Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Салігоршчыне ідэолягі забясьпечваюць яўку на фільм «Мы, браты»?


На прэм'еры фільма “Мы, браты” ў Менску, 24 верасьня 2015 году

На прэм'еры фільма “Мы, браты” ў Менску, 24 верасьня 2015 году

Праваабаронцы кажуць, што райвыканкам абавязаў прадпрыемствы забясьпечыць яўку на нацыянальны кінапраект. Ідэоляг райвыканкаму пра гэта ня чуў.

Намесьнік старшыні Салігорскага райвыканкаму па ідэалягічнай працы Мікалай Маскевіч абавязаў прадпрыемствы раёну набыць квіткі на прагляд фільму «Мы, браты» і забясьпечыць яўку работнікаў у адпаведнасьці з даведзенай разнарадкай, паведамляе праваабарончы сайт «Вясна-96».

Паводле іх зьвестак са спасылкай на галоўнага ідэоляга раёну, працу па «арганізацыі паказу нацыянальнага фільму» праводзіць Міністэрства культуры. З улікам «грамадзка-палітычнай важнасьці» гэтага мерапрыемства Маскевіч нібы патрабуе ад кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстановаў судзеяньня праз абавязковае набыцьцё квіткоў і забесьпячэньне яўкі, ня меншай за даведзеную. Установаў, што атрымалі разнарадку, каля шасьці дзясяткаў, найбольшую яўку патрабуюць ад установаў адукацыі.

Сам Маскевіч сьцьвярджае ў камэнтары Свабодзе, што ня чуў пра такую разнарадку:

«Ня ведаю гэтай інфармацыі. І я ж ня ведаю, што вы з „Радыё Свабода“ — прыяжджайце, будзем размаўляць. Інфармацыі ў мяне ніякай няма. А дзе гэты фільм праходзіць? Калі паказваецца ў Салігорскім раёне, дык што, хай ідуць ці не ідуць, што за пытаньне? Калі ў нас дэманструецца гэты фільм, то хай людзі ідуць! Мне пытаньне вашае незразумелае».

Беларускі нацыянальны кінапраект «Мы, браты» быў упершыню прадэманстраваны на закрытым паказе ў межах Канскага кінафэстывалю ўвесну 2015 году, у Менску быў прэзэнтаваны 24 верасьня. Бюджэт фільму склаў каля 5 мільёнаў даляраў. Ён быў нізка ацэнены шэрагам крытыкаў. На найбуйнейшым каталёгу фільмаў у Рунэце, «Кінапошуку», «Мы, браты» меў адзнаку ад гледачоў у 1-2 балы зь 10, але пасьля перазапуску сайту адзнака гледачоў імгненна замянілася на 7,7 балаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG