Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэйк «раённага» тэлеканалу: расейскія журналісты ад імя французаў зьвінавацілі былую ўкраінскую прэм’ерку ў сэксуальных дамаганьнях


Скрыншот першапачатковага паведамленьня телеканалу "Звезда"

Скрыншот першапачатковага паведамленьня телеканалу "Звезда"

Расейскі тэлеканал «Звезда» абвінаваціў Юлію Цімашэнку ў сэксуальных дамаганьнях да Арсеня Яцанюка

На сайце тэлеканалу «Звезда» 22 кастрычніка зьявілася паведамленьне пра тое, што прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк у інтэрвію RFI (Міжнароднаму францускаму радыё) абвінаваціў былую кіраўніцу ўраду Юлію Цімашэнку «ў пастаянных сэксуальных дамаганьнях». «Пачынаючы зь лютага 2014 году Юлія Ўладзіміраўна неаднаразова прапаноўвала мне ўступіць у інтымную сувязь, аднак я жанаты чалавек і не магу сабе гэтага дазволіць ні ў якім выпадку», — нібыта сказаў Яцанюк у гутарцы з карэспандэнткай RFI Аленай Сэрвэтаз. Ніякіх спасылак на публікацыю на сайце RFI пададзена не было.

Празь некалькі гадзін, калі ўся гісторыя пачала набіраць скандальныя абароты, тэлеканал «Звезда» зьмяніў тэкст першапачатковага паведамленьня, у якое цяпер устаўленая спасылка на «крыніцу» інфармацыі — нікому не вядомы інтэрнэт-партал «Живая Кубань». Аднак спачатку паведамленьне выглядала ня так — і гэта лёгка заўважыць у загалоўнай фатаграфіі тэксту, які вы цяпер чытаеце, гэта скрыншот з сайту «Звезды». Сама Алена Сэрвэтаз адразу ж апублікавала на сваёй старонцы ў Facebook наступную заяву:

«Паблік Стэйтмэнт мой пра гэты фэйк: Не, дарагія сябры, прэм’ер-міністар Украіны не гаварыў са мной пра сэкс у інтэрвію для Radio France Internationale. Па-мойму за 14 гадоў у журналістыцы я нікога наогул пра сэкс не пыталася ніколі :) Яцанюк мне наогул нічога пра Цімашэнку ніколі не казаў. А што там з тэлеканалам „Звезда“ я не ведаю. Хоць здагадваюся. Бедныя людзі. Так, і памяркоўная апазыцыя Асаду мне пра сэкс таксама нічога не казала, калі што раптам».

Алена Сэрвэтаз, акрамя працы на RFI, супрацоўнічае зь некалькімі расейскімі і францускімі выданьнямі, яна — суаўтар і рэдактар кнігі «Чаму Эўропе патрэбен Закон Магніцкага», якая выйшла ў сьвет у 2013 годзе; нядаўна апублікавала артыкул «Шэсьць памылак заходніх журналістаў падчас інтэрвію з Пуціным», які прыцягнуў шырокую грамадзкую ўвагу.

У інтэрвію Радыё Свабода Алена Сэрвэтаз выказала здагадкі аб тым, чаму тэлеканал «Звезда» вырашыў выставіць на сваім сайце сьвядомую хлусьню:

— Па-першае, ці сапраўды Арсень Яцанюк цяпер даў інтэрвію Міжнароднаму францускаму радыё, ці была зь ім наагул хоць якая размова?

— Сьпярша трэба спытаць, ці была ў мяне размова з Гілары Клінтан, ці атрымліваю я грошы з Дзярждэпу ЗША, ці маю таемныя зносіны з супрацоўнікамі ЦРУ, і толькі потым — а ці была размова з Яцанюком! Гэтая гісторыя — з разраду ўсяго таго глупства, якое круціцца цяпер на расейскіх фэдэральных каналах або ў нейкіх афіцыйных выданьнях. Мабыць, некаму сёньня было сумна на «Звезде» працаваць, і яны падумалі: «А чаму б не напісаць пра Яцанюка і дамаганьні Цімашэнкі? А што прад’явіць чытачу? Мы павінны спаслацца на кагосьці. І чаму б не спаслацца на Міжнароднае францускае радыё! Гэта ж іх прэзыдэнт Франсуа Алянд удзельнічаў у Менскіх дамоўленасьцях? А вось зараз заадно падставім іх усіх разам. А гэтая Алена Сэрвэтаз вельмі шмат піша пра карупцыю ў Расеі — заадно заб’ем усіх, а ня толькі двух, зайцаў». Не, размовы не было з Яцанюком, ні для радыё, ні для іншых выданьняў, для якіх я пішу. Скажу нават больш: як я напісала ў сябе ў Facebook, мне ніколі за 14 гадоў кар’еры не прыйшлося пытацца ні ў кога пра нейкія сэксуальныя дачыненьні і асабістыя гісторыі.

— А чым, на вашу думку, маглі кіравацца людзі, якія стваралі такі дэталёвы фэйк, з згадваньнем вядомай на ўвесь сьвет паважанай мэдыйнай карпарацыі, Міжнароднага францускага радыё, з багацьцем нібыта фактаў, выкрывальных падрабязнасьцяў, канкрэтных гучных імёнаў — з размовы, якой не было? За яго ж могуць прыцягнуць да адказу. «Звезда» — гэта ж не маленькі правінцыйны кабэльны тэлеканал.

— А што нам дазваляе лічыць, што гэта ня нейкае раённае тэлебачаньне? У Расеі ўсё фэдэральнае тэлебачаньне, па-мойму, цяпер «раённае», і раён называецца «Крэмль». Усе яны на адзін раён працуюць! Чаму трэба было ўдарыць па Міжнародным францускім радыё? Мы тое самае, што Бі-Бі-Сі ў Вялікабрытаніі, нацыянальная карпарацыя, у нас ёсьць свая хартыя, свае законы, нічые інтарэсы мы, асабліва ва ўзброеных канфліктах, ніколі абараняць ня будзем. Рэч у тым, што Францыя займае пазыцыю назіральніка за выкананьнем Менскіх дамоўленасьцяў, магчыма, гэта шмат што тлумачыць. Трэба паглядзець, дарэчы — можа быць, цяпер і пра Нямеччыну, пра якую-небудзь газэту «Зюддойчэ Цайтунг», яны таксама напішуць нейкія цікавыя нататкі. Гэта ж не журналісты наогул! Іх трэба ўспрымаць інакш, іх трэба называць прапагандыстамі або пісьменьнікамі-казачнікамі... Перш чым «ТВ-Звезда» выдала гэта ў сябе на сайце, яны маглі хоць бы мне патэлефанаваць, тым больш — калі яны выдатна ведаюць, хто я такая, і пішуць без памылак маё прозьвішча, дарэчы, ня самае лёгкае.

XS
SM
MD
LG