Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышыванкі-цацанкі


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Што ж, парадуемся вышыванкам і – постфактум – бел-чырвона-белым сьцягам на нядаўніх выбарчых пікетах. Такое наша сьціплае беларускае шчасьце.

Але ня ўпэўнены, што за сьцягі не пацягнуць надалей у суд. Калі Эўропа, напрыклад, ня дасьць крэдыту. У іх усё на ўліку, усё зафіксавана: кожны, уласна кажучы, здымак з вышыванкай або сьцягам.

Ня веру і не паверу. А вы як хочаце. Дзяржавы нацыянальнай няма. Толькі дэкарацыі. Пацёмкінская вёска, на якую пакладзена дваццаць гадоў. Ня проста адмежак часу, а дваццаць гадоў жыцьця людзей. Беларусаў. Асфальтавым катком па нацыянальных пачуцьцях, па беларускіх каштоўнасьцях. Дваццаць гадоў рэпрэсій і – радуйцеся –дазволілі кашулі з арнамэнтам. Вярнуліся да таго, з чаго пачыналі ў 1990-91-м. Вялікае дасягненьне! «І мусіш ты дзякуй крычаць!» – як сказаў паэт сто гадоў назад.

Нагадаю, як на сайце адной гарадзенскай сярэдняй школы вылезла «мэтадычка» пра формы і мэтады рэалізацыі моладзевай палітыкі. Для пільнасьці: разьдзел пра «нэгатыўныя зьявы ў моладзевым асяродзьдзі». І цудоўная па шчырасьці цытата: «У апошні час атрымаў актыўнае разьвіцьцё новы напрамак сярод неканструктыўных арганізацыяў – папулярызацыя беларускай мовы, традыцыяў і абрадаў, прэзэнтацыі кніг. Такім чынам дадзеныя арганізатары спрабуюць падмяніць «сокровенные для белорусов ценности» (працытуем у арыгінале) і падаць грамадзтву ўсю беларускую культуру «только с узкого националистического угла зрения». Такім яркім прыкладам зьяўляецца дзейнасьць курсаў «Мова на Нова», раздача «вышыванак» і г.д.».

Вышыванкі – варожая дывэрсія, як бачым. Так што якія могуць быць ілюзіі? Ды ў іх усю дарогу так. Пошукі вінаватых. Хто вінаваты? Беларуская мова, бел-чырвона-белы сьцяг. Пугу на іх!.. Рашучы наступ на ўсё беларускае. Ворагі, патрэбны ворагі! Унутраныя, зразумела. Вонкавы, ён акрэсьлены яшчэ пры сталіных-хрушчовых, нічога не памянялася.

Пасьля ранейшых выбараў, успомніце, зьбіраліся на плошчы памаўчаць: узровень жыцьця абрынуўся ў тры разы. Ворагі. Разагнаць! Рэскрыпт супраць іх: маўчаць забаронена, дзяржаўныя злачынцы! Прамаўляць – тым больш!

Ня можа публіка, якая пачала кіраваць з антынацыянальнымі памкненьнямі, раптам зьмяніцца. Так не бывае. Вышыванкі ў яе руках так і застануцца тымі цацанкамі. Бо ў іхняй душы няма нацыянальнага зьместу. Яны як агню шугаюцца ў сьне ад хрэстамацыйных радкоў, напісаных з болем: «Біце ў сэрца іх, біце мячамі, не давайце чужынцамі быць…» або «Народ, беларускі народ… і душу тваю абакралі, у ёй нават мовы няма».

Але ясна, трэба карыстацца момантам. Што датычыць вышыванак.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG