Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чарнагорыя: дэманстранты выступілі супраць НАТО, затрыманыя апазыцыянэры


Улады Чарнагорыі чакаюць у сьнежні атрымаць запрашэньне для ўступленьня ў НАТО.

Чарнагорская паліцыя сьлезацечным газам разагнала ў суботу ўвечары дэманстрантаў, якія спрабавалі прарвацца да будынка парлямэнта ў Падгорыцы. Сутыкненьні адбыліся каля 22 гадзін па мясцовым часе, праз тры гадзіны пасьля пачатку апазыцыйнага мітынгу з патрабаваньнем адстаўкі ўрада прэм’ера Міла Джукановіча.

Паводле папярэдніх зьвестак, як мінімум адзін паліцэйскі пацярпеў. У акцыі пратэсту ўдзельнічалі каля пяці тысяч чалавек, хоць арганізатары мерапрыемства — прадстаўнікі апазыцыйнага «Дэмакратычнага фронту» (ДФ) — абяцалі сабраць «усю Чарнагорыю».

«Дэмакратычны фронт» з канца верасьня праводзіць рэгулярныя мітынгі, патрабуючы сфармаваць пераходны ўрад і правесьці сумленныя выбары. У выніку сутыкненьняў, якія адбыліся паміж дэманстрантамі і паліцыяй 17 кастрычніка, таксама пацярпелі некалькі чалавек і больш за 10 былі затрыманыя, уключаючы апазыцыйных палітыкаў.

Незадоўга да разгону сёньняшняга мітынгу прадстаўнік ДФ Славен Радуновіч патрабаваў ад сьпікера парлямэнта Ранкі Крывакапіча прыбыць да будынка парлямэнта і ўпусьціць апазыцыйных дэпутатаў праз галоўны ўваход. У адваротным выпадку, як ён заяўляў, ён «здымае зь сябе адказнасьць за тое, што адбудзецца». З натоўпу ў паліцыю паляцелі паходні і пэтарды. Дэманстрантам удалося зьнесьці частку загарод, аднак да будынка парлямэнта паліцыя іх не падпусьціла, адказаўшы сьлезацечным газам і шокавымі гранатамі.

У апошнія дні прэм’ер-міністр Чарнагорыі Міла Джукановіч абвінавачваў Расею і «вялікасэрбскія» сілы ў Бялградзе ў спробах зьмяніць уладу ў рэспубліцы гвалтоўным шляхам і перашкодзіць яе ўступленьню ў НАТО. Чарнагорскія ўлады чакаюць атрымаць запрашэньне ў альянс на сьнежаньскай нарадзе міністраў замежных спраў НАТО.

XS
SM
MD
LG