Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывісты зь Бярозы дамагліся ад міліцыянтаў зьніжэньня платы за ахову пікету


Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі даручыла Берасьцейскай абласной управе міліцыі ўнесьці зьмены ў дамову паміж Бярозаўскім РУУС і грамадзянкай зь Бярозы Тацянай Тарасевіч аб ахове пікету, які прайшоў у горадзе 27 ліпеня.

Актывісты зь Бярозы злавілі мясцовых міліцыянтаў на парушэньні дамовы аб ахове пікету і дамагліся загаду з МУС аб зьніжэньні платы за паслугі.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі даручыла Берасьцейскай абласной управе міліцыі ўнесьці зьмены ў дамову паміж Бярозаўскім РУУС і грамадзянкай зь Бярозы Тацянай Тарасевіч аб ахове пікету, які прайшоў у горадзе 27 ліпеня.

Загад, падпісаны намесьнікам начальніка Галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Д.А.Кур’янам, стаў вынікам шматлікіх скаргаў, якія падавалі арганізатары пікету.

Праваабаронцы Сяржук Русецкі, Тамара Шчапёткіна і мясцовая актывістка Тацяна Тарасевіч паскардзіліся на тое, што міліцыя Бярозы ня ў поўным аб’ёме выканала абавязкі, якія брала на сябе паводле дамовы. А менавіта — па ахове пікету цягам 3 з паловай гадзін сіламі 10 супрацоўнікаў вышэйшага і сярэдняга кіраўнічага складу.

У выніку за пікет з арганізатараў міліцыя запатрабавала 4 мільёны рублёў, хоць «напрацавала», як лічаць праваабаронцы, усяго на 2 мільёны.

Праваабаронца Тамара Шчапёткіна распавяла пра тое, як актывісты злавілі праваахоўнікаў на падмане.

Тамара Шчапёткіна

Тамара Шчапёткіна

«Мы адразу замаўлялі пікет толькі на адну гадзіну — з 18 да 19 гадзіны вечара. Але міліцыянты сказалі, што ім трэба больш за 3 гадзіны і напісалі ў дамове, што пачнуць працаваць з 4-й гадзіны дня да паловы на 8-ю, прычым 10 чалавек: 5 афіцэраў вышэйшага каманднага складу і 5 — сярэдняга.

Мы кажам ім, што ў нас усяго пікет 10 чалавек, навошта нам столькі ахоўнікаў? Але гэта было адмыслова, каб нагнаць такую цану нібыта за іхнія паслугі.

І вось яны нам далі такі рахунак, што гадзіна працы міліцыянта вышэйшага каманднага складу каштуе 104 тысячы рублёў, сярэдняга — 92 тысячы, іншыя выдаткі — 600 тысяч, і ўсяго налічылі 4 мільёны 61 тысячу рублёў.

Мы мусілі пагадзіцца, бо гэта быў першы пікет за 18 год у Бярозе, які дазволілі.

Але прыйшлі дакладна а 16-й гадзіне, а іх нікога на месцы не аказалася. Яны зьявіліся толькі ў 17.05. І то прыехалі пяць чалавек, а ня дзесяць.

Потым, ужо пасьля пікету, міліцыянты сказалі, што астатнія былі недзе на стадыёне. А мы ім на гэта: у дамове ідзе гаворка пра ахову пікету каля ўваходу на стадыён, пры чым тут іншыя месцы? Вось з чаго пачалася гэтая спрэчка.

Раённы начальнік міліцыі, цяпер ужо былы, катэгарычна адмовіўся рабіць пераразьлік. Мы пачалі скардзіцца, спачатку да іх, потым у абласную міліцыю, і ўрэшце атрымалі адказ з МУС, што пераразьлік будзе зроблены. Але Бярозаўскі РУУС пакуль нам нічога не даслаў, на колькі яны саступяць», — паведаміла Тамара Шчапёткіна.

Плата за паслугі па ахове пікетаў, мітынгаў ды іншых масавых мерапрыемстваў можа спаганяцца па рашэньні органа мясцовай улады паводле Закону аб масавых мерапрыемствах, які быў прыняты ў 1998 годзе. Доўгі час гэтае палажэньне закону фактычна ня дзейнічала, але з пачатку 2010-х гадоў яно запрацавала «напоўніцу», адзначаюць праваабаронцы.

Капыльскі актывіст Віктар Дашкевіч зазнаў гэта на ўласным кашальку. У сакавіку 2015 году спадар Дашкевіч правёў дазволены пікет, за які заплаціў больш як 400 тысяч рублёў. І гэтаксама, як і ў Бярозе, паводле актывіста, міліцыянты запатрабавалі, каб іхнія паслугі ўлічваліся не за гадзіну, а за тры гадзіны.

Віктар Дашкевіч

Віктар Дашкевіч

«Казалі, што ім трэба пляцоўку праверыць ажно за дзьве гадзіны да пікету — а можа, там якая выбухоўка закладзеная. Такую „локшыну“ мне вешалі. А хадзілі адзін падпалкоўнік у цывільным, адзін з камэрай, які здымаў, і міліцыянт у форме сядзеў у аўтамабілі. Чалавекі тры, ня больш, мяркую».

Віктар Дашкевіч згадаў, што капыльскія мэдыкі ўзялі зь яго за пікет каля 60 тысяч, а камунальнікі ўвогуле адмовіліся браць грошы за сьмецьце, якога не было.

Пры гэтым Віктар Дашкевіч з Капыля, як і Тамара Шчапёткіна зь Бярозы, перакананыя, што паслугі па ахове масавых мерапрыемстваў увогуле не павінны быць платнымі. Але мясцовыя актывісты мусяць пагаджацца іх аплачваць, інакш не атрымаюць дазволу на тое, каб правесьці акцыю.

Сябра Рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка кажа, што ў ніводнай краіне Эўропы няма гэткай практыкі, і называе яе цалкам незаконнай.

Тацяна Равяка

Тацяна Равяка

«Правядзеньне масавых мерапрыемстваў — пікетаў, мітынгаў, дэманстрацыяў — гэта канстытуцыйнае права грамадзян. Яно замацавана ў Канстытуцыі і гарантавана нам міжнароднымі дамовамі, якія Беларусь ратыфікавала. І дзяржава абавязана забясьпечыць грамадзянам іхняе права, яна не павінна браць грошы за рэалізацыю грамадзянамі іхніх правоў. Бо грамадзяне плацяць падаткі, у тым ліку на ўтрыманьне сілавых структураў, мэдычных установаў, камунальных службаў. Калі міліцыя бярэ грошы за ахову пікету — гэта падобна да таго, што сьледчы будзе браць зь мяне грошы за пошук злодзея, які ў мяне нешта скраў. Гэта нонсэнс».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG