Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве памінаюць ахвяраў трагедыі на Дуброўцы


У Маскве сёньня каля Тэатральнага цэнтру на Дуброўцы адбудзецца акцыя памяці загінулых 13 гадоў таму ў выніку захопу закладнікаў і апэрацыі па іх вызваленьні.

23 кастрычніка 2002 году ў час паказу мюзіклу «Норд-Ост» тэрарысты захапілі 912 чалавек і ўтрымлівалі іх на працягу трох дзён. Выратавальная апэрацыя з ужываньнем газу, склад якога засакрэчаны, абярнулася гібельлю 130 чалавек.

У 2011 годзе Эўрапейскі суд па правах чалавека, разгледзеўшы калектыўную скаргу пацярпелых у выніку тэракту на Дуброўцы, прызнаў, што расейскія ўлады парушылі права на жыцьцё і на справядлівае судовае разьбіральніцтва. Акрамя прызначэньня грашовых кампэнсацый, Страсбур абавязаў Расею аб’ектыўна расьсьледаваць абставіны правядзеньня апэрацыі па вызваленьні закладнікаў, падчас якой загінулі людзі. Былыя закладнікі і сваякі тых, хто загінуў пры штурме, перакананыя, што адказнасьць за шматлікія ахвяры ляжыць ня толькі на тэрарыстах, але і на расейскіх уладах. Аднак Сьледчы камітэт Расеі адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу.

Памятныя захады праводзіць рэгіянальная Грамадзкая арганізацыя садзейнічаньня абароне пацярпелых ад тэрарыстычных актаў «Норд-Ост». Яны пачнуцца з хвіліны маўчаньня, затым выступяць сьведкі і відавочцы тых падзей. Пасьля жалобнага мітынгу ў неба запусьцяць 130 белых паветраных шароў — толькі, колькі было ахвяраў трагедыі. Пры гэтым кожнага загінулага ўспомняць пайменна.

XS
SM
MD
LG