Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якой вуліцы маленькі Моўша гуляў у пёркі і гарадкі, дзе атрымаў сваю першую двойку, куды, хаваючыся ад бацькоў, прыносіла тканіну для малюнкаў і кветкі яго заручаная Бэла Розэнфэльд? Наша аўтарка Яна Шыдлоўская запрашае прайсьціся па віцебскіх адрасах Марка Шагала.

1. Вуліца Пакроўская, 11

Цяпер у доме № 11 па вуліцы Пакроўскай знаходзіцца мэмарыяльны музэй Марка Шагала. А напрыканцы ХІХ стагодзьдзя, неўзабаве пасьля вялікага пажару, зь беднага квартала на левым беразе Дзьвіны пад назваю Пескавацік сюды пераехалі Шагалы. Сям’я тады складалася з трох чалавек: маладыя Хацкель і Фэйга-Іта ў новы дом прыехалі зь першынцам Маісеем. Сваё артыстычнае імя Марк мастак прыдбае пазьней у Парыжы.

З вуліцы Пакроўскай для Шагала пачынаўся горад. Тут ён бавіўся гульнёй у даміно, у пёркі і гарадкі, лазіў па недабудаваных дамах, глядзеў на частыя ў драўляным Віцебску пажары, даваў нырца на рэчцы, бегаў у сынагогу. За часамі Шагала Пакроўская была часткаю небагатага габрэйскага квартала. Цяпер вуліца мае даволі прамысловы выгляд, забудаваная складамі і прадпрыемствамі. Старая забудова ХІХ стагодзьдзя тут захавалася эпізадычна. На шчасьце, праз ваенныя ліхалецьці дом Шагалаў прайшоў без істотных пашкоджаньняў. Гарадзкія архітэктары ня раз абмяркоўвалі праект стварэньня на вуліцы Пакроўскай Шагалаўскага квартала — з гатэльчыкам, кавярнямі, паштовым аддзяленьнем і сувэнірнымі крамамі. Аднак далей за абмеркаваньні справа пакуль не пайшла.

Помнік Марку Шагалу на пачатку вуліцы Пакроўскай

Помнік Марку Шагалу на пачатку вуліцы Пакроўскай

Сымбалічна, што менавіта ў гэтым доме Моўша — так называлі хлопчыка дома — упершыню пачаў выстаўляць свае малюнкі. Гэта былі разьвешаныя ў спальні копіі партрэта кампазытара Рубінштэйна, выява нейкай грачанкі з часопіса «Ніва» ды іншыя малюнкі, ужо прыдуманыя ім самім.

Падчас Першай сусьветнай вайны Марк Шагал вяртаецца ў Віцебск. Прызнаны ў Эўропе мастак здымае майстэрню на вуліцы Пакроўскай у суседнім з бацькоўскім доме. Майстэрню наведвае каханая мастака Бэла Розэнфэльд. Таемна ад бацькоў яна прыносіла сюды кветкі, ежу, тканіну для малюнкаў. Тут Шагал стварае «Віцебскую сэрыю» 1914-1915 гадоў, куды ўвайшлі партрэты «Давід, які грае на мандаліне», «Партрэт сястры Мар’ясенькі», «Стары музыкант» і іншыя. Цяпер гэтыя працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Санкт-Пецярбурга, Парыжа, музэях Нью-Ёрка і Масквы.

Тым часам урачыста адкрыты ў 1997 годзе Дом-музэй Марка Шагала на вуліцы Пакроўскай становіцца месцам паломніцтва для турыстаў з усяго сьвету. Гэты шагалаўскі адрас упісаны ў экскурсійныя маршруты. Сымбалічным лічыцца прыехаць у Віцебск 7 ліпеня, калі ў дворыку музэю адзначаецца дзень народзінаў Шагала. Вечар «У Марка і Бэлы» праходзіць заўсёды гучна і весела: зь вершамі, песьнямі, танцамі, тэатральнымі пастаноўкамі.

