Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: Распараджэньне Лукашэнкі падарыць амбасадару Швэцыі кнігі Алексіевіч выконваецца


Марцін Обэрг, пасол Швэцыі ў Беларусі

Марцін Обэрг, пасол Швэцыі ў Беларусі

Міністэрства замежных спраў Беларусі займаецца выкананьнем распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі — падарыць амбасадару Швэцыі Марціну Обэргэ выданьне кніг ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі, беларускай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч.

Пра гэта паведаміў БелаПАН прэс-сакратар беларускага МЗС Дзьмітры Мірончык: «Такое даручэньне ёсьць, і яно будзе выканана».

Паводле Марціна Обэргэ, 26 кастрычніка зь ім зьвязваліся з МЗС Беларусі і пацьвердзілі, што ўручэньне кніг будзе. Але пакуль не зусім ясна, як і калі гэта адбудзецца, дадаў амбасадар. «Усё атрымалася зусім спантанна. Ня ведаю нават, ці ёсьць у іх гэтыя кнігі», — сказаў кіраўнік швэдзкай дыпмісіі.

Кіраўнік Беларусі загадаў падарыць кнігі Алексіевіч швэдзкаму паслу 23 кастрычніка падчас цырымоніі, калі ў Лошыцкім парку ў Менску саджалі дрэва міру ў гонар 70-годзьдзя заснаваньня ААН.

Тады Лукашэнка нефармальна пагутарыў з замежнымі дыпляматамі. Амбасадар Швэцыі павіншаваў Лукашэнку з атрыманьнем Беларусьсю Нобэлеўскай прэміі па літаратуры. Кіраўнік дзяржавы адказаў: «Вы хоць страпянулі нашу грамадзкасьць. Яны пачынаюць думаць: гэтая Нобэлеўская прэмія, а што гэта такое, як там Лукашэнка да гэтага паставіцца? Кажуць, яна (Сьвятлана Алексіевіч) — апазыцыянэрка нейкая, а я і ня чуў пра гэта. Таму вы ня слухайце. Апазыцыянэрка, не апазыцыянэрка... У яе ёсьць свая думка, яна была і ў савецкія часы. Гэтую думку кожны чалавек мае права мець пры сабе і яе выказваць. Але яна на барыкады нікога ня клікала».

Калі пасол Швэцыі заўважыў, што ён прачытаў яшчэ ня ўсе кнігі Алексіевіч, Лукашэнка сказаў: «Іх ня так шмат. Я вам магу падарыць гэтыя пяць кніг, вы ж на рускай добра чытаеце? Уладзімер Уладзімеравіч (міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. — РС), ад майго імя падары амбасадару апошняе выданьне».

XS
SM
MD
LG