Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦРУ асудзіла абнародаваньне асабістых дадзеных свайго дырэктара


Дырэктар ЦРУ Джон Брэнан

Дырэктар ЦРУ Джон Брэнан

Інтэрнэт-сайт WikiLeaks, які спэцыялізуецца на публікацыі закрытай службовай і камэрцыйнай інфармацыі, апублікаваў у сераду выкрадзеныя хакерамі асабістыя дадзеныя дырэктара ЦРУ Джона Брэнана.

Уся інфармацыя адносіцца да пэрыяду да прыходу Брэнана ў адміністрацыю Абамы і не ўтрымлівае ніякіх дзяржаўных таямніц. Сярод выкладзеных на сайце дадзеных — нумар індывідуальнага падаткаплатніка, нумар замежнага пашпарта, адрасы родных і дзелавых знаёмых. Хакеры таксама скралі не аформленую Брэнанам да канца анкету, якую запаўняюць асобы, якія паступаюць на дзяржаўную службу. Анкета зьмяшчае пытаньні аб стане здароўя заяўніка, ці ўжываў ён наркотыкі, ці меў судзімасьці або сувязі з замежнымі дзяржавамі.

Сярод дакумэнтаў на сайце WikiLeaks таксама выкладзеная аналітычная даведка па Іране, накіраваная Брэнанам зноў абранаму прэзыдэнту Абаму ў 2009 годзе. У гэтай даведцы Брэнан раіць Абаму адмовіцца ад выкрывальнай рыторыкі свайго папярэдніка Буша-малодшага, які залічыў Іран да «восі зла», і выбраць рэалістычны, прагматычны і паэтапны падыход, заснаваны на прамым дыялёгу з Тэгеранам. «У Злучаных Штатаў няма іншага шляху, акрамя як адшукаць спосаб суіснаваньня зь любым рэжымам у Тэгеране, якім бы ён ні быў», — пісаў Брэнан ў сваёй запісцы.

Узломшчыкі заяўляюць, што праніклі ў электронную паштовую скрыню Брэнана на мінулым тыдні, і абяцаюць выкласьці на WikiLeaks узятыя адтуль дадатковыя дакумэнты, якія маюць дачыненьне да палітыкі ЗША ў Аўганістане і Пакістане.

Паводле заявы ЦРУ, «пранікненьне ў файлы, якія зьмяшчаюць інфармацыю пра сям’ю Брэнанаў, зьяўляецца злачынствам, а самі Брэнаны — ахвярамі злачынства. Гэтыя дадзеныя былі выкрадзены са злым намерам і цяпер распаўсюджваюцца ў сусьветым сеціве. Гэтую хакерскую атаку варта асудзіць і ні ў якім разе не заахвочваць. Няма ўказаньняў на тое, што дакумэнты, апублікаваныя да гэтага часу, былі сакрэтнымі. Усе яны на цалкам законнай падставе маглі знаходзіцца ў распараджэньні асобы, якая мае дачыненьне да пытаньняў нацыянальнай бясьпекі».

XS
SM
MD
LG