Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Лебядзінскі пра «ватнікаў»


Кадр зь відэа на песьню «Ватнікі»

Кадр зь відэа на песьню «Ватнікі»

Аляксей Лебядзінскі — пра свой новы кліп «Гэта ватнікі», дачыненьні да расейскай улады і прычыны ад’езду ў ЗША

Музыка Аляксей Лебядзінскі, вядомы пад псэўданімам «Прафэсар Лебядзінскі», выпусьціў новы кліп «Гэта ватнікі». Песьню, у якой сьпяваецца пра тое, хто такія «ватнікі», артыст, які жыве цяпер у ЗША, паводле яго сьцьвярджэньня, запісаў для «прачысткі мазгоў адурманенага расейскага насельніцтва». Аляксей Лебядзінскі пагадзіўся распавесьці ў інтэрвію Радыё Свабода пра тое, чаму ён — праціўнік цяперашняга расейскага рэжыму, як ставіцца да сваёй папулярнасьці і ці зьбіраецца вяртацца ў Расею.

— Ці можна лічыць ваш кліп «Гэта — ватнікі» палітычнай заявай? І якія вашы палітычныя перакананьні?

— Я цалкам заўзяты праціўнік пуцінскага рэжыму, у гэтым ніхто сумнявацца ня мог яшчэ да пачатку ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне. Я ўжо шмат гадоў раздражнёны ўсёй гэтай сыстэмай, таму і вымушаны быў зьехаць. Там склалася шмат фактараў. З-за таго, што я пачаў гаварыць пра сваю пазыцыю ў фэйсбуку і ў іншых месцах, у мяне ў Расеі сарвалася велізарная колькасьць канцэртаў. І вось гэтыя «шалі» між тым, каб застацца на радзіме дзеля таго, каб мець нармальны дабрабыт, або зьехаць у свабодную краіну, пераважылі ўсё ж у бок зьехаць.

— А чаму гэты кліп зроблены менавіта цяпер, калі тэма Ўкраіны, падобна, саступіла галоўнае месца Сырыі?

— У песьні ёсьць згадкі і пра Ўкраіну, і пра Сырыю. Насамрэч песьня зьвернутая да расейскага слухача, і кліп зьвернуты да расейскага гледача, і праблема гэтая расейская. Гэта проста адзін з складнікаў праблемы, якая заключаецца ў тым, што ўлады ўцягваюць наш народ у жахлівыя рэчы — ці гэта будзе вайна з родным нам народам або з зусім чужым народам Сырыі.

— Ці заўважаецца там, дзе вы жывяце цяпер, наступ крамлёўскай прапаганды?

— Калі я зьехаў першы раз у ЗША ў траўні летась, я тады ўжо зьехаў ад гэтай прапаганды. Насамрэч — і гэта было заўважна ўжо тады — гэта жахлівая хлусьня, якую з дапамогай сучасных псыхалягічных тэхналёгій людзям прышчапляюць у мозг. Таму што ўлада відавочна ня хоча адказваць за тое, што яна рабіла апошнія 15 гадоў! Гэта значыць раскрала ўвесь народны здабытак, прысвоіла сабе. І цяпер улада ўсімі зубамі трымаецца, хоча зрабіць так, каб гэтую ўладу не аддаць. Таму што выдатна разумее, што калі выпадкова аддасьць гэтую ўладу, то давядзецца адказваць, і вельмі жорстка. Я думаю, наўрад ці хто-небудзь зь іх застанецца на волі, і ня тое што наўрад ці, а зусім відавочна не застанецца. Засталіся б жывыя! Я думаю, калі цяпер усю гэтую пуцінскую зграю зьмесьці і арыштаваць, гэта будзе самае лепшае, што можа толькі быць. Але на гэта разьлічваць ня вельмі даводзіцца, таму што яны выдатна разумеюць, што павінны быць абаронены, і абараняюцца ўсімі спосабамі, у тым ліку даводзячы насельніцтва Расеі да вар’яцтва і даючы гэтую жудасную дэзінфармацыю. Зразумела, што яны, як ваўкі ў золаце, загнаныя ў кут у дадзены момант, таму што ня толькі разважлівыя людзі ў Расеі, але і ўвесь цывілізаваны сьвет настроіўся супраць іх, таму што, акрамя небясьпекі для ўсяго сьвету, яны нікому нічога не нясуць. І ператварыць за 15 гадоў выдатную краіну, багатую ўсім, у «газавы кран», напляваць на ўсе сацыяльныя інстытуты, гэта магла зрабіць толькі самая агідная ўлада, якая можа быць.

— У ЗША ў англамоўных СМІ заўважна, што ідзе менавіта інфармацыйная вайна?

— Рэч у тым, што вайны й няма! Ёсьць суцэльныя атакі з аднаго боку. Ніхто ня хоча ваяваць, акрамя тых, хто сядзіць у Крамлі, ніхто ня хоча вайны. Хто насамрэч нападае? Яны нападаюць на ўсіх! На свой уласны народ, на народ Украіны, на Сырыю. Нападаюць толькі яны, ніхто іх не чапае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG