Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская партыя выпусьціла выбарчыя ўлёткі па-беларуску


Падляскія сябры партыі Разам выдалі ўлёткі на польскай і беларускай мовах. Гэта адзіны камітэт, які ў выбарчай кампаніі выкарыстаў у сваіх матэрыялах беларускую мову, піша Радыё Рацыя.

«Эміграцыя моладзі, беспрацоўе і адсутнасьць уласнага жытла зьяўляюцца праблемамі жыхароў Падляшша польскага, беларускага, украінскага ды іншага паходжаньня,» — пішуць у сваёй улётцы сябры партыі Разам.

Паводле кандыдата ў Сэйм Сэвэрына Пракапюка, выкарыстаньне на ўлётках беларускай мовы — гэта сымбалічны жэст:

«Мы ўсьведамляем, што падляскія беларусы ўмеюць чытаць па-польску. Пішам, каб дапамагчы ў захаваньні мовы, захаваньні традыцый, захаваньні культуры. Таксама для нас вельмі важна, каб гэта не было ўспрынята, як танны выбарчы ход. Мы вельмі доўга кансультаваліся з асяродзьдзем, зь дзеячамі, зь беларусамі, пакуль усе не сказалі: „Рабіце, спрабуйце. Чаму не?“ Так мы і зрабілі».

Сярод кандыдатаў партыі Разам ёсьць асобы, якія дэкляруюць сваю сувязь зь беларускай меншасьцю на Падляшшы, сярод якіх настаўнік Сэвэрын Пракапюк і журналіст Міхал Іванюк. Выбары ў польскі парлямэнт адбудуцца 25 кастрычніка.

XS
SM
MD
LG