Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей ляціць у Маскву да Лаўрова, каб размаўляць пра Ўкраіну, Грузію і Сырыю


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей 26–27 кастрычніка наведае з працоўным візытам Расейскую Фэдэрацыю. Ён будзе ўдзельнічаць у супольным паседжаньні калегіяў МЗС дзьвюх краін. Такія паседжаньні традыцыйна праходзяць раз на год.

Пра гэта сёньня паведаміў журналістам прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзьмітры Мірончык:

«Падчас супольнага паседжаньня чакаецца прыняцьце Праграмы ўзгодненых дзеяньняў у галіне зьнешняй палітыкі дзяржаў-удзельніц Дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы на 2016–2017 гады. Гэты дакумэнт прадугледжвае канкрэтныя мерапрыемствы, накіраваныя на далейшае ўзмацненьне саюзных дачыненьняў паміж нашымі краінамі, абарону і прасоўваньне інтарэсаў Беларусі і Расеі ва ўсясьветнай супольнасьці, забесьпячэньне спрыяльных зьнешніх умоваў для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця нашых дзяржаў.

У рамках працоўнага візыту кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства таксама правядзе сустрэчу са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым, падчас якой будуць абмеркаваныя ключавыя пытаньні беларуска-расейскага супрацоўніцтва, у тым ліку і ў міжнародных арганізацыях».

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

«Асабістая сустрэча Макея і Лаўрова мне падаецца больш цікавай, чым традыцыйныя штогадовыя ўзгадненьні скаардынаванай замежнай палітыкі. Я думаю, што ў размове двух міністраў будуць фігураваць як мінімум тры краіны. Гэта — Украіна, Грузія і Сырыя», — кажа міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

«Я не выключаю, што з боку Масквы будуць пэўныя парады наконт беларускай палітыкі адносна Ўкраіны. Я б сказаў, што размова пойдзе пра некаторую мадэрнізацыю менскай пляцоўкі. Справа ў тым, што, паводле некаторай інфармацыі, стасункі паміж афіцыйнымі Менскам і Кіевам зьмяняюцца апошнім часам ня ў лепшы бок. Гэта зьвязана з тым, што ў Беларусі застаецца ўсё меней магчымасьцяў утрымаць свой так званы нэўтралітэт адносна Ўкраіны. Расея патрабуе, каб Беларусь выконвала абсалютна ўсе свае абавязкі, якія вынікаюць з Дамовы аб саюзнай дзяржаве.

У Маскве цыркулююць чуткі пра прыхільнасьць Макея да Захаду

Да таго ж у Маскве ёсьць пэўныя падазронасьці наконт асобы самога Макея. Там цыркулююць чуткі пра ягоную прыхільнасьць да Захаду. І яны ідуць ад даволі вялікай групы экспэртаў. Гэтыя спэцыялісты кажуць пра схільнасьць Макея да заходніх каштоўнасьцяў. Я ня буду называць канкрэтныя прозьвішчы экспэртаў. Але ёсьць дзьве цікавыя акалічнасьці: першая — усе яны маюць цесныя сувязі з МЗС Расеі, чаго і не хаваюць. І другая — іх часта можна бачыць на ўсіх фэдэральных тэлеканалах.

Цяпер пра Грузію. Лукашэнка, калі ён быў зь першым афіцыйным візытам у Грузіі, паабяцаў сёлета да канца году адкрыць амбасаду ў Тбілісі. У Масквы гэты факт таксама выклікае пэўны інтарэс, бо дыпляматычных стасункаў паміж Расеяй і Грузіяй цяпер няма. І празь беларускае прадстаўніцтва расейцам будзе, як той казаў, «з рукі» вырашаць свае пытаньні.

І трэцяе — цяпер кажуць, што Пуцін хоча перанесьці цэнтар увагі сваёй зьнешняй палітыкі з Данбасу на Дамаск. Я зьвярнуў увагу, што калі Пуцін прымаў Асада, побач з расейскім прэзыдэнтам былі міністры абароны і замежных спраў. Так што Лаўрову будзе што расказаць Макею пра сырыйскую сытуацыю. І я не выключаю, што саюзьніцкія абавязаньні Беларусі перад Расеяй могуць пэўным чынам падняцца і тут. Тым больш што ў Сырыі вельмі плённа, хоць і ня гучна, працуе амбасада Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG