Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ставім Алексіевіч не для ляўраў», — рэжысёр спэктаклю паводле твору нобэлеўскай ляўрэаткі


Нобелеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч
Нобелеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч

Два спэктаклі паводле твораў Сьвятланы Алексіевіч пакажуць у Бабруйску з 27 па 31 кастрычніка на сцэне Магілёўскага абласнога тэатру драмы і камэдыі імя Дуніна-Марцінкевіча падчас традыцыйнага Рэспубліканскага фэстывалю нацыянальнай драматургіі.

Фэстываль ладзіцца з 1998 году, сёлета ён пройдзе пяты раз. Усяго ў праграме тэатральнага маратону заяўленыя дзесяць спэктакляў дзевяці калектываў зь Беларусі і Расеі.

Пастаноўкі паводле кніг першага беларускага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі прадставяць Магілёўскі абласны драматычны тэатар і Гомельскі гарадзкі моладзевы тэатар.

«СвиДЕТИли?» — прысьвечаная 70-годзьдзю перамогі ў Другой усясьветнай вайне пастаноўка Гомельскага гарадзкога моладзевага тэатру паводле твору «Апошнія сьведкі».

Мастацкі кіраўнік тэатру і рэжысэр-пастаноўшчык спэктакля «СвиДЕТИли?» Юры Вуто ў інтэрвію Свабодзе распавёў, што зьяўленьне пастаноўкі не зьвязанае з атрыманьнем Алексіевіч нобэлеўскай узнагароды і што спэктакль ужо атрымаў прызнаньне на тэатральным фэстывалі ў Расеі:

Мы ставім „СвиДЕТИли?“ з красавіка 2015 году. Тэатар ужо пасьпеў звазіць гэтую пастаноўку на конкурс у Расею і атрымаць там два дыплёмы.

«Гэты спэктакль ня мае дачыненьня да таго факту, што Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію. Хоць мы шчыра рады за нашу аўтарку. Што да пастаноўкі паводле твору „Апошнія сьведкі“, то быў доўгі працэс перамоваў зь Сьвятланай, яна не адразу дала згоду на паказ. Але, пабачыўшы відэазапіс з прэм’еры, цалкам пагадзілася. Мы ставім „СвиДЕТИли?“ з красавіка 2015 году. Тэатар ужо пасьпеў звазіць гэтую пастаноўку на конкурс у Расею і атрымаць там два дыплёмы».

Юры Вуто адзначыў, што пастаноўкі паводле Алексіевіч, як і яе творы, складана аднесьці да пэўнага жанру:

«Я вельмі добра ведаю творчасьць Сьвятланы Алексіевіч. Яшчэ будучы акторам, удзельнічаў у пастаноўцы яе п’есы, забароненай камуністычнай уладай. Таму я асабіста вельмі рады, што яна стала нобэлеўскай ляўрэаткай. Даўно пара. Цяпер яна — самы знакаміты чалавек у Беларусі.

„СвиДЕТИли?“ — гэта ня драма. Няма клясычнага жанру, якім можна было б ахарактарызаваць гэты спэктакль. Гэта размова. З гледачом гавораць дзеці вайны. Прычым сярод актораў ёсьць дзьве жанчыны — сапраўдныя дзеці вайны.

Мы своечасова знайшлі тэму, не спэкулявалі на ёй, не рабілі салдацкі спэктакль. Гэта нармальны спэктакль, які мае глядзець моладзь.

Што да чаканьняў ад Рэспубліканскага фэстывалю нацыянальнай драматургіі, то мы пра гэта ня думаем. Мы ставім гэты спэктакль не для ляўраў. Мы своечасова знайшлі тэму, не спэкулявалі на ёй, не рабілі салдацкі спэктакль. Гэта нармальны спэктакль, які мае глядзець моладзь».

Другі спэктакль паводле Алексіевіч, які прадставяць на Рэспубліканскім фэстывалі нацыянальнай драматургіі, — гэта «Час СЭКАНД ХЭНД» паводле аднайменнага твору. Яго ставяць у Магілёўскім абласным драматычным тэатры са студзеня 2015 году, і сёлета ён стаў адной з самых чаканых тэатральных прэм’ераў.

Рэжысэр-пастаноўшчык спэктакля Ўладзімер Пятровіч ня змог пагутарыць са Свабодай, бо цягам дня быў заняты на рэпэтыцыі.

На афіцыйнай старонцы Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру напісана, што «Час СЭКАНД ХЭНД» — гэта некалькі маналёгаў, якія апавядаюць пра жыцьцё чалавека пасьля распаду СССР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG