Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Хрушчова: унёсак Алексіевіч роўны заслугам Елінэк


Ніна Хрушчова

Ніна Хрушчова

Прафэсар міжнародных дачыненьняў нью-ёркскай Новай школы і навуковы супрацоўнік Інстытуту сусьветнай палітыкі Ніна Хрушчова (праўнучка былога савецкага лідэра) у артыкуле, апублікаваным на аналітычным інтэрнэт-рэсурсе Project Syndicate, зьвяртае ўвагу на гендэрны аспэкт творчасьці Сьвятланы Алексіевіч і факту атрыманьня ёй Нобэлеўскай прэміі.

Хрушчова нагадвае, што ў былым Савецкім Саюзе жанчыны-пісьменьніцы звычайна пісалі вытанчаныя вершы і прозу і мелі прызнаньне амаль роўнае з пісьменьнікамі-мужчынамі, але ваенная тэматыка заставалася прэрагатывай мужчынаў.

Сытуацыю пачала мяняць кніга Сьвятланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Гэтая кніга натхніла і саму Ніну Хрушчову на тое, каб некалькі гадоў таму напісаць пра жанчын яе вялікай сям’і — якая вядомая, канешне, найперш кіраўніком СССР Мікітам Хрушчовым, але ў якой былі і ўдовы загіблых на вайне.

Ніна Хрушчова лічыць, што ў пэўных адносінах літаратурны ўнёсак Алексіевіч роўны заслугам аўстрыйскай раманісткі, нобэлеўскай ляўрэаткі 2004 году Эльфрыды Елінэк, якая паходзіць з Аўстрыі — краіны з нацысцкім мінулым і патрыярхальнай сучаснасьцю. Да Нобэля творы Елінэк, піша Хрушчова, у значнай ступені былі малавядомыя па-за нямецкамоўным сьветам. Узнагарода Алексіевіч — гэта ня толькі прызнаньне яе глыбокага ўплыву і таленту, але і моцны мэсыдж адносна важнасьці ролі жанчын у грамадзтве.

Амэрыканская прафэсарка зьвяртае ўвагу і на яшчэ адну прыкметную тэндэнцыю — жанчыны ўсё часьцей атрымліваюць Нобэлеўскія прэміі. У 1991 годзе паўднёваафрыканская пісьменьніца Надын Гордымэр была першай за больш чым чвэрць стагодзьдзя жанчынай, якую ўзнагародзілі Нобэлеўскай прэміяй. Цяпер жанчыны атрымліваюць яе праз два-тры гады. Акрамя таго, сёлета пісьменьніца і літаратурны крытык Сара Даніюс зрабілася першай за 200 гадоў жанчынай на пасадзе сталага сакратара Швэдзкай акадэміі, якая прысуджае Нобэлеўскія прэміі ў галіне літаратуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG