Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр акадэмік Мікалай Барысевіч

  • БелаПАН

Вядомы беларускі навуковец, акадэмік Мікалай Барысевіч памёр 25 кастрычніка ў Менску на 93-м годзе жыцьця, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Разьвітаньне зь ім пройдзе 28 кастрычніка ў 11.00 у будынку прэзыдыума НАН Беларусі. Грамадзянская паніхіда пачнецца ў 12.30.

Мікалай Аляксандравіч Барысевіч нарадзіўся 21 верасьня 1923 года ў пасёлку Лучны Мост (Менская вобласьць). Ваяваў падчас Вялікай Айчыннай вайны, спачатку як падпольшчык і партызан, а з 1944 года быў артылерыстам рэгулярнай арміі, дайшоў да Бэрліна. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі Айчыннай вайны першай і другой ступені, мэдалямі.

У 1950 годзе Мікалай Барысевіч скончыў БДУ. Пасьля вучобы быў залічаны ў штат Акадэміі навук БССР, працаваў у галіне оптыкі і спэктраскапіі, лазэрнай фізыкі і інфрачырвонай тэхнікі. У 1969–1987 гадах узначальваў АН БССР.

«З яго імем зьвязана бурнае разьвіцьцё ў БССР фізыкі, матэматыкі, інфарматыкі, хіміі, навук пра Зямлю, фотабіялёгіі і іншых навук, — адзначылі ў прэс-службе НАН Беларусі. — Ён быў ініцыятарам стварэньня ў АН БССР канструктарскіх бюро, досьледна-прамысловых вытворчасьцяў, рэгіянальных навуковых цэнтраў, разьвіцьця работ па абароннай тэматыцы. Пад кіраўніцтвам Мікалая Аляксандравіча Барысевіча АН БССР стала адной з найлепшых акадэмій Савецкага Саюза, вучоныя БССР па шэрагу найважнейшых навуковых кірункаў занялі вядучыя пазыцыі ў сьвеце».

Аўтарству Барысевіча належыць адкрыцьцё эфэкту «стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных малекул пабочнымі газамі», а таксама больш як 600 навуковых працаў.

За навуковую дзейнасьць Мікалая Барысевіча ў 1978 годзе ўганаравалі званьнем Героя Сацыялістычнай Працы з уручэньнем ордэна Леніна і залатога мэдаля «Серп і молат». У розныя гады яго ўзнагароджвалі Ленінскай прэміяй, Дзяржаўнымі прэміямі СССР і Рэспублікі Беларусь, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, трыма ордэнамі Леніна, ордэнам Дружбы (Расія), ордэнам Францыска Скарыны.

XS
SM
MD
LG