Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міма па вуліцы прайшоў някідкі чалавек. Са зьнешнасьцю даволі звычайнай. Заўважыў яго бакавым зрокам. У тую ж хвілю скеміўшы, што гэта адзін з самых адметных гарадзенскіх актораў Васіль Мініч. Засяроджаны ў сабе, як любы творца. А я дагэтуль хаджу пад уражаньнем апошняй прэм’еры ў абласным драмтэатры, дзе ён трымаў залю, якая выбухала сьмехам.

Гарадзенцы паставілі сьмяхотную рэч з сучаснага сусьветнага рэпэртуару — п’есу «Боінг-боінг», аўтар — Марк Камалеці (Marc Camoletti, 1923-2003) з Жэнэвы. Першая пастаноўка ў Парыжы адбылася ў 1960-м. Празь нейкі час спэктакаль зрабіўся штодзённым на 44 гады. Трапіўшы ў кнігу рэкордаў Гінэса. У 60 краінах прайшло 18 тысяч пастановак. І нават брытанская каралева ў Лёндане паглядзела.

Малады залётнік Бэрнар (Сяргей Саўко) жыве ў Парыжы і мае тры палюбоўніцы, якія спыняюцца ў яго па чарзе. Усе яны сьцюардэсы: Мэры («American Airlines»), Мішэль (Air France«) і Марта (Lufthansa): «Адна ўзьлятае, другая прызямляецца, трэцяя ў гэты момант знаходзіцца ў самалёце».

Галоўнае, каб не сыходзіліся рэйсы, за чым Бэрнар вельмі сочыць. Але змаганьне за хуткасьць у паветры даецца яму ў знакі. Праводзячы Мэры, ён ужо чакае наступную, але Мэры з радасьцю паведамляе: ім даюць новы «Супэрбоінг», у якога чатыры моцныя рухавікі. Ну й што? «Ёлупень! Гэты самалёт лятае значна хутчэй! Значыць я буду прылятаць да цябе часьцей», адказвае Мэры... Проста бяда! Усіх каханак пераводзяць на новыя самалёты, ідылія Бэрнара руйнуецца на вачах гледачоў. Праблема яшчэ ў тым, што ён называе іх нявестамі, кожнай абяцаючы ажаніцца (1960-ы год!).

Прызнаюся: калі пачаўся спэктакль, мне зьнянацку прыгадалася, што бачыў галівудзкую экранізацыю «Боінга-боінга», але назіраць за жывой дзеяй аказалася значна цікавей.

Былі б на сцэне толькі Бэрнар са сьцюардэсамі, быў бы проста вадэвіль. Дарэчы, замест Мішэль у спэктаклі Маша з «Аэрафлёту». Але там яшчэ ёсьць служанка Бэрта (заслужаная артыстка РБ Людміла Волкава), вельмі пэдантычная германка... Аднак сапраўднай камэдыяй робіць спэктакаль Васіль Мініч у ролі Рабэра, былога аднаклясьніка Бэрнара.

Бяз Бэрты Бэрнар быў бы як бяз рук. Трэба не пераблытаць: якую сьцюардэсу чым накарміць. Калі гэта будзе не Мішэль, значыць, на вячэру трэба ня мяса з фасоляй, а «кіслай капусты і рандэлак сардэлек».

Рабэр прыехаў з правінцыі і хоць «на поўдні мноства прыгожых дзяўчат», «усе яны праходзяць міма». Рабэр звонку цяльпук і недарэка. Апошняя надзея на Парыж — ажаніцца тут. Ён у шоку ад лічбы сьцюардэс прыяцеля: «Адна жанчына — гэта ўжо мільён праблем! А ты кажаш — тры!» Але спакваля правінцыйны прыяцель сам ператвараецца ў залётніка. Васіль Мініч папросту прыцягвае вочы гледачоў. Неабходна сачыць амаль адразу за яго рукамі, тварам, за ўсімі рухамі, мімікай, нечаканымі фартэлямі з парасонам ці валізкай. У яго ігры цьмяна пазнаюцца Чарлі Чаплін, комікі савецкага кіно, але разам з тым ён зусім асобны талент. Ня ведаю, можа ў Беларусі ёсьць яшчэ акторы падобнага амплюа, але на Гарадзеншчыне ён адзін такі. Рэдкі талент, які дазваляў бы існаваць нават тэатру аднаго актора.

«Боінг-боінг» на гарадзенскай сцэне ўдала выглядае яшчэ й таму, што ёсьць адчуваньне нібы адсутнасьці рэжысэра, ва ўсякім разе здаецца, што акторам далі поўную свабоду, магчымасьць «быць самімі сабой». Пастаноўка праз гэта толькі выйграе.

Знаёміць з маладзенькімі сьцюардэсамі Бэрнара прыяцель, які працуе ў сувэнірнай крамцы ў аэрапорце. У канцы спэктаклю ён зноў тэлефануе, але Бэрнару зрабілася пакуль не да сьцюардэс. Аднак Рабэр раптоўна просіць ня вешаць слухаўку, сам хапае яе, каб запісаць новыя імёны. І ўсе яго аднолькава вабяць: індуска, англічанка, італьянка і нават зусім рэдкасьць — руская. Але так у п’есе, у гарадзенскім спэктаклі яна ператвараецца у «Белавію».

Цікава назіраць, як сцэна робіцца больш натуральнай. Яшчэ нядаўна акторы пілі, нічога не наліваючы, і елі, нічога не жуючы. Нібы ў дзіцячыя гульні гулялі. Але цяпер для нямецкай сьцюардэсы падаюць прынамсі тонкія сасіскі, хаця я ў залі моўчкі пярэчу: да кіслай капусты павінны быць тоўстыя! І Бэрта, нібы пачуўшы мае думкі, вымаўляе слова «сардэлькі». Але ў астатнім усё пераканаўча, нават двума прыяцелямі пад заслону зухава адкаркоўваюцца бутэлькі з шампанскім, магчыма малаалькагольным газаваным віном — на адлегласьці не відно.

Трэба назваць таксама «сьцюардэс Бэрнара»: Марыя Бутрымовіч (Марта), Марыя Мялешка (Мэры), Тацяна Абленс (Маша). Кожная па-свойму была пераканаўчай. У любым спэктаклі ёсьць адзін-два звонку выразна мацнейшыя выканаўцы, калі ўсё атрымліваецца, астатнія стараюцца ня быць горшымі на іхнім фоне. Ажыцьцявіў пастаноўку галоўны рэжысэр тэатру Генадзь Мушпэрт.

«Боінг-боінг» дагэтуль нярэдка называюць самым парыскім спэктаклем. Кажуць, што ў ім паўдзельнічала з 1960-га каля трохсот актораў. А сапраўдны рэкорд паставіла акторка Крыстыян Мюлер: выходзіла на сцэну ў ім пяць тысяч (!) разоў. Гарадзенскі «Боінг-боінг» таксама яшчэ можна будзе ўбачыць. А я ці не ўпершыню, выходзячы з тэатру, сказаў сабе, што яшчэ раз хачу абавязкова яго паглядзець.

  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG