Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэнальд Кныш: Падмурак вялікага спорту пабудаваны на хлусьні і подласьці


Рэнальд Кныш
Рэнальд Кныш

23 кастрычніка ў шатляндзкім Глазга стартуе чэмпіянат сьвету па спартыўнай гімнастыцы, дзе беларусам адпачатку адводзіцца роля статыстаў. Летась на ўсясьветным першынстве жаночая зборная заняла 25 месца ў камандным турніры і сёлета ў лік «сеяных» ня трапіла. Ня будзе ніводнай беларускі і ў індывідуальных спаборніцтвах — краіну прадставяць... «зьбеларушчаныя» амэрыканкі. 16-гадовая Кэйлі Дыксан і 17-гадовая Алаіна Кван ужо атрымалі беларускія пашпарты і паспрабуюць пазмагацца за пуцёўкі на Алімпіяду-2016 у Рыё-дэ-Жанэйра.

На легіянэраў разьлічваюць і ў мужчынскай камандзе — найперш на расейцаў Дзьмітрыя Баркалава і Андрэя Ліхавіцкага. Куды падзелася былая слава беларускіх гімнастаў? Чаму прыйшоў у заняпад від спорту, дзякуючы якому замежнікі даведваліся пра існаваньне Беларусі? Дзе спадкаемцы Валчэцкай, Петрык, Корбут, Лазаковіч, Кошаль, Шчэрбы, Іванкова ды іншых, чые прозьвішчы залатымі літарамі ўпісаныя ў гісторыю ўсясьветнага спорту?

Сытуацыю ў некалі мэдалёвай дысцыпліне аналізуе Рэнальд Кныш — заслужаны трэнэр СССР і БССР, заслужаны дзеяч фізычнай культуры Беларусі, настаўнік алімпійскіх чэмпіёнак Алены Валчэцкай і Вольгі Корбут. Спадар Кныш — аўтар шэрагу практычных кніг, прысьвечаных праблемам спартыўнай гімнастыкі. Шмат гадоў вядзе ліставаньне зь ведамствамі, прапануючы ўласны рэцэпт аздараўленьня ўласнага ж дзецішча. Але падобна да таго, што багаты досьвед адмыслоўца нікому не патрэбны.

Рэнальд Кныш – як рабіць алімпійскіх чэмпіёнаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:57 0:00

— Рэнальд Іванавіч, калісьці школа беларускай спартыўнай гімнастыкі грымела на ўвесь сьвет. Але дайшло да таго, што беларусаў адпачатку запісваюць у аўтсайдэры. У чым справа?

— Па-першае, няма трэнэраў. Па-другое, ня хочуць слухаць дасьведчаных людзей. Я неаднаразова прапаноўваў свае паслугі, каб дапамагчы адрадзіць у Беларусі гімнастыку. І што? Ды нічога. Значыць, лічаць, што і так усё добра. Калі ў свой час я прабіў на саюзны ўзровень Валчэцкую і Аляксееву, да мяне валам павалілі трэнэры — прыяжджалі, пыталіся, раіліся. Шмат хто быў шчыра ўдзячны за парады.

Той жа Дзьмітрыеў зь Віцебску, у якога алімпійскімі чэмпіёнкамі сталі Петрык і Лазаковіч. Ён увесь час вёў хлопчыкаў, але неяк на перадалімпійскіх зборах жылі зь ім у адным пакоі, і я яму кажу: ведаеш, кідай хлопчыкаў, пераходзь на дзяўчатак. Бо тое, што ў хлопчыкаў першы разрад, у дзяўчатак — заслужаны майстар спорту ўзроўню чэмпіёна сьвету. Прыглядайся, кажу, як я зь імі працую, займай сваю нішу і рыхтуй пераможцу. Галоўнае — паставіць такую мэту: самым бліжэйшым часам падрыхтаваць алімпійскую чэмпіёнку. Кідай усіх, займайся толькі з адной. Выберы — і рабі, каб уся ўвага толькі на яе.

Ён пасьля гэтага сапраўды разьвітаўся з хлопцамі, і ўжо праз 4 гады прывёў да алімпійскага золата Петрык. Разумееце, калі чалавек хоча, калі слухае, успрымае і стараецца зрабіць, гэтага дасягнуць цалкам рэальна. На жаль, трэнэра абавязваюць рабіць зусім ня тое, што трэба. Я раней лічыў, што ўвесь спорт пастаўлены на рэйкі дурасьці ды ідыятызму. Аказалася, што гэта і ня дурасьць, і не ідыятызм. Гэта змова. У мяне нават ёсьць цэлае дасьледаваньне, як усё да такога фіналу прыйшло.

Творчыя здабыткі гарадзенскага трэнэра
Творчыя здабыткі гарадзенскага трэнэра

— З вашых словаў раблю выснову, што статус трэнэра незаслужана заніжаны? Прынамсі на постсавецкай прасторы.

— На Захадзе справы ў гэтым сэнсе сапраўды лепшыя, але таксама ня ўсюды і не заўсёды. Факт, што ёсьць такая тэндэнцыя — прымяншаць значэньне трэнэра, усе ляўры аддаваць спартоўцу. Я, шчыра кажучы, урэшце і кінуў спорт з-за таго, што было такое стаўленьне да трэнэра. У мяне дагэтуль ляжыць ліст, які я гадоў 20 таму ці нават больш дасылаў у розныя газэты, часопісы, але яго друкаваць папросту адмовіліся. Таму што гэта не адпавядала агульнапрынятым нормам разуменьня ролі і месца настаўніка. Наагул, ня ў тым справа, што мяне ігнаравалі ці прыніжалі. Проста дзеля таго, каб узьняць спорт у цэлым, спачатку трэба ўзьняць прэстыж трэнэра ў прыватнасьці.

Цяпер гэты «прэстыж» настолькі ўмоўны, што ніхто ня хоча гэтым займацца. Трэнэраў не хапае ва ўсіх відах спорту. Ня так даўно глядзеў па тэлевізары, што Менскай вобласьці патрабуецца прыкладна 500 трэнэраў. А няма і 400, не жадаюць ісьці. Калі хто і прыходзіць, то ня дзеля таго, каб падымаць спартоўца на алімпійскі ўзровень, а дзеля таго, каб проста зарабіць, і больш нічога. Зарабляць у спорце нашмат прасьцей, лягчэй, чым рыхтаваць выбітных спартоўцаў. На гэтых тэзісах я і будаваў свой артыкул. Але ж хто возьме ў працу, пачытаўшы адзін толькі загаловак? «Прыніжэньне трэнэра — гібель спорту». Такія лісты я пачаў пісаць, дасылаць яшчэ ў 1980-х, але паразуменьня так і не атрымаў.

З алоўкам Рэнальд Іванавіч не расстаецца ніколі
З алоўкам Рэнальд Іванавіч не расстаецца ніколі

— Рэнальд Іванавіч, вас ведаюць як сьмелага экспэрымэнтатара, за што, безумоўна, паважаюць. Разам з тым ужо не адно дзесяцігодзьдзе вашы бескампрамісныя заявы адносна засільля дылетантаў у спорце выклікаюць нэрвовую рэакцыю ня толькі ў калегаў, але і ў ваколспартовых функцыянэраў...

— Ёсьць у мяне кніга «Як рабіць алімпійскіх чэмпіёнаў». Яна пра тое, што сыстэма, якая цяпер існуе ў спорце, абсалютна не дазваляе рабіць алімпійскіх чэмпіёнаў. Ня толькі ў спартыўнай гімнастыцы — ва ўсіх відах. І толькі той трэнэр, які ці сам дадумаў, ці паслухаў разумных людзей, бачыць: сыстэма, якую ўхваляе і прасоўвае спартовае кіраўніцтва, цалкам мёртвая. Гэта забойства алімпійскага спорту. І тая мэтодыка навучаньня, і тыя пляны па мэдалях, і тое стаўленьне да трэнэра. Цяпер патрабуюць: давай, каб была каманда, каманда, каманда. А што каманда? Глупства.

Дзеля таго каб трэнэр кагосьці падняў, неабходна, каб ён займаўся зь некім пэрсанальна, індывідуальна. І нават аднаго трэнэра мала, трэба яму яшчэ памочніка даць. Вось тады нешта будзе. Гэта як навучаньне замежнай мове. У школе яе вучаць, у інстытуце вучаць. Урэшце выходзяць пасьля 12–15 гадоў і нічога ня ведаюць. А ноймуць бацькі рэпэтытара, той сам-насам папрацуе, і праз год, глядзіш, сын ці дачка па-ангельску прыстойна гаворыць. Вось што значыць індывідуальная праца. У нас жа крычаць: давай, з усімі працуй, проста разглядзі задаткі геніяльнасьці, і вучань сам падымецца. Ды задыхнецца ён у гэтым калектыве, нічога талковага ня будзе, паверце. Трэба ад самага пачатку весьці чалавека правільным шляхам.

— Ці ня той гэта выпадак, калі ўсё пачынаецца з галавы? Два дзясяткі гадоў на чале Нацыянальнага алімпійскага камітэту стаіць Аляксандар Лукашэнка. Але як яго баяцца падначаленыя ва ўрадзе, гэтак жа не жадаюць высоўвацца і спартовыя функцыянэры. Адсюль — мінімум ініцыятывы, адсутнасьць канструктыўных прапановаў, нежаданьне браць на сябе адказнасьць.

З самай пасьпяховай вучаніцай Вольгай Корбут
З самай пасьпяховай вучаніцай Вольгай Корбут

— Ну, канечне, было б добра, каб на чале камітэту стаяў вопытны, аўтарытэтны спэцыяліст у спорце. Не прэзыдэнцкая гэта справа, ад такой апекі толькі горш. Я неаднаразова пісаў Лукашэнку як кіраўніку НАК, дасылаў свае прапановы, як вярнуць нашай гімнастыцы былую славу. Дык да яго ж нічога не даходзіць, не прапускаюць! Можа, нешта і пераказваюць памочнікі — Мядзьведзь, Бялова, іншыя — але ж яны хлусяць, зусім ня тое нашэптваюць. А ён верыць іхняй хлусьні. Гадоў пяць таму ўзьнялі кіпеж: Бялова арганізуе нейкую школу, у якую зьбярэ адных заслужаных майстроў спорту. Яны і цяпер выкарыстоўваюць гэта як ахоўную грамату.

Я некаторых калегаў сустракаў, хто там пабываў: месяцы два-тры — і ты трэнэр вышэйшай катэгорыі. Хоць насамрэч проста сьмех, што там робіцца. Запрашаюць з усяго сьвету нейкіх прафэсараў, іншых дзеячаў, тыя зь перакладчыкам нешта гавораць, і абавязкова — формулы, формулы, формулы. Працаваць толькі паводле формулы. Ну якая формула? Я, напрыклад, ніводнай формулы за сваё жыцьцё ня ўжыў, навошта гэта? Не існуе шаблёну, разумееце? Тым ня меней кожны стараецца паказаць, як ён разумна выступае. Як сказаў мне знаёмы, лухта з лухты, але некалькі месяцаў прымушаюць усё гэта слухаць. І дадаў: каб слухалі ды потым так рабілі, дык не было б нават таго, што ёсьць цяпер.

— Іншымі словамі, чалавек, які кіруе спортам высокіх дасягненьняў, павінен быць даступны. Каб зь ім можна было зьвязвацца, нешта абмяркоўваць, плянаваць. Сапраўды, як кантактаваць з Лукашэнкам?

— Гэта тычыцца ня толькі Лукашэнкі. Я, прыкладам, міністру спорту таксама шмат разоў пісаў — і аднаму, і другому, і трэцяму, колькі іх там ужо памянялася. У лепшым выпадку адказ такі: дарэмна турбуецеся, Рэнальд Іванавіч, у нас на Алімпійскіх гульнях столькі і столькі залатых мэдалёў, столькі срэбных, столькі бронзавых. Вось узяць апошнюю зімовую Алімпіяду 2014 году. Эўфарыя, куча захапленьня: у нас пяць залатых узнагародаў — тры ў Домрачавай, дзьве ў фрыстайле. А калі ўнікнуць у справу, то Домрачава — яна ж не зусім беларуская. Дакладней, беларуска, але ж ад чатырох гадоў расла, трэніравалася ў Расеі, у Сыбіры. Яна і цяпер тут практычна не рыхтуецца, трэнэры ня раяць. Гэта раз. Другое: Кушнір, Цупер — украінцы.

