Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казько: Лукашэнка злуецца, бо людзі прыслухоўваюцца да Алексіевіч, а не да яго


Віктар Казько

Віктар Казько

Пісьменьнік, ляўрэат літаратурнай прэміі Гедройця ў 2015 годзе Віктар Казько адзначае, што прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка дэманструе неспагадлівае стаўленьне ня толькі да канкрэтнай асобы нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, а да ўсёй культуры, да таго, што мае прыкметы беларускай сацыянальнасьці:

«Яму хочацца, каб мы былі як авечкі ў загоне, слухалі, што скажа пастух-правадыр. Але ў мастацтве так ня можа быць. Мастак таму і мастак, што мае сваё меркаваньне. І толькі праз адлюстраваньне гэтага меркаваньня можа адбывацца творчасьць. Мастакі ня хочуць быць у статку, брахаць на загад.

Сьвятлана Алексіевіч — асоба, да якой прыслухоўваюцца. Як да Коласа, як да Купалы. Таму што ў словах такіх літаратараў заўсёды ёсьць нешта прарочае. Вось Лукашэнка і злуецца, што людзі хутчэй прыслухаюцца да Алексіевіч, чым да яго».

Віктар Казько падкрэсьліў, што вельмі высока цэніць творчасьць Сьвятланы Алексіевіч, але адзначыў, што ў «нобэлеўскія кабінэты Беларусі дарогу праклаў Васіль Быкаў».

24 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка, наведаўшы творчы вечар расейскага кампазытара Віктара Дробыша, які быў арганізаваны ў «Менск-Арэне», зрабіў рэзкую заўвагу «творчым асобам, нават ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі» з нагоды таго, што яны кепска выказваюцца пра Беларусь за мяжой:

«Скажу зноў жа пра нашых асобных „творцаў“, творчых асобаў, нават ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, якія не пасьпелі яшчэ яе атрымаць, выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну. Гэта няправільна, гэта не апазыцыйнасьць. Гэта абсалютна няправільна, таму што Радзіму, сваю зямлю, як і сваіх бацькоў, сваю маці не выбіраюць. Яна такая, якая яна ёсьць. Калі ты дрэнна кажаш пра Радзіму, саромеесься яе, значыць, ты, перш за ўсё дрэнны сын», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG