Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцаў з МДУ абавязалі паказваць свае працы ФСБ перад публікацыяй


Навукоўцаў з Інстытуту фізыка-хімічнай біялёгіі МДУ абавязалі паказваць ФСБ свае працы перад іх публікацыяй. Пра гэта піша часопіс Nature са спасылкай на пратакол пасяджэньня ў гэтым інстытуце, якое адбылося 5 кастрычніка.

«Памятайце, што цяперашнія правілы абавязваюць навукоўцаў атрымліваць дазвол на публікацыю любога артыкулу, выступ на канфэрэнцыі або прэзэнтацыю», — гаворыцца ў пратаколе. Гэта тычыцца любых канфэрэнцый і артыкулаў, як падрыхтаваных для публікацыі ў Расіі, так і за мяжой. Як адзначае Nature, у стэнаграме пасяджэньня гаворыцца, што навукоўцы павінны атрымліваць дазвол, нягледзячы «на відавочную абсурднасьць сытуацыі».

Дырэктар Інстытуту фізыка-хімічнай біялёгіі МДУ Уладзімір Скулачоў адмовіўся адказаць на пытаньне часопіса адносна новых абавязкаў навукоўцаў.

Навуковы супрацоўнік Інстытуту геаграфіі РАН Вячаслаў Шупер распавёў, што падобныя правілы дзейнічаюць і ў іншых навуковых установах у Расеі. Паводле яго, атрымліваць дазвол на публікацыю павінны і географы ў МДУ.

Як напісаў Шупер у нумары газеты «Троицкий вариант» ад 20 кастрычніка, навукоўцы аднаго з інстытутаў Уральскага аддзяленьня РАН скардзяцца на тое, што ім даводзіцца перакладаць на расейскую свае працы спэцыяльна для праверкі. Географ падкрэсьліў, што такія правілы папярэдняй праверкі артыкулаў на наяўнасьць сакрэтных зьвестак дзейнічалі ў СССР.

Nature піша, што новыя правілы былі ўведзеныя пасьля таго, як у траўні 2015 году прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін зьмяніў сьпіс зьвестак, якія адносяцца да дзяржаўнай таямніцы.

«Пуцін пашырыў дзеяньне закону на любыя навуковыя пошукі, якія могуць быць выкарыстаны для, як туманна гаворыцца ў дакумэнце, „новых прадуктаў“», — гаворыцца ў артыкуле Nature.

У сапраўднасьці, у падпісаным Пуціным у траўні ўказе нічога падобнага няма. Але ў 2006 годзе Уладзімір Пуцін, які тады таксама быў прэзыдэнтам, зрабіў дзяржаўнай таямніцай «Зьвесткі аб дасягненьнях навукі і тэхнікі, аб тэхналёгіях, якія могуць быць выкарыстаны ў стварэньні прынцыпова новых вырабаў, тэхналягічных працэсаў у розных галінах эканомікі». Падобная фармулёўка была і ў зыходнай вэрсіі закону, прынятага ў 1995 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG