спэцыяльна вывучаюць аўдыторыю, а па выніках вырашаюць працаваць на расейскай мове».

Іншыя спартовыя клюбы могуць і не задумвацца пра мову, а працаваць па-расейску проста дзеля звычкі, распавёў Свабодзе Аляксей, які працуе дыктарам на стадыёне ФК «Тарпэда»:

«У нас мова працягвае выкарыстоўвацца ў такім жа памеры, як было ў тым годзе. Рады, што ў іншых клюбах гэтая тэндэнцыя прасочваецца. Думаем, што будуць у пазытыўным сэнсе канкурэнты.

На маю асабістую думку, выкарыстаньне мовы залежыць толькі ад людзей, якія працуюць у клюбах. У некаторых клюбах не выкарыстоўваецца мова, напэўна, па нейкай звычцы. Ня думаю, што там людзі лічаць, маўляў, мова можа нанесьці нешта нэгатыўнае на клюб. Хутчэй, проста не задумваюцца, што калі б рабілі па-беларуску, быў бы іншы эфэкт, мова магла б паспрыяць пазытыўнаму іміджу. Вы ж заўважаеце, што шмат кампаніяў, ня толькі беларускіх, паступова пачынаюць выкарыстоўваць беларускую мову — і робяць гэта на падмурку маркетынгавых дасьледаваньняў, бачаць рэакцыю людзей.

У нашым клюбе рэакцыя людзей на беларускую мову дастаткова пазытыўная, адзначаюць, што гэта файна. Ніякай адмоўнай рэакцыі, прынамсі за час маёй працы ў клюбе, я ня чуў. Ніякіх праблемаў з разуменьнем абвестак на стадыёне па-беларуску ці сайта па-беларуску няма, наадварот, успрымаецца толькі як „гэта сваё“, „гэта беларускі клюб, таму павінна быць беларуская мова“».

XS
SM
MD
LG