Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыбар: паміж горадам і вёскай


Стыхійны сход у Прыбары
Стыхійны сход у Прыбары

У вёсцы Прыбар, што за дваццаць кілямэтраў ад Гомеля ў бок Рэчыцы, ёсьць мікрараён «Прыбар-Заходні». Гэта гарадзкі мікрараён сярод вясковых прастораў, які адміністрацыйна належыць да Савецкага раёну абласнога цэнтру. Гэтаксама, як пасёлак Касьцюкоўка да Чыгуначнага ці Бярозкі да Навабеліцкага раёну. У выходныя пад сотню жыхароў мікрараёну сабраліся каля сельскага клюбу на стыхійны сход, каб пратэставаць супраць намеру ўладаў вярнуць мікрараён у падпарадкаваньне Гомельскаму раёну, адпаведна і Прыбарскаму сельскаму савету.

«Навошта людзей тузаць? Мы што — статак?»

Каля вясковага клюбу грамада гудзе, як растрывожаны вулей. Ніхто ані з Гомельскага гарвыканкаму, ані з адміністрацыі Савецкага раёну у Прыбар не прыехаў. Таму пытаньні сыплюцца на адрас прадстаўнікоў вулічнага камітэту.

Ігар Дзясятнікаў: «Адлучэньня ня будзе. Як адносіліся да гораду, так і будзем».

Кабета: «І межы ўжо ўстаноўлены?»

Іншая кабета: «А навошта ўвесь гэты сыр-бор?»

Ігар Дзясятнікаў: «Увесь сыр-бор? Тут вось прадстаўнік з вуліцы Ўзоўскай — ён і патлумачыць».

Прадстаўнік: «Я быў у гарадзкога архітэктара і задаў яму пытаньне:

„Навошта гэты сход?“ Я не хачу падманваць, але ён адказаў: „Ваша ранейшае рашэньне ўладзе не спадабалася“. Такі быў адказ архітэктара».

Сваё слова ўладам жыхары сказалі яшчэ ў студзені - у вёску ня пойдзем
Сваё слова ўладам жыхары сказалі яшчэ ў студзені - у вёску ня пойдзем

Галасы: «Навошта зноў людзей тузаць?», «Так, мы ж ужо вырашылі, падпісаліся!»

Кабета: «Нахабства такое. Учора ўвечары, супрацоўніца клюбу сказала, прыйшла тэлефанаграма з Савецкага райвыканкаму: сход адмяніць! Мы што — статак? Нас ніхто не парупіўся папярэдзіць, што сход адменены. Гэта што за бардак такі?!»

Малады гаспадар Кірыл тлумачыць: «Мы сёньня сабраліся тут, паколькі прадстаўнікі Савецкага раёну Гомеля расклеілі аб’явы, што ў сельскім клюбе адбудзецца сход па пытаньні адчужэньня мікрараёну „Прыбар-Заходні“ на карысьць сельсавету».

Жывуць у «Прыбары-Заходнім» у прыватных дамах каля дзьвюх з паловай сотняў сем’яў. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што гарадзкія чыноўнікі прыдумалі гэты мікрараён пры чыгунцы Гомель-Калінкавічы-Берасьце, каб і самім тут пабудавацца. Яны і на сьвежым паветры, і з гарадзкімі выгодамі. Было гэта ў дзевяностых гадах цяпер ужо мінулага стагодзьдзя. Але начальнікі сюды ўрэшце не паехалі. Знайшліся тэрыторыі бліжэйшыя да гораду і ў радыяцыйным сэнсе чысьцейшыя. Таму, відаць, і засталіся зарастаць лесам дзясяткі вольных участкаў.

Залатыя горы абярнуліся...

Шараговыя гараджане перабіраліся ў «Прыбар-Заходні», каб мець свой дом, агародзік, каб не стаяць у чарзе на кватэру.

«Калі ў 90-х прапаноўвалі гэтыя ўчасткі, то абяцалі залатыя горы, — тлумачыць Ігар Дзясятнікаў. — І каналізацыю, і асфальтавае пакрыцьцё вуліц, і школы, і паліклініку, і краму прыстойную. Уладныя чыноўнікі ў горадзе мяняліся, і ўсё на гэтым заканчвалася. Мы самі дамагліся, каб правялі газ, ваду. Зрабілі каналізацыю на палову паселішча , але закапалі. Людзі патрабуюць, каб давялі мікрараён да ладу. І найперш — заасфальтавалі дарогі. Мы ж адносімся да жыхароў Гомеля».

Папаўняўся мікрараён новымі жыхарамі яшчэ і ў 2008 годзе. Прычым, участкі пад забудову Гомельскі гарвыканкам выдзяляў тут праз аўкцыёны. Няхай яны каштавалі ня столькі, як у Драздах пад Менскам, але плаціць даводзілася значную суму.

Апавядае Алег Сінельнікаў: «Я купіў участак у „Прыбары-Заходнім“ з аўкцыёну паводле дэкрэту прэзыдэнта як чалавек, які мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Дата правядзеньня аўкцыёну — 1 жніўня 2008 году. Прадавец: Гомельскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Кошт продажу — 3169 даляраў ЗША, плюс 400 даляраў за афармленьне, за дакумэнтацыю. Атрымалася агулам тры з паловай тысячы даляраў. Я браў крэдыт пад гэты ўчастак. Мяне пасьля пабудовы дому зьнялі з чаргі ў Чыгуначным раёне Гомеля».

Пратакол аўкцыёну Алега Сінельнікава
Пратакол аўкцыёну Алега Сінельнікава

«Вярніце мне 60 тысяч даляраў»

Жыхары мікрараёну яшчэ ў студзені на сходзе выказаліся супраць пераводу мікрараёну ў падпарадкаваньне сельскаму раёну. Для іх гэта будзе азначаць рэзкае падвышэньне расходаў на розныя плацяжы. Пра гэта, у прыватнасьці, кажа Віталь Саўчук:

«Губляем найперш гарадзкі аўтобус, каб вазіць дзяцей у школу. Кошт гарадзкога аўтобуса каля пяці тысяч. Кошт маршруткі, якая ідзе ў вёску — 13 тысяч. Розьніца 8 тысяч. Туды й назад — 16 тысяч на дзень губляеш толькі на аднаго чалавека. Я не такі багаты, каб губляць такія грошы. За дзіцячы садок цяпер я плачу 50 адсоткаў. У гарадзкой паліклініцы — добрыя лекары. Ёсьць выбар школы. Тут у нас шмат цыганоў. Я не расіст, але я б не хацеў, каб маё дзіця зь імі вучылася.

Я ўсе жыцьцё пражыў у Гомелі, стаяў у чарзе на пашырэньне жытла. У мяне быў выбар паміж кватэрай і будаўніцтвам дому. Я выбраў пабудову дому. Кошт яго на цяперашні момант — 90 тысяч даляраў. Калі мікрараён аднясуць да сельскай мясцовасьці, гэта будзе ўжо 30 тысяч. У такім разе вярніце мне мае 60 тысяч даляраў — так атрымліваецца. Вы ж мяне рабуеце, проста рабуеце».

Віталь Саўчук
Віталь Саўчук

Абарону супраць свавольства гарадзкіх чыноўнікаў тутэйшыя жыхары спрабавалі шукаць у аблвыканкаме:

«Не патрапілі мы да губэрнатара, патрапілі да ягонага намесьніка Гарбачова. Прыехаў ён сюды да нас, пахадзіў, парадаваўся, што мы ў чыстых пантофлях ходзім — і ўсё. Запытаўся яшчэ: каму трэба было рабіць тут горад? Я адказваю: „Дык вы ж самі й зрабілі!“ На гэтым усё й скончылася. Мы зараз патрабуем замацаваць нас афіцыйна за Гомелем. Афіцыйна! Каб мы ў любую інстанцыю маглі зьвярнуцца як жыхары гораду Гомеля, а не як невядома хто. Мы будзем патрабаваць, каб у нас былі асфальтавыя дарогі, свой лекар-тэрапэўт — было ўсё, як і ў Гомелі. Мы — жыхары гораду».

На стыхійным сходзе грамада з мікрараёну «Прыбар-Заходні» прагаласавала за пераабраньне кіраўніка вулічнага камітэту — ім стаў Сяргей Акунец:

У цэнтры - новы кіраўнік вулічнага камітэту Сяргей Акунец
У цэнтры - новы кіраўнік вулічнага камітэту Сяргей Акунец

«Бяда і праблема нашага паселішча — невялікая населенасьць. Людзям участкі не выдзяляюць. Я сваёй дачцэ хацеў узяць участак і пабудаваць дом. Дайшло да абсурду. З аўкцыёну я павінен быў купіць участак за 10 тысяч даляраў, каб дачка магла пабудавацца і жыць тут з сваёй cям’ёй. А ўчасткі тыя стаяць пустыя, яны зарасьлі ўжо лесам — яны нібыта маюць нейкіх незразумелых уладальнікаў. З-за гэтага і не разьвіваецца інфраструктура паселішча. І, як мы думаем, улады таму й вырашылі аддаць нас з гораду ў вёску. Мяне і ўсіх нас гэта абурае. Нас проста падманулі».

Дарога паміж горадам і вёскай

Калі сход скончыўся, мясцовыя жыхары прапанавалі журналістам прайсьці ад цэнтру Прыбару напрасткі ў свой гарадзкі мікрараён. Дарога гэтая нагадвае хутчэй шлях праз звалку.

Дарога паміж горадам і вёскай
Дарога паміж горадам і вёскай

Уражаньне такое, што ні мясцовыя ўлады, ні чыноўнікі ад экалёгіі сюды ніколі не заглядвалі, а калі й заглядвалі, то хіба толькі ў ружовых акулярах. Гэта якраз тое месца, дзе «залатыя горы» ператварыліся ў горы сьмецьця. Кабета: «Мы вам паказваем дарогу паміж горадам і вёскай, якой мы ходзім. У нас чыстата й парадак, машына сьмецьце зьбірае. А колькі кветак у людзей! А тут... І каб мы перайшлі ў гэтае сьвінства? Ніколі ў жыцьці!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG