Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў зьняволеньня за забойства сваіх дзетак. У Гомелі вышэйшай мерай для жанчыны пакаралі маці


Гомельскі абласны суд асудзіў на 25 год зьняволеньня за наўмыснае забойства Аксану Сарокіну, якая прызнаная вінаватай у забойстве сваіх малалетніх дзяцей. 25 год зьняволеньня — максымальны тэрмін пакараньня для жанчыны ў Беларусі. Назіральнікі ня могуць згадаць, калі апошнім разам жанчыну ў Беларусі каралі гэтай мерай.

Трагедыя здарылася ў ноч на 8 красавіка 2015 году ў доме на вуліцы Оськіна ў Гомелі, дзе Аксана Сарокіна пражывала з двума дзецьмі — 11-месячнай дачкой Ангелінай і сынам Савеліем, якому было 2,5 гады. Сужыцель Сарокінай Алег, які прысутнічаў на закрытым працэсе, бо сьледзтва прызнала яго пацярпелым ў справе, гэтак пераказаў паказаньні Аксаны:

«Увечары Сарокіна вырашыла прыняць ванну, Савелія ўзяла з сабой. Сказала, што хацела расслабіцца. Сына трымала на руках, павярнуўшы сьпінай да сябе. Паводле яе словаў, у нейкі момант, задумаўшыся пра нешта, апусьціла галаву малога пад ваду і трымала да часу, пакуль ён не захлынуўся. Жанчына паслухала сэрца сына — яно ня білася. Яна пакінула мёртвага дзіцёнка ў ваннай, села за ноўтбук і набрала ў пошукавіку словы „пена з рота пра патапленьні“. Празь некалькі гадзінаў, ужо ўначы, вырашыла патапіць і Ангеліну. Падумала, што яе ўсё роўна асудзяць, а дачку адправяць у дзіцячы дом, патлумачыла суду», — цытуе Алега партал tut.by

Дасудовая экспэртыза прызнала, што на момант інкрымінаваных ёй дзеяньняў у Аксаны Сарокінай было дыссацыяльны разлад асобы, але цяпер яна можа адказваць ў судзе за свае ўчынкі. Паводле пацярпелага Алега, на працэсе Аксана вяла сябе спакойна, часам усьміхалася і сарвалася на крык і нецэнзурную лаянку толькі аднойчы, калі зачытвалі зьвесткі з органаў апекі. Перад прысудам Аксана Сарокіна прачытала па паперцы «Я раскайваюся. У жыцьці рознае можа здарыцца. Зразумейце і даруйце».

Забойствы, якія зьдзяйсьняюць маці адносна сваіх малалетніх дзяцей, усё часьцей трапляюцца ў крымінальнай хроніцы. Псыхолягі кажуць пра вельмі небясьпечны для жаночай псыхікі пэрыяд выхоўваньня малалетніх, тым больш калі жанчына застаецца сам-насам са шматлікімі побытавымі і сацыяльнымі праблемамі, і раяць своечасова зьвяртацца па дапамогу да лекараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG