Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Ціхан Чарнякевіч

Адмовіцца ад Усходняй Эўропы


Ціхан Чарнякевіч

Ціхан Чарнякевіч

Пасьля сёлетняга абвяшчэньня Сяргея Жадана пераможцам літаратурнай узнагароды Цэнтральнай Эўропы «Angelus» (другая за тры гады прэмія ўкраінцу), Святланы Алексіевіч – нобэлеўскім ляўрэатам у літаратуры і Ігара Бабкова – ляўрэатам прэміі Вышаградзкай групы зноў стаецца актуальным пытаньне пашырэньня межаў Цэнтральнай Эўропы на ўсход.

Узьнікае думка пра пэўную заканамернасьць. Нягледзячы на стылістычную розьніцу, на безумоўную вартасьць кніг, сукупнасьць прэмій беларусам і ўкраінцам сьведчыць пра выразны жэст культурных элітаў Эўропы культурным элітам нашага рэгіёну.

Беларусь і Ўкраіна і да таго былі асноўнымі буфэрнымі зонамі паміж Эўразьвязам і Расеяй. Замінае, бадай, толькі іх тэрміналягічная «ўсходнеэўрапейскасьць», што ад пачатку адсоўвае дзьве краіны на маргінэс эўрапейскага жыцьця і мысьленьня. Беларусь і Ўкраіна, «дзякуючы» ўсходнеэўрапейскаму фактару ўспрымаюцца як непаўнавартыя эўрапейскія краіны – хутчэй, каляніяльныя прыдаткі Расеі, з усімі наступствамі і характарыстыкамі. З чым і на захадзе, і на ўсходзе даўно пагадзіліся, пакуль было ціха.

З пачаткам ваеннай інтэрвэнцыі Расеі ў Крым і ўмяшальніцтвам у справы на Данбасе гармонія геапалітычных стасункаў яўна парушылася. Гэта, безумоўна, актуалізуе старую дыскусію пра Цэнтральную Эўропу і ейныя межы.

У 1983 годзе Мілан Кундэра апублікаваў сваё вядомае эсэ «Скрадзены Захад альбо Трагедыя Цэнтральнай Эўропы», якім фактычна вярнуў краінам Варшаўскай дамовы права «эўрапейцамі звацца». Найбольш палемічная і завостраная думка Кундэры была пра Расею як іншую цывілізацыю, да якой нельга падыходзіць з законамі і правіламі Захаду. Усё, што знаходзіцца на захадзе ад Расеі (у першую чаргу Кундэра меў на ўвазе якраз Польшчу, Чэхію, Вугоршчыну і інш.) аўтар эсэ разглядаў на пачатку 1980-х як несправядліва «пакінутыя» Эўропай «свае» землі, якія, культурна і палітычна ўкарэненыя ў эўрапейскай гісторыі, несправядліва абыходзяцца ўвагай. Варта адзначыць, як супраціўляліся гэтай ідэі Кундэры найлепшыя рускія літаратары, сярод якіх і Іосіф Бродзкі, Тацьцяна Талстая ў 1988 годзе на Лісабонскай літаратурнай канфэрэнцыі, і толькі палымяная дыскусія з удзелам Салмана Рушдзі, С’юзан Зонтаг і Чэслава Мілаша здолела пераканаць іх.

З падзеньнем Бэрлінскага муру думка Кундэры пацьвердзілася: згаданыя народы натуральна далучыліся да Эўрапейскага зьвязу, адкінуўшы ўсе камуністычныя атрыбуты. Народы СССР, у тым ліку ўкраінцы і беларусы, згадваліся Кундэрам як паняволеныя камуністычнай імпэрыяй – без прывязкі да Цэнтральнай Эўропы, аднак самое пытаньне і магчымасьць распаду СССР не было тады на парадку. Затое ў 2015-м, на дваццаць пятым годзе незалежнасьці, краіны гэтыя цалкам правамерна могуць прэтэндаваць на найменьне цэнтральнаэўрапейскіх.

Жмут эўрапейскіх прэміяў беларусам і ўкраінцам мусіць выводзіць іх на мапу эўрапейскай культуры. Зусім зразумела, што гэты жэст не датычыць усёй цэласьці новапрыбылых цэнтральнаэўрапейцаў, асабліва што тычыцца прарасейскіх урадоўцаў. Афіцыйная рыторыка ўладаў Беларусі апэлюе да Эўропы выключна як да геаграфічнага панятку – нібыта заглыбляючыся ў чыстую вадзічку возера Шо, але ў той жа час застаючыся ў каламутнай ідэалёгіі ўсходняга суседа – Расеі, якая, маўляў, таксама ў Эўропе, бо і «Эўропа цягнецца да Ўральскіх гор», гэта кожны глёбус вам пацьвердзіць.

Аднак культурныя эліты Беларусі і Ўкраіны мусяць зрабіць свой выбар на карысьць Цэнтральнай Эўропы яшчэ цяпер, пакуль палітычны выбар абцяжараны данбаскай вайной і пятым тэрмінам прэзыдэнцтва Лукашэнкі. З Усходам Беларусі і Ўкраіне не па дарозе. Усходняя Эўропа – стары замшэлы канструкт, які выгадны толькі адной краіне «тройкі». І ўсе мы ведаем, як яна называецца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG