Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму чарка гарэлкі таньнейшая за кубак кавы — пытаньне да Саўміну»


Беларусь ужо ня лідэр па спажываньні алькаголю ў сьвеце. Толькі за апошні год зьніжэньне склала 7%, канстатуюць мэдыкі. У той жа час праваахоўнікі па-ранейшаму б’юць трывогу: ад 60 да 80% цяжкіх злачынстваў зьдзяйсьняюць асобы ў стане алькагольнага ап’яненьня. Чаму ўсе зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы — МУС, Міністэрства аховы здароўя ды іншыя — дэкляруюць, што змагаюцца з п’янствам і алькагалізмам, а вынікаў няма, разьбіралася Іна Студзінская.

20 кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі міністар аховы здароўя Васіль Жарко перад кіраўнікамі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя з гонарам паведаміў, што Беларусь ужо ня першая ў сьвеце па спажываньні абсалютнага алькаголю на душу насельніцтва. А 21 кастрычніка кіраўнік Рэспубліканскага цэнтру маніторынгу і прэвэнталёгіі РНПЦ псыхічнага здароўя Аляксей Кралько таксама паведаміў, што ў апошнія 3 гады заўважная дынаміка зьніжэньня спажываньня алькаголю:

«У 2011 годзе гэтая лічба была — 3,4 літра абсалютнага алькаголю на душу насельніцтва, у 2014 годзе — 10,47 літра. За апошні год зьніжэньне больш як на 7%. Мы ўжо, напэўна, выйшлі з той катэгорыі краінаў, якія лідзіруюць у спажываньні алькаголю. У 2014 годзе Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя апублікавала дадзеныя за 2008–2010 гады, дзе Беларусь была на першым месцы. Але мы ўжо выйшлі з гэтай катэгорыі».

Тады Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя заяўляла, што кожны беларус, уключна зь немаўлятамі, спажывае ў год 17,5 літра абсалютнага алькаголю.

Намесьнік начальніка ўпраўленьня прафіляктыкі Галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Сяргей Красуцкі канстатаваў, што на сёньняшні дзень алькагалізм застаецца адной з самых сур’ёзных сацыяльных праблемаў і, як вынік, нэгатыўна ўплывае на апэратыўную абстаноўку:

«Кожнае чацьвёртае злачынства зьдзяйсьняецца грамадзянамі ў стане алькагольнага ап’яненьня. Што тычыцца такіх злачынстваў, як рабункі, разбоі, наўмыснае прычыненьне цяжкіх цялесных злачынстваў — доля яшчэ вышэйшая, яна складае ад 60 да 80%. 83% забойстваў зьдзейсьнілі асобы, якія знаходзіліся ў стане алькагольнага ап’яненьня».

Абодва чыноўнікі — і мэдык, і праваахоўнік — падрабязна і ахвотна распавялі пра розныя захады і комплексныя падыходы ў барацьбе з алькагалізмам, прывялі шмат лічбаў і прыкладаў.

Але барацьба з алькагалізмам у Беларусі сапраўды нагадвае тушэньне пажару бэнзінам: чым больш п’юць беларусы, тым больш ім наліваюць. Вось дзьве апошнія, здавалася б, добрыя ініцыятывы. Улетку Менгарвыканкам абмежаваў час продажу алькаголю — з 9 раніцы да 22 гадзіны вечара. Аднак так званы экспэрымэнт «за здаровы лад жыцьця» празь месяц згарнулі, патлумачыўшы клопатам пра спажыўца: маўляў, няхай купляюць у начных крамах правераны прадукт, а не сумнеўнай якасьці ў таксістаў і бабулек.

З 1 ліпеня адмысловым указам і дэкрэтам прэзыдэнта зьніжаныя гандлёвыя нацэнкі на алькаголь. Гарэлка стала самай даступнай. Чарка гарэлкі яшчэ нядаўна ў кавярні ці рэстарацыі каштавала 35 тысяч, цяпер — максымум 8 тысяч, 50 грамаў беларускага каньяку — 18 тысяч. Для параўнаньня: кубак кавы — 30–40 тысяч. Таньней за чарку гарэлкі каштуе толькі кавалак хлеба. На канкрэтнае пытаньне Радыё Свабода, чаму так непасьлядоўна дзяржава змагаецца з п’янствам і што важней — эканамічны складнік ці здароўе і дабрабыт народу, высокапастаўлены чыноўнік МУС Сяргей Красуцкі адказаў так:

«Мы зацікаўлена віталі актыўныя захады па абмежаваньні продажу алькаголю. Але на сёньняшні дзень пытаньне, як мы будзем рухацца далей і якія нашы адносіны, напэўна, некарэктнае. Гэта хутчэй пытаньне да Савету Міністраў, які да 1 студзеня 2016 году павінен такія захады выпрацаваць. І мы будзем у тым ліку, і вы будзеце ведаць, як нам рухацца далей у пытаньні па абмежаваньні спажываньня насельніцтвам алькагольнай прадукцыі».

Палкоўнік міліцыі Сяргей Красуцкі спаслаўся на новую рэдакцыю Дырэктывы прэзыдэнта № 1 «Аб захадах па ўзмацненьні грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны», у якой утрымліваецца даручэньне Савету Мінстраў «да 1 студзеня 2016 году прадставіць захады па выпрацоўцы мэханізму і адзіных падыходаў органаў дзяржаўнага кіраваньня па арганізацыі працы, накіраванай на паэтапнае скарачэньне спажываньня алькаголю».

Абмежаваньне даступнасьці алькаголю — гэта толькі адзін з кампанэнтаў, кажа кіраўнік Рэспубліканскага цэнтру маніторынгу і прэвэнталёгіі РНПЦ псыхічнага здароўя Аляксей Кралько. І ён працуе — спадар Кралько прывёў прыклады Швэцыі, Нарвэгіі. Чаму Беларусь праводзіць такую непасьлядоўную палітыку?

«Міністэрства аховы здароўя цягам многіх гадоў выступала за абмежаваньне часу продажу алькаголю, мы выступалі і за абмежаваньне крокавай даступнасьці. Мы нават выступалі за павелічэньне ўзросту продажу алькаголю. Але там шмат прававых аспэктаў, якія перашкаджалі і на сёньняшні дзень перашкаджаюць хутка ажыцьцявіць такія абмежавальныя захады».

Застаецца дадаць, што ў дзясятку найбольш буйных падаткаплатнікаў Менску ўвайшлі і тры прадпрыемствы, якія выпускаюць алькаголь: «Менскі завод вінаградных вінаў», «Менск-Крышталь» і піўзавод «Аліварыя».

XS
SM
MD
LG