Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыял-дэмакраты не выключалі Караткевіч з партыі. Магчыма, пакуль


Прэзыдыюм зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), архіўнае фота 2010 году

Прэзыдыюм зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), архіўнае фота 2010 году

Вынікі прэзыдэнцкай кампаніі абмеркаваў 25 кастрычніка Цэнтральны камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Для кіраўніцтва партыі гэтае пытаньне было асабліва актуальнае, бо кандыдатка на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч, якая фармальна прадстаўляла на выбарах грамадзянскую кампанію «Гавары праўду», адначасова ёсьць чальцом БСДП (Грамада). У палітычных кулюарах нават зьявіліся чуткі, што менскай гарадзкой арганізацыі даручылі разгледзець пытаньне аб выключэньні экс-кандыдаткі з шэрагаў партыі.

Старшыня сталічнай гарадзкой партыйнай арганізацыі гісторык Анатоль Сідарэвіч быў дакладчыкам на паседжаньні ЦК. У размове са Свабодай ён патлумачыў:

Анатоль Сідарэвіч

Анатоль Сідарэвіч

— Караткевіч не была прадметам абмеркаваньня. У парадку дня было пытаньне — «Вынікі палітычнай кампаніі „Выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь“». Мы прынялі кампрамісную рэзалюцыю, якую прапанаваў Алег Трусаў. У гэтай пастанове прозьвішча Караткевіч наагул ня згадваецца.

— Але, мабыць, падчас дыскусіі ўзьнікала пытаньне пра яе?

— Так, я і ў дакладзе яе згадваў. І ўдзельнікі дыскусіі — таксама. Але ніякай указкі наконт яе лёсу не было.

— Аднак паколькі дыскусія была, то, мабыць, нехта яе асуджаў, нехта падтрымліваў?

— Я так скажу: заступнікаў Тацяны Караткевіч практычна не было. Але мы — сацыял-дэмакраты. І мы ня сячэм з-за пляча. А як яно будзе разгортвацца далей, пабачым.

Тацяны Караткевіч на паседжаньні ЦК не было. Яна дагэтуль у замежных паездках. Вярнуцца ў Беларусь мае бліжэй да канца гэтага тыдня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG