Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяды на Капыльшчыне: «вэртыкальшчыкі» забаранілі бязь іх дазволу асьвячаць помнік жыхарам спаленай вёскі


Мэмарыяльная пліта, якую Віктар Дашкевіч усталяваў у памяць жыхароў вёскі Калодзезнае, якую спалілі фашысты

Мэмарыяльная пліта, якую Віктар Дашкевіч усталяваў у памяць жыхароў вёскі Калодзезнае, якую спалілі фашысты

Віктару Дашкевічу з Капыля давядзецца зьвяртацца ў райвыканкам па дазвол аб правядзеньні масавага мерапрыемства, каб на Дзяды асьвяціць мэмарыяльную пліту, якую актывіст усталяваў у памяць жыхароў вёскі Калодзезнае, якую спалілі фашысты. «Запатрабавалі, каб я залічыў іх у памочнікі, тады ня трэба дазволу, але я вырашыў, што калі гэта няпраўда, дык чаго іх сюды прыпісваць, буду зьвяртацца па дазвол», — паведаміў Віктар Дашкевіч карэспандэнту Свабоды пра мясцовых «вэртыкальшчыкаў».

Віктар Дашкевіч

Віктар Дашкевіч

Трагедыя вёскі Калодзезнае адбылася ў лютым 1943 году, але да лета гэтага году месца гібелі амаль 200 сялян не было ніяк пазначана. Віктар Дашкевіч на дабрачынныя грошы з дапамогай мастака Ўладзімера Швайбовіча набыў і ўлетку ўсталяваў на ўскраіне вёскі мэмарыяльную пліту.

«Тут пахаваныя мірныя жыхары вёскі Калодзезнае, зьнішчаныя 9 лютага 1943 году фашысцкімі карнікамі. Прымі, Божа, іх душы. Помнік усталяваны на дабрачынныя ахвяраваньні», — напісана на пліце. Сярод тых, хто пералічваў грошы на дабрачынны рахунак, які адкрыў Віктар Дашкевіч, быў і амбасадар Нямеччыны ў Беларусі, якога актывіст зьбіраўся запрасіць на асьвячэньне помніка.

«Учора мяне выклікалі ў райвыканкам. Тое, што на асьвячэньне можа прыехаць амбасадар, іх найбольш зачапіла. Як так, чаму бяз нас, ды што напісаў на пліце, чаму не ўзгадніў тэкст? Хацелі, каб сказаў, што ўлады мне дапамагалі, хаця нічога яны не зрабілі. Я адмовіўся, тады мяне папярэдзілі, што гэта будзе масавае мерапрыемства, а значыць — патрэбны дазвол. Буду зьвяртацца па дазвол, што зробіш. Плянаваў асьвяціць помнік на Дзяды, але давядзецца адкласьці, бо дазвол можна будзе атрымаць толькі праз два тыдні», — сказаў Віктар Дашкевіч.

У сакавіку на Дзень Канстытуцыі актывіст БХД Віктар Дашкевіч зладзіў у Капылі пікет, на якім выставіў стэнд з партрэтамі зьніклых апазыцыянэраў і крытыкай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Выдаткі на правядзеньне пікету, амаль паўмільёна рублёў, Віктар Дашкевіч аплаціў з уласнай кішэні.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG