Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Леанід Дранько-Майсюк


Аўтар фота: Джон Кунстадтэр.
Аўтар фота: Джон Кунстадтэр.

Леанід Дранько-Майсюк нарадзіўся 10 кастрычніка 1957 у Давыд-Гарадку, што на Гарыні, у сям’і цесьляра Васіля і агародніцы Любы. Скончыў давыд-гарадоцкую сярэднюю школу № 2 (1974). Рабіў на «Хабішчах» — на мясцовым заводзіку сьлясарна-мантажнага інструмэнту (1974-1976). Дзякуючы расейскай пісьменьніцы Лідзіі Абухавай паступіў на завочнае аддзяленьне маскоўскага Літаратурнага інстытуту імя А. М. Горкага ў паэтычны сэмінар Д. Кавалёва (1975). Быў прызваны на службу ў армію (1976). Адслужыўшы, перавёўся ў Літаратурным інстытуце на вочнае навучаньне — спачатку ў сэмінар С. Смірнова і У. Мількова, а пазней — Я.Ісаева і У. Мількова (1978). Па вучобе з Масквы пераехаў у Менск і з ласкі Міхала Дубянецкага пачаў працаваць у выдавецтве «Мастацкая літаратура» (1982). Са жніўня 2002 — на вольнай працы. Сябар Саюза беларускіх пісьменьнікаў.

Аўтар кніг: «Вандроўнік» (1983), «Над пляцам» (1986), «Тут» (1990), «Проза радости» (Масква, «Советский писатель», 1991), «Пра тое, як я...» (1992), «Акропаль» (1994), «Стомленасьць Парыжам» (1995), «Гаспода» (1998), «Места і сьвет» (2000), «Паэтаграфічны раман» (2002), «Вершы. Каханьне. Проза» (2003), «Белая вежа» /у суаўтарстве з Ю. Кабанковым/ (Уладзівасток, 2004), «Цацачная крама» (2008), «Анёлак і я» (2009), «Кніга для спадарыні Эл» (2012). Зьяўляецца ляўрэатам прэміі «Залаты апостраф» за нізку апавяданьняў надрукаваных у 2005 у часопісе «Дзеяслоў».


1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

«Польку беларускую» напісаў для ўсяго народу, «Горад Боны і Давыда» — для Давыд-Гарадка, «Стомленасьць Парыжам» — для аматараў высокай паэзіі; «Анёлак і я» створаны для ўдумлівых чытачоў, «Штабс-фэльдфэбель Брукман» — для людзей, якія любяць ваенную прозу, «Пляцяр Піліп» — для прыхільнікаў народных апавяданьняў, «Кніга для спадарыні Эл» — для спадарыні Эл...

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Я праехаў усю Эўропу і толькі ў Парыжы, у Люксэмбургскім садзе, склаў адзін (толькі адзін!) верш «У стомленасьці ёсьць тваё імя...» — з гэтага вынікае, што найлепш пішацца мне толькі дома, там, дзе мая сям’я.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Такіх кніг вельмі шмат, усе яны беларускія і няпоўны іхні сьпіс прыкладна такі — «Вянок» М. Багдановіча, «Спадчына» Янкі Купалы, «Новая зямля» Якуба Коласа, «Дзьве душы» М. Гарэцкага, «Сястра» Кузьмы Чорнага, «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля, «Людзі на балоце» І. Мележа, «Сотнікаў» В. Быкава, «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіча, «Загадка Багдановіча» М. Стральцова, «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» У. Някляева, «Шчасьце быць...» Барыса Пятровіча, «Малітва воч» Э. Акуліна, ​ "Алімпіяда" І. Пташнікава і "Гаспадар-камень" Г. Далідовіча. ​

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Ваця Браніславец — герой раману Кузьмы Чорнага «Сястра».

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Кніг улюбёных шмат, а пісьменьнік адзін — Міхась Стральцоў.

6. Што вы цяпер чытаеце?

П’есу Васіля Дранько-Майсюка «Сатурніянка» — твор пра эфэмэрныя дзівосы нашай сучаснасьці і вечныя напружаныя цуды жыцьця і творчасьці Язэпа Драздовіча.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Вывучаючы ў віленскіх архівах 1920-я і 1930-я гады (эпоху Заходняй Беларусі), навучыўся чытаць па-польску.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Стомленасьць Парыжам».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Хачу напісаць аповесьць пра час акупацыі немцамі майго роднага Давыд-Гарадка.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі ні пра што ня думаю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG