Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску караюць штрафамі ўдзельнікаў акцыі супраць расейскіх базаў


“Народны сход” у цэнтры Менску супраць разьмяшчэньня расейскай вайсковай базы ў Беларусі

“Народны сход” у цэнтры Менску супраць разьмяшчэньня расейскай вайсковай базы ў Беларусі

У судзе Цэнтральнага раёну Менску 23 кастрычніка разглядаліся справы ўдзельнікаў акцыі супраць разьмяшчэньня расейскіх вайсковых базаў у Беларусі.

Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч аштрафаваны на 20 базавых велічынь (3 мільёны 600 тысяч рублёў).

Судзьдзя Вікторыя Шабуня таксама пакарала штрафам у 20 базавых велічынь старшыню Партыі БНФ Аляксея Янукевіча.

Юрась Губарэвіч пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды рашэньне суду:

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Сёньня ўлада стаіць паміж дзьвюма праблемамі. Яе выбар абмежаваны тым, што нельга па-ранейшаму жорстка караць удзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў, бо абраны курс на збліжэньне з Захадам. І любыя прысуды, якія прадугледжваюць пакараньне ў выглядзе арышту, будуць перашкаджаць пачатаму дыялёгу. Але, тым ня менш, улада дэманструе наяўнасьць кантролю за грамадзянамі. Усе, хто актыўна ўдзельнічаў падчас перадвыбарчай кампаніі, у дзень выбараў, былі ўлічаныя супрацоўнікамі міліцыі. І цяпер прыцягваюцца да судоў. Адзінае адрозьненьне, што цяпер суды і міліцыя могуць дазволіць сабе расслабіцца і прысуды выносяцца ня цягам тыдня, як гэта было перад выбарамі. Ужо прайшлі тры тыдні да суду. Тым ня менш улада дэманструе, што ўсе, хто, на яе думку, ёсьць парушальнікамі, будуць так ці інакш пакараныя».

Палітыкаў зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (частка 1 арт. 23.34 КаАП РБ) супраць расейскіх вайсковых базаў, якое адбылося ў Менску 4 кастрычніка.

Раней па гэтай справе былі аштрафаваныя шэраг актывістаў і палітыкаў: Анатоль Лябедзька, Мікола Статкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Алесь Марачкін, Уладзімер Някляеў, Алесь Таўстыка, Аляксандар Мех і Максім Вінярскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG