Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтую інфармацыю неафіцыйна пацьвердзілі карэспандэнту Свабоды ў Брусэлі. Афіцыйна яе апублікуюць 31 кастрычніка, калі прымуць канчатковае афіцыйнае рашэньне па санкцыях.

Санкцыі Эўразьвязу супраць уладаў Беларусі прыпыняць, аднак чацьвёра цяперашніх і былых чыноўнікаў застануцца ў сьпісе. Гэта кіраўнік спраў прэзыдэнта Віктар Шэйман, былыя міністры ўнутраных спраў Юры Сівакоў і Ўладзімер Навумаў, а таксама былы камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў Дзьмітры Паўлічэнка, якіх ЭЗ лічыць датычнымі да зьнікненьня апазыцыянэраў.

Чакаецца, што працэдура прыняцьця гэтага рашэньня на ўзроўні амбасадараў пройдзе 29 кастрычніка, а 31 кастрычніка рашэньне ўступіць у сілу і будзе дзейнічаць цягам чатырох месяцаў, да канца лютага.

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў лічыць, што інфармацыі пра тое, што адносна Шэймана, Паўлічэнкі, Навумава і Сівакова санкцыі прыпынены ня будуць, цалкам можна давяраць.

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

«Тое ж самае казаў падчас сустрэчы ў Эўрапарлямэнце, якую ладзіў Форум грамадзянскай супольнасьці, дзе я быў, прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Дырк Шубэль. Гэта дастаткова надзейная крыніца, гэта дастатковае пацьверджаньне таго, што яны зьбіраюцца гэта рабіць. Здаецца, тое ж самае было пры прыпыненьні санкцыяў у пэрыяд 2008–2010 гадоў — супраць гэтых людзей санкцыі прыпынены не былі. Ну, і, здаецца, яшчэ Ярмошына ня трапіла тады ў сьпіс тых, супраць каго санкцыі прыпыняюцца.

У прынцыпе, гэта асабліва ні пра што ня сьведчыць. Гэта значыць проста, што Эўрапейскі Зьвяз захоўвае санкцыі ў адносінах да тых людзей, якія падазраюцца ў зьдзяйсьненьні найбольш сур’ёзных крымінальных злачынстваў. І гэта сымбалічна сьведчыць пра тое, што санкцыі ўсё ж такі дзейнічаюць, нягледзячы на тое, што часткова яны прыпыняюцца», — адзначыў у інтэрвію Свабодзе палітоляг.

Між тым такі ж падыход не распаўсюджваецца на Аляксандра Лукашэнку, якога таксама падазраюць у датычнасьці да палітычных забойстваў.

Пры нашай сыстэме дзяржаўнага кіраваньня ім неабходна проста кантактаваць з Лукашэнкам дзеля таго, каб упэўніцца, ці ёсьць у іх пэўныя дамоўленасьці.

«Тут дзейнічае ў асноўным палітычная лёгіка. Пры нашай сыстэме дзяржаўнага кіраваньня ім неабходна проста кантактаваць з Лукашэнкам дзеля таго, каб упэўніцца, ці ёсьць у іх пэўныя дамоўленасьці. Бо фактычна толькі Лукашэнка ў гэтай сыстэме вырашае, што будзе, а чаго ня будзе — пры гэтай звышцэнтралізацыі, якая існуе ў Беларусі, асабліва па нейкіх галоўных пытаньнях. Таму ў іх ёсьць такія спадзевы, што ад Лукашэнкі можна атрымаць нейкія пэрсанальныя гарантыі», — тлумачыць Ягораў.

12 кастрычніка міністры замежных спраў краін ЭЗ на пасяджэньні Рады ЭЗ дамовіліся прыпыніць на чатыры месяцы санкцыі ў дачыненьні да ўладаў Беларусі. Афіцыйнае рашэньне павінна быць прынята да канца кастрычніка.

Санкцыі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі ўключаюць у сябе чорны сьпіс прыблізна з 150 асобаў, сярод якіх і прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Гэтым асобам забаронены ўезд на тэрыторыю супольнасьці, іхнія фінансавыя актывы ў эўрапейскіх банках падлягаюць замарожваньню. Санкцыі таксама прадугледжваюць эмбарга на зброю і забараняюць пастаўляць у Беларусь паліцэйскае абсталяваньне і тэхніку падвойнага прызначэньня, якая можа быць выкарыстаная для «ўнутраных рэпрэсіяў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG