Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугорская журналістка-падножчыца думае пераехаць у Расею


Пэтра Ласла б'е дзяўчынку-мігрантку (кадр зь відэа)
Пэтра Ласла б'е дзяўчынку-мігрантку (кадр зь відэа)

Вугорская тэлеапэратарка, шырока крытыкаваная ў сьвеце за тое, што паставіла падножку сырыйскаму ўцекачу на сэрбска-вугорскай мяжы, расказала расейскім СМІ, што думае пераехаць зь сям’ёю ў Расею і пачаць там новае жыцьцё.

Тэлеапэратарка вугорскага прыватнага тэлеканалу Пэтра Ласла, звольненая з працы пасьля таго, як у інтэрнэце разышоўся відэаролік, на якім яна б’е нагою дзяўчынку і ставіць падножкі ўцекачу зь дзіцем на руках, сказала, што разглядае магчымасьць пераехаць у Расею пасьля суду над ёй у сувязі з згаданым інцыдэнтам.

Пэтру Ласла абвінавачваюць у хуліганстве, за што, паводле вугорскіх законаў, ёй пагражае тэрмін да трох гадоў зьняволеньня, аднак яна спадзяецца на ўмоўнае пакараньне тэрмінам да паўтара года.

Пасьля суду яна зьбіраецца разам зь сям’ёй пакінуць краіну.

«Мы разглядаем Расею і думаем, што пачнем вучыць расейскую мову. Для нас цяпер важна зьехаць з Вугоршчыны. Мы вырашым пасьля суду», сказала Ласла ў інтэрвію газэце «Известия».

Пэтра Ласла, маці двух дзяцей, зазнала шырокую хвалю крытыкі і асуджэньня ў сьвеце, калі на відэароліку, які зьявіўся ў верасьні, можна было пабачыць, як яна б’е нагою ўцекачоў, у тым ліку дзяўчынку, якія бягуць праз поле, прарываючы паліцэйскія кардоны.

Ласла працавала на тэлеканале N1TV, зьвязаным з праварадыкальнай антыіміграцыйнай партыяй Jobbik, але пасьля скандалу зь відэа была звольненая.

Яна сказала «Известиям», што паводзіла сябе так з мэтай самаабароны:

«Уцекачы беглі ў мой бок — гэта было страшна, — сказала яна. — Мяне пачалі штурхаць. Толькі таму я ўдарыла аднаго з уцекачоў. Каб яны мяне не штурхалі. Гэта была ахоўная рэакцыя».

«Я ня бачыла, што гэта дзіця, — дадала Ласла. — Я шкадую, што ўсё так адбылося. Мая памылка ў тым, што я засталася здымаць далей, а не ўцякла».

Ласла таксама сказала «Известиям», што яна зьбіраецца падаць у суд на Facebook за тое, што гэтая сацыяльная сетка нібыта заблякавала старонкі яе групаў падтрымкі, аднак нічога не зрабіла са старонкамі іншых груп, у тым ліку такіх, якія, паводле яе, заклікаюць яе забіць.

Яна таксама паведаміла, што зьбіраецца судзіцца з уцекачом, якому яна паставіла падножку, калі ён без з сынам на руках. Журналістка сьцьвярджае, што ён «зьмяніў» свае паказаньні ў справе інцыдэнту, бо спачатку абвінавачваў паліцыянта.

«Мой муж хоча даказаць маю невінаватасьць, — цытуюць Пэтру Ласла „Известия“. — Для яго цяпер гэта справа гонару»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG