Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква і Менск пачалі рыхтаваць замовы на другі беларускі спадарожнік


Беларусь супольна з Расеяй цягам некалькіх месяцаў мае вызначыць тэхнічныя характарыстыкі новага беларускага спадарожніка БКА-2, спэктар яго функцыяў і рынкі, на якія ён будзе арыентаваны, а таксама ацаніць яго акупальнасьць, перадае БЕЛТА заяву кіраўніка «Раскосмасу» Ігара Камарова.

Зь беларускага боку старшыня прэзыдыюму Акадэміі навук Уладзімер Гусакоў адзначыў, што дамова з «Раскосмасам» на стварэньне апарату ўжо падпісаная, ужо набіраюцца папярэднія замовы пад новы спадарожнік, а запуск плянуецца ў 2017 годзе. Ён падкрэсьліў, што спадарожнік мае мірнае прызначэньне. БКА-2 будзе зьнешне падобны да БКА, хоць мае мець іншае начыненьне.

Першы беларускі спадарожнік (БКА альбо БелКА-2 — «Беларускі касьмічны апарат») быў запушчаны ў канцы чэрвеня 2012 году. А БКА ўваходзіць у расейскую групоўку спадарожнікаў. Асноўны заробак з БКА — продаж фатаздымкаў плянэты, інфармацыя зь яго паступае ў тым ліку ў МНС, Дзяржкаммаёмасьць, Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя і Мінлясгас, сілавыя ведамствы і да мэліяратараў.

Да БКА Беларусь спрабавала запусьціць іншы спадарожнік, вядомы як БелКА, але запуск у 2006 годзе быў няўдалым праз аварыю расейска-ўкраінскай ракеты-носьбіта «Дняпро». Страхавая шкода была ацэненая ў 16 мільёнаў даляраў, выплата была атрыманая ў поўным аб’ёме.

XS
SM
MD
LG