Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя абяцае знайсьці злодзея, які скраў крыжы ў «віцебскіх Курапатах»


У верасьні зьніклі пяць крыжоў, усталяваных мясцовымі актывістамі ў памяць пра невядомых ахвяраў, парэшткі якіх знаходзяць у лесе каля вёскі Хайсы. Чатыры крыжы знойдзены: два зь іх адшукалі самі актывісты, яшчэ два — міліцыя.

Заяву пра зьнікненьне крыжоў падаваў у міліцыю сябар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў. Ён распавёў пра тое, як вядзецца сьледзтва:

«Пасьля таго, як была пададзена заява, 5 кастрычніка міліцыянты павезьлі мяне ў лес і склалі пратакол. Я распавёў, што гэта былі драўляныя крыжы, асьвячаныя сьвятаром. І што ў Мазалаўскім сельсавеце нам сказалі, нібыта распараджэньняў іх зьнішчыць не давалі. Хоць супрацоўніца Кацярына Каралёва ўвесь час паўтарала падчас сустрэчы, што мы ня мелі права іх усталёўваць. Што яна казала міліцыі, я ня ведаю. Але празь некалькі дзён, калі мы зь сябрамі зноў паехалі ў той лес, каб паглядзець на працу пошукавага батальёну, які праводзіць эксгумацыю парэшткаў, два крыжы зь пяці знайшліся».

Крыжы ўбачыў у балоцістай нізіне актывіст Сяргей Каваленка. Ён выцягнуў іх з багны і ўсталяваў на ранейшае месца.

Ян Дзяржаўцаў зьвярнуўся ў міліцыю ўжо другі раз. Распавёў, што два крыжы адшукаліся. І міліцыянты зноў павезьлі актывіста ў лес пад Хайсамі. Цяпер — каб паспрабаваць знайсьці астатнія крыжы, гаворыць спадар Дзяржаўцаў:

«Я паказаў, дзе ляжалі два крыжы. Міліцыянт запісаў мае словы. І пачаліся пошукі. Ня ведаю, чаму гэта не было зроблена першы раз, калі мы прыяжджалі, але цяпер міліцыя шукала крыжы са мной разам. Знайшлі яшчэ два з чатырох. Я паказаў, дзе яны стаялі — там жа засталіся сьвечкі і кветкі. Усталявалі іх наноў. Я запытаўся, ці распачала міліцыю справу па маёй заяве. Аказалася, што не. Справу чамусьці не заводзілі, аднак распачалі праверку. І вось цяпер, падчас іхнае праверкі, чатыры крыжы знайшліся. Міліцыя кажа, што абавязкова будуць шукаць пяты. А таксама таго вандала, які павыдзіраў крыжы зь зямлі зь невядомымі мне мэтамі — ці проста скраў, ці знарок іх схаваў у лесе»

Прадстаўнікі аддзелу міліцыі Віцебскага раёну і раённага сьледчага камітэту распачалі праверку ў справе крыжоў у пачатку месяца. Гэтаксама ў кастрычніку ў лесе пачаў працу пошукавы батальён, выкліканы старшынём сельсавету Леанідам Дубінам. Актывісты неаднаразова зьвярталіся да яго з прапановамі прыбраць і добраўпарадкаваць участак лесу, дзе здаўна знаходзяць чалавечыя парэшткі. Чыноўнік на гэта не пагаджаецца. Пазыцыя ўладаў незразумелая, лічыць Ян Дзяржаўцаў. Яна паўтараюць вэрсію наконт таго, што чалавечыя парэшткі ў лесе належаць ахвярам Другой сусьветнай вайны. Тады чаму ў год Перамогі сельсавет не паклапаціўся аб ушанаваньні іхнай памяці належным чынам?

Актывіст мае іншае меркаваньне, якое грунтуецца на ўспамінах старажылаў бліжэйшых вёсак. Яны кажуць, што ў гэтых мясьцінах у 1937–39 гадах праводзіліся «сталінскія расстрэлы» — тут масава зьнішчалі мірных грамадзянаў. Сярод парэштак шмат чарапоў з кулявымі адтулінамі. А побач — шмат фрагмэнтаў абутку, у тым ліку жаночага і дзіцячага. Цяпер парэшткі і рэчавыя доказы зьбірае ў цыратовыя мяхі адмысловы пошукавы батальён. Ад актывістаў тым часам прынцыпова хаваюць вынікі экспэртызы, якую рабілі яшчэ летась на замову сьледчага камітэту.

XS
SM
MD
LG