84 гады — не перашкода для добрай формы
84 гады — не перашкода для добрай формы

Мала таго: Казека, які аднаасобна адкрыў беларусам фрыстайл і якога незаслужана, мне падаецца, замоўчваюць, сабраў каманду на ўласным энтузіязьме. Дзякуючы яму, а ня нейкаму чыноўніку, стварылі інфраструктуру — ён усё сам прабіваў. Надзвычай таленавіты чалавек у гэтым сэнсе, а як аддзячылі? Ягоным выхаванцам далі нейкія званьні, Домрачавай прысвоілі ажно Героя Беларусі, а яму? Разумееце, гэта ж да якой ступені прыніжэньне! Не было б Казекі — і блізка не дасягнулі б тых вынікаў, увогуле гэтага віду не было б. І яшчэ: на зімовых гульнях 16 відаў спорту, Беларусь паўнавартасна ўдзельнічала ў двух. Астатнія 14 — абсалютна мёртвыя. Пра гэта ж маўчаць, вось у чым трагедыя. Толькі ў рапартах пішуць, што ў нас усё добра, выдатна, цудоўна, пяць залатых алімпійскіх мэдалёў.

— Вам аддзячылі ня лепш, калі мераць алімпійскімі мэдалямі. У кнізе, гаворачы пра сваю вучаніцу Вольгу Корбут, як падаецца, не бяз крыўды пішаце: «Калі зацягнуў яе на самую высокую вяршыню спорту, то аказаўся толькі выпадковым прыхвасьнем да яе...».

— Так, ты ніхто, пабочны прадукт, бясплатны дадатак. Нават калі езьдзілі па замежжах, бывалі ў розных краінах, дзе сустракаліся з прэзыдэнтамі ды іншымі высокімі чыноўнікамі, то прымалі не мяне — яе, я быў дзесьці з боку прыпёку. Да яе кідаліся сотні карэспандэнтаў, а я падпіраў сьцяну. Часам адзін-другі падыходзіў, пыталіся толькі адно: як вам удалося знайсьці такі самародак? Не зрабіць, не зьляпіць, а знайсьці. І так абсалютна ўсюды, такое вось разуменьне ролі трэнэра. Яна заваявала тры залатыя мэдалі, прагрымела на ўвесь сьвет, была прызнаная лепшым спартоўцам сьвету 1972 году ва ўсіх відах спорту. Звычайна трэнэры, калі іх вучні заваёўваюць мэдалі, разам зь імі атрымліваюць дзяржаўныя ўзнагароды, ордэны. Мне не далі. А навошта яму даваць? Гэта ж ён проста знайшоў, а ўсё астатняе яна зрабіла сама. На трох Алімпіядах былі мае вучаніцы, якія прывозілі залатыя мэдалі — першая Валчэцкая і два разы Корбут. Усім далі ўзнагароды, я ніводнай за гэты час не атрымаў. Вось такое стаўленьне да трэнэра.

Горадня вітае алімпійскую трыюмфатарку Вольгу Корбут
Горадня вітае алімпійскую трыюмфатарку Вольгу Корбут

— Рэнальд Іванавіч, не сумняюся, што была магчымасьць зьехаць у іншую краіну, дзе ваш талент быў бы запатрабаваны ў большай ступені. Ці, можа, гэта было б расцэнена як здрада радзіме?

— Сапраўды, шмат было розных эмісараў: прыяжджалі, запрашалі, пагаджаліся фактычна на любыя мае ўмовы. Нават прапаноўвалі застацца, калі выступалі за мяжой, у любых гарадах — і ў Амэрыцы, і ў Эўропе, і ў Азіі, нават у Аўстраліі і Новай Зэляндыі. Практычна ўсюды. Абяцалі адразу ж і кватэру, і вялікі заробак, і яшчэ шмат чаго...

— Дык чаму не пагадзіліся на такія прапановы?

— Справа ў тым, што мяне зусім не цікавіў матэрыяльны складнік. Дый як усё кінуць? Я тут да ўсяго прызвычаіўся, гэта мая радзіма, мой край. А паехаць да кагосьці, у незнаёмую краіну? Там жа чужая мова, чужыя норавы. Гэта першае. Па-другое, я ўсё роўна лічыў сябе паэтам больш, чым трэнэрам. Думаю, зараз дараблю справу, кіну спорт і зноў пачну займацца літаратурнай дзейнасьцю. Але калі ў сярэдзіне 1970-х адышоў ад спорту і вярнуўся да пісаньня, раптам адчуў: на жаль, ужо ня тое, што было ў юнацкія гады. У мяне тады так лёгка ўсё ішло, проста лілося. Але найбольш плённы час прапусьціў, страціў свой шанец. Тады яшчэ кампутараў не было, людзі займаліся літаратурай, было цікава. Гэта цяпер чытво, літаратура ўсім да лямпачкі, а ў 1950–60-х яна была ў модзе, народ выяўляў інтарэс. І каб тады пачаў выступаць у ролі паэта, я б прагрымеў. Нясьціпла, але амаль не сумняюся. Замест гэтага некага выводзіў у знакамітасьці.

Незапатрабаваны бэстсэлер: занадта сьмела?
Незапатрабаваны бэстсэлер: занадта сьмела?

— Зарабіць пісьменьніцтвам і тады, і цяпер — збольшага лятарэя. А спорт усё ж дазволіў займець нейкі капітал...

— На капітал я — абсалютна нуль увагі, мяне гэта зусім не турбавала. Вядома, нешта перападала, але самыя выбітныя вынікі, наадварот, паказваў тады, калі нічога ня меў. Нішто не адцягвала ўвагі, разумееце? Каб дабіцца выніку, трэба вельмі шмат абдумваць, плянаваць, мадэляваць. Працаваць пераважна з адным чалавекам — усё для яго, на іншых проста нешта абкатваць. А дзеля таго каб быў, як вы кажаце, капітал, трэба мець групу. Нават дзьве групы, а то і больш. Бо камісія прыяжджае — у вас не хапае людзей, зьняць стаўку. Адзін час я меў нават дзьве стаўкі, потым паўтары. А ўжо калі трэніраваў Корбут, дык увогуле перавялі на адну. Хоць на той момант ужо быў заслужаным трэнэрам СССР, Валчэцкая ў мяне стала чэмпіёнкай Алімпійскіх гульняў. Карацей, пакуль рыхтаваў Корбут, гады тры на адной стаўцы сяк-так перабіваўся. Для заробку патрэбна напаўненьне групаў, прыход і сыход трэнэра па гадзінах, як на заводзе. Пакамандаваў — пайшоў дадому. Але і атрымліваць будзеш нашмат больш, чым калі працуеш на вынік. Гэта безумоўна.

Чэмпіёнскі куток у гарадзенскай кватэры
Чэмпіёнскі куток у гарадзенскай кватэры

— Даводзіцца цярпець за праўду-матку? Выглядае, ніхто асабліва зь людзей спорту не падтрымлівае вас ні фізычна, ні маральна...

— Я калі выдаў кніжку «Як рабіць алімпійскіх чэмпіёнаў», з Растова-на-Доне тэлефануе трэнэр Растароцкі, крычыць: «Што ты зрабіў, ты ня трэнэр, ты здраднік!». Прыблізна тое ж казала і маё начальства: вось вы ўвесь час прэтэнзіі выказваеце, больш ніхто такога ня кажа. Зьбярыце 5–10 трэнэраў, групу таварышаў, якія пацьвердзяць вашы словы. А то атрымліваецца, што вы адзін несяце нейкую лухту. Іншых спытаюць — ды глупства, Кныш усё прыдумляе. Справа ў тым, што некаторым чым горш, тым лепш. Таму што навучыўся слухаць толькі тое, што напісана, мазгі ўключыць ня хочуць. А мэтадычкі звычайна пішуць аўтары, якія ў спорце ні бум-бум, проста распытваюць тых жа алімпійцаў: як вас трэніравалі, у чым сакрэт перамогі і г.д. І тыя расказваюць так, каб зьбіць з толку, каб ня выдаць свае сакрэты. А тую пісаніну потым бяруць за аснову і выкладаюць ва Ўнівэрсытэце фізкультуры. Атрымліваецца фальш.

Вазьміце такую рэч. Выступаюць на нарадах, па тэлевізары — неабходна патрабаваць з вучня, неабходна прымушаць, неабходна выхоўваць. Але ж даўно вядома: нявольніцкая праца неэфэктыўная. Толькі чалавек у адухоўленым стане становіцца геніяльным. Гэта ж элемэнтарна. Значыць, трэба рабіць геніяльным свайго вучня, трэба хваліць яго, натхняць і г.д. Я менавіта гэта і рабіў, гэтую ісьціну перадаў і Выдрыцкаму, трэнэру шасьціразовага алімпійскага чэмпіёна Шчэрбы. Ён, між іншым, з Ваўкавыску, уваходзіў у склад зборнай вобласьці, і як былі якія пытаньні, адмыслова прыяжджаў да мяне ў Горадню, каб пагаварыць, параіцца. Гэта правільна: дастаткова зразумець некалькі простых рэчаў, і справа пойдзе. Найпершая ісьціна — ні ў якім выпадку не прыніжаць сваіх вучняў, ня лаяцца на іх. Толькі хваліць, толькі паказваць, што вы іх паважаеце, любіце, гаварыць, што яны самыя таленавітыя, што ўсё могуць, толькі трэба крыху пастарацца. І яны абавязкова высока ўздымуцца.

Першая гарадзенская алімпійская чэмпіёнка Алена Валчэцкая
Першая гарадзенская алімпійская чэмпіёнка Алена Валчэцкая

— Я правільна разумею, што ад пачатку 1990-х, ад атрыманьня краінай незалежнасьці, спартовыя чыноўнікі ніводнага разу да вас не зьвярнуліся, не папрасілі дапамогі, парады?

— Ды не, што вы! Я колькі пісаў, колькі гаварыў, ніякай адваротнай сувязі. Дый ад каго яе чакаць? У кіраўніцтве фэдэрацыі гімнастыкі ўжо шмат гадоў алімпійская чэмпіёнка Антаніна Кошаль. Яе трэнэр Хамутоў (ужо нябожчык) шмат са мной адносна яе размаўляў, мы сустракаліся, я даводзіў, як лепш паставіць працэс, каб найлепш падрыхтавацца. Але я дагэтуль ня ведаю, што лепш спрацавала, бо ён ня грэбаваў і іншай тактыкай, якую практыкаваў яшчэ раней: перад спаборніцтвамі прыходзіў да судзьдзяў і раздаваў падарункі. З начальствам тое ж самае — заўсёды ведаў, зь якога боку падысьці. Аднаму дасьць, другому, трэцяму. Памятаю, жылі зь ім у Маскве на зборах у адным нумары. Прывозіць два вялізныя чамаданы, забітыя гомельскім шакалядам зь нейкай там наліўкай. І перад спаборніцтвамі ўсіх абыходзіць, частуе. Тым самым намякае, што ў яго такая і такая спартоўка, каб не забыліся. І ёй судзьдзі завышалі ацэнкі.

Такім чынам яна трапіла ў зборную каманду СССР і выступала на Алімпійскіх гульнях 1972 году, стала чэмпіёнкай, як і Корбут. Праўда, толькі ў камандных спаборніцтвах, індывідуальнага заліку нідзе не дала. Тады з шасьці зборніц тры былі беларускі. Таксама выступала віцяблянка Лазаковіч, трэнэра якой Дзьмітрыева я падштурхнуў у жаночую гімнастыку. Вось яна давала залік і стала прызэрам, Кошаль — не. Але гэта не перашкаджае ёй гадоў 30 займаць пасаду намесьніцы ў фэдэрацыі. Хоць мэта ў яе ўсе гады адна і тая ж — каб пасьля яе алімпійскіх чэмпіёнак не было. Вось яна — гераіня, а іншыя абыдуцца. Ва ўсіх відах спорту прыкладна такая ж сытуацыя: як толькі трапляюць алімпійскія чэмпіёны на кіраўніцтва сваімі відамі, вынікаў амаль няма.

— Выходзіць, правільна Лукашэнка робіць, прызначаючы кіраваць фэдэрацыямі чыноўнікаў ды сілавікоў? Нібыта яны не зацікаўленыя вырашаць нейкія свае інтарэсы.

— Так, але тыя міністры, сілавікі таксама нічога не разумеюць. А патрэбныя людзі, якія разумеюць спорт, хварэюць за яго. Трэнэраў трэба ставіць — тых, якія давалі вынікі. Але таксама ня самай высокай вартасьці. Бо калі гэта трэнэр алімпійскага чэмпіёна, то ў яго няма асаблівага імпэту, каб іншыя пасунулі яго з Алімпу. Гэта я такі, што гатовы дзяліцца ўсім і з кім заўгодна, а шмат хто надзвычай заклапочаны сваёй непаўторнасьцю.

Тамара Аляксеева, вучаніца і будучая жонка Рэнальда Кныша
Тамара Аляксеева, вучаніца і будучая жонка Рэнальда Кныша

— У вашым выпадку ці заўсёды вынік апраўдваў укладзеныя высілкі?

— Мяне ніколі ня бралі на зборы, а маіх дзяўчат там зьнішчалі як толькі маглі. Прымацоўвалі да трэнэра, у якога і так была свая вучаніца. Ён мусіў выбіраць. Зразумела, ён выбера сваю. Каб паказаць, што яна лепшая, чужую трэба як мага хутчэй сапсаваць. А псуюцца спартоўцы зусім проста, цягам тыдня-двух. Ня кажучы пра чатыры месяцы перад Алімпійскімі гульнямі. Якраз калі ішла прыкідка перад паездкай у Токіё, «паламалі» маю Аляксееву. Пачалі перавучваць: ой, шмат часу ідзе на разьбег, трэба крыху выкінуць. Яна паверыла. А гэтага і не хапіла, больш за бал зьнялі. Ішла на першым месцы, а на апошнім снарадзе раз — і здымаюць. І прайграла тым, хто ішоў за ёй. Тым жа вечарам са збораў выгналі. Вось такія подласьці творацца, разумееце? На Алімпіяду, само сабой, не ўзялі.

Празь месяцы два зноў выклікалі, у Кіеў. Давалі такія нагрузкі, што надарвалі ахіл. Зрабілі ўкол — пачалося заражэньне крыві, страціла прытомнасьць, увайшла ў кому. Тэлефануюць: прыяжджайце, забірайце, вось-вось памрэ. Зрываюся, лячу, ляжыць без прыкметаў жыцьця. Аказалася, што ўжо два тыдні была без прытомнасьці, хавалі. І як ня верыць у цуд! Нейкім чынам усё ж ачомалася! Відаць, калі вучань сапраўды адданы трэнэру, адчувае яго на ўзроўні нават не фізычным, а духоўным. Асабліва гэта тычыцца дзяўчат, якія ў бальшыні выпадкаў закохваюцца ў трэнэра да шаленства. Вядома, калі правільна сябе паводзіш — не камандуеш імі, а пераконваеш, натхняеш, хваліш. І Тамара ачуняла. Доўга пакутавала з нагой, хадзіла на мыліцах. На гімнастыцы, зразумела, можна было ставіць крыж. Думаю: ну куды ж ёй дзявацца? Зраблю яе сваёй жонкай (сьмяецца). Вось так і стала маёй паловай. У нас ёсьць дачка, жыве ў Новай Зэляндыі, ужо 17 гадоў унучцы.

Рэнальд Кныш дома ў Горадні
Рэнальд Кныш дома ў Горадні

Рэнальд Кныш нарадзіўся ў 1931 годзе ў мястэчку Капыль на Меншчыне, у 1937-м сям’я пераяжджае пад Жлобін. З пачаткам вайны — эвакуацыя ў пасёлак Лапаз тагачаснай Чкалаўскай вобласьці. У 1944-м — вяртаньне ў Беларусь і пераезд у Горадню, куды бацьку накіравалі загадчыкам аддзелу адукацыі. У 1950-м скончыў СШ № 1 і паступіў на фізыка-матэматычны факультэт мясцовага пэдынстытуту, праз год перавёўся ў Менскі інстытут фізкультуры. Ад 1953-га — трэнэр па спартыўнай гімнастыцы ў гарадзенскай ДСШ № 3. Яго вучаніцы заваявалі пяць залатых мэдалёў Алімпіядаў: Алена Ваўчэцкая стала першай гарадзенскай алімпійскай чэмпіёнкай, а Вольга Корбут — першай жанчынай СССР з тытулам «Лепшая спартоўка сьвету». Заслужаны трэнэр БССР і СССР. Выдаў шэраг паэтычных зборнікаў і вершаваных раманаў, аўтар дапаможнікаў «Як рабіць алімпійскіх чэмпіёнаў», «У цені спорту» і г.д.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG