Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужбы Грузіі паведамілі аб падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту ў краіне


Пратэст каля будынку тэлестанцыі Руставі-2

Пратэст каля будынку тэлестанцыі Руставі-2

Служба дзяржаўнай бясьпекі Грузіі распачала крымінальную справу па факце падрыхтоўкі дзяржаўнага перавароту.

Намесьнік кіраўніка Службы дзяржаўнай бясьпекі Леван Ізорыя заявіў на надзвычайным брыфінгу, што крымінальная справа ўзбуджаная паводле 315-га артыкулу КК «Змова з мэтай зьвяржэньня або захопу ўлады».

Па словах Ізорыя, дэпартамэнт контравыведкі атрымаў інфармацыю аб падрыхтоўцы дзяржперавароту ў выніку апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, а таксама на аснове аналізу публікацый у СМІ. Леван Ізорыя абяцаў «дасканала расьсьледаваць злачынства», хоць і не назваў фігурантаў крымінальнай справы.

Адначасова, МУС паведаміла пра ўсталяваньне камэраў назіраньня і ўзмацненьне аховы пэрыметру будынка апазыцыйнай тэлекампаніі «Руставі-2», якая ператварылася ў эпіцэнтар палітычнай актыўнасьці пасля таго, як адзін з былых уладальнікаў, бізнэсовец Кібар Халвашы, блізкі да ўладаў, пачаў судовую цяжбу з мэтай адабраць тэлекампанію ў яе цяперашніх уладальнікаў — бізнэсоўцаў Караманішвілі, якія лічацца блізкімі сябрамі экс-прэзыдэнта Саакашвілі.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода Георгі Кабаладзе, адной з падставаў узбуджэньня крымінальнай справы стала стэнаграма сустрэчы ў стамбульскім аэрапорце экс-прэзыдэнта Грузіі і кіраўніка Адэскай абласной адміністрацыі Міхэіла Саакашвілі з былым сакратаром Рады нацыянальнай бясьпекі Гігам Бакерыя. Матэрыял апублікаваны на ўкраінскім сайце wikileaks. center.

У ходзе размовы Міхэіл Саакашвілі і Гіга Бакерыя абмяркоўваюць пляны арганізацыі крывавых правакацый, у тым ліку забойстваў, а таксама зьбіцьця кіраўнікоў тэлекампаніі «Руставі-2» для дыскрэдытацыі ўлады і пачатку рэвалюцыйнага працэсу па зьвяржэньні ўраду.

Лідэры апазыцыйнай партыі Міхэіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух» катэгарычна абверглі ўсе абвінавачаньні, назваўшы ўзбуджэньне крымінальнай справы «спробай пачатку рэпрэсій супраць апазыцыі».

XS
SM
MD
LG