Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саўчанка склала тастамент і мае намер зноў пачаць галадоўку


Былая ўкраінская лётніца Надзея Саўчанка, якую судзяць у Расеі па абвінавачваньні ў забойстве журналістаў ВГТРК пад Луганскам, склала тастамент і мае намер зноў пачаць галадоўку. Пра гэта яе сястра Вера Саўчанка паведаміла ў эфіры тэлеканалу «112», перадае «Украінская праўда» ў сераду, 21 кастрычніка.

«Намер такі маецца. Надзея такім чынам змагаецца. Гэта яе зброя», — цытуе Веру Саўчанка Украінская праўда.

Акрамя таго, яна паведаміла, што яе сястра склала тастамент. Дэталі Вера Саўчанка раскрываць ня стала.

Былая ўкраінская вайскоўка, цяпер — дэпутат Вярхоўнай Рады ад партыі «Бацькаўшчына» і сябра ўкраінскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Надзея Саўчанка знаходзіцца пад арыштам у Расеі зь ліпеня 2014 года. Спачатку яе абвінавацілі ў спрыяньні забойству расейскіх журналістаў Ігара Карнелюка і Антона Валошына ў Луганскай вобласьці Ўкраіны і ў незаконным перасячэньні мяжы.

Пазьней расейскія сьледчыя перакваліфікавалі яе дзеяньні — з памагатага на сувыканаўцу забойства. Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Уладзімір Маркін казаў, што Саўчанцы пагражае да 25 гадоў пазбаўленьня волі (жанчын у Расеі ня могуць прысудзіць да пажыцьцёвага тэрміну). Суд над Саўчанкай праходзіць у Данецку Растоўскай вобласьці.

XS
SM
MD
LG