2. Вуліца Малая і Вялікая Ільінская

Цяпер вуліца носіць імя Рэвалюцыйнай, а калісьці называлася ў гонар Ільінскай царквы, будынак якой сёньня не захаваўся. Цагляная Любавіцкая сынагога на вуліцы Ільінскай зьявілася на пачатку ХХ стагодзьдзя. У той час у Віцебску налічвалася больш пяцідзесяці сынагогаў і малельных дамоў, пераважна драўляных. У сёньняшнім Віцебску сынагога на вуліцы Рэвалюцыйнай — адзіная, рэшткі якой захаваліся. Магчыма, якраз у яе хадзіў бацька Шагала — Хацкель Шагал. Магчыма, тут маліўся і сам Шагал.

Дзеці, якіх у сям’і Шагалаў было дзевяць, любілі і паважалі бацьку. Кожную раніцу Хацкель Шагал уставаў а шостай і ішоў у сынагогу. Памаліўшыся, вяртаўся дахаты, грэў самавар і пасьля кубка гарбаты выпраўляўся на працу. Стомлены, да сям’і вяртаўся ўвечары. У кішэнях працоўнай курткі ён часта прыносіў дзецям сьвежыя булачкі і цукровыя грушы. Калі бацька прыходзіў без пачастункаў, вечар здаваўся сумным і пустым. Цягам тыдня сям’я зьбіралася за сталом і сьціпла вячэрала — селядцом, салёнымі гуркамі, сырам, маслам і чорным хлебам. Удзень елі грэчку. Сьвята прыпадала на суботу, калі на стале зьяўляліся фаршыраваная рыба, тушанае мяса, цымес, лапша, халадзец зь цялячых ножак, булён, кампот і белы хлеб. Пачэснае месца за сталом займаў бацька ў белай кашулі. Старанна працуючы, Хацкель Шагал клапаціўся аб тым, каб для яго дзяцей у доме заўсёды знайшоўся кавалак чорнага хлеба з маслам.

Бацька, магчыма, трошкі менш за маці верыў у талент свайго старэйшага сына, аднак па магчымасьці падтрымліваў яго. Ён аплаціў заняткі хлопчыка ў мастацкай школе Юдэля Пэна. Калі ў 1906 годзе Шагал захацеў ехаць у Санкт-Пецярбург вучыцца жывапісу, менавіта бацька адшукаў яму дазвол, безь якога габрэям забаранялася наведваць сталіцу, і даў яму 27 рублёў.

Шагал хадзіў у сынагогу разам з бацькамі і іншымі дзецьмі, а таксама зь дзедам, да якога езьдзіў у мястэчка Лёзна пад Віцебскам. Гэтыя паходы засталіся самымі яскравымі ўспамінамі зь дзяцінства хлопчыка. Пазьней мастак пакіне шмат малюнкаў з выявамі віцебскіх сынагог і іх інтэр’ераў, гісторыямі ўнутранага жыцьця. Дзякуючы малюнкам «Мая вёска», «Сынагога», «Вывучаюць Біблію», можна скласьці ўяўленьне, якімі былі віцебскія сынагогі і іх наведвальнікі.

3. Рог вуліцы Вялікай Магілёўскай і Каляднага завулка

У 1900-м годзе намаганьнямі маці Шагал становіцца гадаванцам Віцебскай гарадзкой 4-кляснай вучэльні, якая знаходзілася на рагу вуліцы Вялікай Магілёўскай і Каляднага завулка. Будынак вучэльні захаваўся. Цяпер тут месьціцца Віцебскі гарадзкі цэнтар дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. На жаль, сёньня будынак мае адрас — вуліца Леніна, 24/15. Вучыўся Моўша Шагал неахвотна і дрэнна. За непасьпяховасьць яго нават пакінулі ў перадапошнім клясе на другі год. Адказваючы каля дошкі, хлопчык вельмі хваляваўся, ня мог засяродзіцца на аповедзе настаўніка. Куды цікавей было пазіраць у вокны жаночай гімназіі, якая знаходзілася побач. Затое на ўроках геамэтрыі заданьні настаўніка гімназіст Шагал выконваў пасьпяхова, а на ўроках маляваньня яго нават хвалілі і ставілі ў прыклад.

4. Вуліца Гогалеўская

Гуляючы па Віцебску, малады Шагал шмат разоў падыходзіў да дзьвярэй адзінай у горадзе мастацкай майстэрні, якую ўтрымліваў Юдэль Пэн. Як толькі Моўша скончыў гарадзкую вучэльню, маці згадзілася адвесьці яго да майстра. Ішоў 1906 год. Шагал становіцца гадаванцам школы жывапісу і малюнка мастака Пэна. Бацька дае сыну 5 рублёў, і гэтага хапае на два месяцы вучобы.

Мэмарыяльная дошка ў гонар віцебскага мастака Юдэля Пэна сёньня разьмешчаная на доме № 28 па цэнтральнай вуліцы Леніна. На гэтым месцы з 1897 па 1937 жыў і працаваў першы віцебскі маэстра. Дом, на якім вісіць дошка, у горадзе працягваюць называць «сінім». Будынак доўгі час быў пафарбаваны ў насычаны сіні колер, прыцягваў увагу гараджан, быў своеасаблівым арыенцірам. Некалькі год таму, падчас падрыхтоўкі цэнтральнай часткі горада да Славянскага базару, фасад дома перафарбавалі ў белы. Дарэчы, у 1917 годзе Марк Шагал робіць малюнак пад назваю «Сіні дом». Сёньня карціна захоўваецца ў мастацкім музэі францускага горада Льеж.

Пэн прапаноўваў сваім вучням маляваць галовы з гіпсу, вытрымліваючы неабходныя прапорцыі, праводзіў этуды ў горадзе. Прапорцыі ў Шагала не вытрымліваліся, а на этуды юнак хадзіў пешкі, каб зэканоміць грошы. Малюнкі з домікамі, ліхтарамі, вадавозамі, віцебскімі пагоркамі віселі над ложкам Фэйгі-Іты Шагал. Маці была адзіным чалавекам у сям’і, хто верыў, што хлопчык вырасьце сапраўдным мастаком.

Юдэль Пэн працягвае сачыць за лёсам юнака. Маэстра дапамагае Шагалу ў Санкт-Пецярбурзе, дзе ягоны вучань уладкаваўся на працу рэтушорам да фатографа і мастака М.С.Ёффэ, які моцна сябраваў з Пэнам. У 1910-ыя Пэн намалюе партрэт Шагала, які захоўваецца ў Менску.

5. Вуліца Бухарынская, 10

У 1915 годзе Шагал вяртаецца ў Віцебск, жанаты і ў званьні камісара па справах мастацтваў Віцебскай губэрні. Праз тры гады ён узначаліць Народную мастацкую вучэльню, куды ў якасьці выкладчыкаў запросіць вядомых мастакоў Веру Ермалаеву, Эля Лісіцкага, Казіміра Малевіча. Будынак вучэльні захаваўся. Доўгія гады ён знаходзіўся ў аварыйным стане, у апошні час — на рэстаўрацыі. Неўзабаве ў помніку архітэктуры ХІХ стагодзьдзя, які цяпер мае адрас — вуліца Праўды, 5, адкрыецца філіял Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва. З гэтай нагоды ХХІІ Шагалаўскія чытаньні ў Віцебску былі прысьвечаныя гісторыі вучэльні, яе выкладчыкам і выхаванцам.

Гадаванцы мастацкай вучэльні былі шчыра прывязаныя да Шагала. Займаючы высокую пасаду, мастак вымушаны быў актыўна займацца грамадзкай дзейнасьцю, вырашаць арганізацыйныя пытаньні — шукаць фарбы, пэндзлі, тканіну для прац сваіх вучняў. За некалькі гадоў, якія Шагал узначальвае вучэльню, ён амаль не стварае нічога ўласнага. Зрэдчас ён дае майстар-клясы ў сваёй майстэрні. Памяшканьне звычайна было перапоўненае. На пленэры Марк Шагал выходзіў у суправаджэньні натоўпу, які складаўся з маладых мастакоў. У 1920 годзе Шагал, не знайшоўшы паразуменьня з калегамі, складае зь сябе паўнамоцтвы кіраўніка вучэльні і пакідае Віцебск. Гэтым разам — назаўсёды.

6. Вуліца Путна, 2

Збудаваны на рагу вуліц Путна і Савецкай двухпавярховы дом з чырвонай цэглы першапачаткова быў прыватным і належаў адной зь віцебскіх сем’яў. Пасьля рэвалюцыі стаў камуналкай. А з 1990-х выконвае найбольш пачэсную ролю за гады свайго існаваньня — у будынку адкрыты Арт-цэнтар Марка Шагала, дзе можна ўбачыць творы мастака ў арыгінале.

Гэта 300 графічных прац Шагала, якія былі падараваныя музэю яго нашчадкамі. Сярод найбольш каштоўных рарытэтаў — ілюстрацыі мастака да паэмы Гогаля «Мёртвыя душы». Улетку, у турыстычны сэзон, у наведвальнікаў ёсьць магчымасьць убачыць большасьць малюнкаў з музэйнай калекцыі. Узімку экспануецца менш прац, бо на другім паверсе музэю адбываюцца выставы твораў сучаснага мастацтва. У Арт-цэнтры працуе багатая бібліятэка, дзе сабраныя выданьні, прысьвечаныя жыцьцю і творчасьці Марка Шагала, гісторыі мастацтва. Штогод фонд бібліятэкі павялічваецца за кошт навуковых дакладаў і публікацый удзельнікаў штогадовых Шагалаўскіх чытаньняў.

7. Рог Смаленскай і Падзьвінскай вуліц

На пачатку 1890-х на рагу Смаленскай і Падзьвінскай вуліц буйны гандляр Бэйнус Вітэнбэрг збудаваў дом, памяшканьні якога здаваліся ў наём. Дом на беразе Віцьбы гараджане і госьці найперш ведалі як першаклясны гатэль «Брозі», адкрыты Хрысьціянам Брозі. Рознага ўзроўню камфорту нумары ў гатэлі каштавалі ад 50 капеек да 3 рублёў. У гатэлі быў кегельбан (боўлінг), більярд, рэстарацыя са стравамі рускай і францускай кухні, айчынныя і замежныя віны, рыскае піва ў бутэльках і з бочкі. У доме Вітэнбэрга працавалі кандытарская «Жан Льбэр», крама мэблі Шэхтэра, фотастудыя майстра мастацкай фатаграфіі А.Макоўскага, канцылярская крама Яхніна. Тут жа ўтрымліваў краму гадзіньнікаў і ювэлірных вырабаў Шмуль-Неўх Розэнфэльд — бацька будучай жонкі і музы Шагала Бэлы. Кватэра Розэнфэльдаў знаходзілася акурат над крамай. І менавіта ў ёй 25 ліпеня 1915 году Марк і Бэла пышна згулялі сваё вясельле. А на мядовы месяц выправіліся ў вёску Завольша пад Віцебскам, дзе штораніцы куплялі ў салдат вядро малака. Сёлета Віцебск адзначыў сто гадоў з дня вясельля Марка і Бэлы сьвяточнай фэерыяй «Закаханыя над горадам».

На жаль, дом Вітэнбэрга не захаваўся. У горадзе абмяркоўвалі праекты яго аднаўленьня, выкарыстоўваючы стары плян і чарцяжы. Пляцоўка на пачатку вуліцы Талстога, дзе раней разыходзіліся вуліцы Смаленская і Падзьвінская, пуставала. Аднак у мінулым годзе ў гэтым месцы, акурат перад Васкрасенскай царквою, быў усталяваны помнік князю Альгерду. Аднаўленьне знакавага для горада дома Вітэнбэрга з гатэлем «Брозі» і сымбалічнага месца ў лёсе ўсясьветна вядомага мастака наўрад ці цяпер адбудзецца.

P.S. Будка з росьпісам

Вялізнаму партрэту Шагала ў Віцебску знайшлося месца на трансфарматарнай будцы ў адным з панадворкаў, якія цягнуцца ўздоўж пешаходнай вуліцы Суворава. На жаль, у трансфарматарных будак няма адрасоў...Аднак партрэт знайсьці варта. Гэта прыгожа.

Яна Шыдлоўская для Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG