Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Алег Мінкін


Алег Мінкін

Алег Мінкін

Алег Мінкін нарадзіўся 31 сакавіка 1952 у вёсцы Чарняўка Хоцімскага раёну.
Скончыў Бабруйскую школу-інтэрнат № 1 у 1969. Паступіў у Маскоўскі энэргетычны інстытут, праз два гады перавёўся ў Маскоўскі інстытут інжынэраў сельскагаспадарчай вытворчасьці, які скончыў у 1975. Працаваў майстрам на будаўніцтве электрападстанцыі ў Бураціі (Улан-Удэ), інжынэрам-электрыкам на нафтаперапампоўваючых станцыях нафтаправоду «Дружба» (Наваполацак), інжынэрам-наладчыкам у сыстэме «Галоўтранснафта» (Гомель), інжынэрам тэхнагляду на нафтаправодах поўначы Цюменскай вобласці (Наябрск). Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1988. Жыве ў Вільні. Выдаваў газету «Рунь».
Дэбютаваў у 1980 вершамі у газэтах «Гомельская праўда» і «Літаратура і мастацтва». Аўтар зборнікаў паэзіі «Сурма» (1985), «Расколіна», прозы «Праўдзівая гісторыя Краіны хлудаў» (1994), а таксама дзіцячых кніг. Пераклаў вершы Ц. Норвіда, Б. Лесьмяна, Л. Стафа, П. Грабоўскага. Уклаў «Слоўнічак расейка-беларускіх адпаведнікаў» і «Слоўнік рыфмаў беларускай мовы».


1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Пішу ні для кога. Хто мяне чытае, ня ведаю. Можа, ніхто.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Пішу паўсюль, калі прыходзіць пэўны настрой, што для мяне рэдкая зьява.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Аўтарам кнігі Сяргея Дубаўца «Сіні Карабель».

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Ня ведаю. Не задумваўся.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Борхэс, а, можа, Гамсун.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Чытаю шмат розных слоўнікаў і ўсялякую беларускую прозу, бо працягваю дасканаліць складзеныя мною «Слоўнічак расейка-беларускіх адпаведнікаў» і «Слоўнік рыфмаў беларускай мовы».

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На ўкраінскай, польскай і менш на літоўскай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Праўдзівая гісторыя Краіны хлудаў ды іншыя кароткія антыўтопіі».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Падрыхтаваў да друку кнігу з трох частак. Першая частка «вершы й баляды» (гэта значна дапоўнены новымі вершамі папярэдні сборнік «Пэнаты»), другая частка «мае лепшыя пераклады», трэцяя частка «Праўдзівая гісторыя Краіны хлудаў ды іншыя кароткія антыўтопіі», чацьвертая частка «творы для дзяцей».

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

У лесе, калі зьбіраю грыбы.

XS
SM
MD
LG